Прывітаньне з 60-х ад Вольскага і кампаніі

Музычна-візуальны праект «Такога няма нідзе», у межах якога вядомыя беларускія музыкі і акторы выканалі кампазыцыі, напісаныя Лявонам Вольскім у стылістыцы 60-х, рыхтаваўся больш за год і нядаўна нарэшце пабачыў сьвет у выглядзе цэлага пакету з двух дыскаў і мінігісторыі аб вандроўках па Парыжу і Лос-Анджэлесу тых часоў. На камэрнай вечарыне, прысьвечанай яго прэзэнтацыі, музыкі выканалі некалькі ўласных кампазыцый, а канчатковае паглыбленьне ў «кіслотнае дзесяцігодзьдзе» адклалі да вясны.

«Праект у стылі 60-х» — пад такой працоўнай назвай доўгі час лунаў над беларускім шоў-бізам вынік супрацы кліпмэйкера Мацея Сабурава, прадусаркі Ганны Вольскай, кампазытара і паэта Лявона Вольскага і больш чым дзесятка актораў і музыкаў. Яшчэ ў канцы 2008-га відэа, зьнятае на кампазыцыі з «Такога няма нідзе», выйшла на Белсаце. Шоў было прасякнутае атмасфэрай 60-х — часу нараджэньня сучаснай музыкі, рамантыкі студэнцкіх рухаў і хіпарскіх тусьнякоў. Цяпер поўная вэрсія праекту дабралася і да слухачоў.

«Кампазыцыі з дыску — рэч лёгкая, ненапружваючая. Бо гэты праект сьвяточны, і рабіўся ён да сьвята», — раскрывае канцэпцыю «Такога няма нідзе» Лявон Вольскі.

У час падрыхтоўкі матэрыялу для праекту Вольскі зьвярнуўся ў першую палову 60-х, часы «да сэржанта Пэпера», калі «музыкі яшчэ не рабілі мастацтва».

Аднаўляць атмасфэру «дамастацкіх» 60-х узяліся даволі розныя выканаўцы: ад Уладзіміра Пучага з J:Морс да Паўла Булатнікава зь «Ляпіса Трубяцкога». Некаторыя зь іх выйшлі і гэтым разам на сцэну, каб акустычна выканаць шэраг кампазыцый з праекту пад акампанэмэнт гітарыста Паўла Трацяка.

Вольскі + Пугач = «Патрыятызм і музыка»

Пугач, які ў дуэце з Вольскім запісаў загалоўную кампазыцыю «Такога няма нідзе» (пра масты над Бугам, пусты дом над Прыпяцьцю і ліхтары над Сьвіслаччу), называе праект «нетыповым для сябе». Але песьню, якую выконваў, паважае за «глыбіню і простасьць».

Кампазыцыя «Такога няма нідзе» — «правільная форма суіснаваньня патрыятызму і музыкі», — лічыць Пугач.

Высьветлілася, што працэс здымак відэа, якое таксама выйшла цяпер як частка праекту, быў спалучаны для вакаліста J:Морс з пэўнай небясьпекаю:

«Калі мы здымалі кліп, так атрымалася, што здымачная пляцоўка і грымёрка знаходзіліся ў некалькіх кварталах адна ад адной. І калі я і Лявон з грымёркі, у парыках і грыме, перасоўваліся на пляцоўку, узьнікалі такія думкі: «Калі зараз нас спыніць ДАІшнік, і мы выйдзем з машыны ў грыме і парыках, то ён, напэўна, атрымае шмат новай інфармацыі».

На прэзэнтацыі Пугач прызнаўся ў любові да палескіх песень, якія «зьбірае ўсьлед за Іванам Кірчуком» (лідэрам этна-трыо «Троіца»), і нават наважыўся прасьпяваць нешта з сабранага, але ў самы адказны момант перадумаў і пераключыўся на добравядомую кампазыцыю «Адліга».

Цэсьлера на вокладку

Адной з галоўных праблем у час падрыхтоўкі праекту, па словах Вольскага, стала адсутнасьць людзей, якія памяталі час 60-х. Напрыклад, даволі цяжка было падабраць адпаведны дызайн для дыску:

«Можа б Цэсьлер і намаляваў бы што-небудзь адпаведна 60-м, але калі ты не нарадзіўся ў тыя часы, нешта адпаведнае стварыць даволі цяжка», — кажа Лявон Вольскі, які ў выніку сам зрабіў малюнкі для вокладкі.

Хаця пытаньняў адносна галоўных трэндаў тых часоў у Вольскага ня ўзьнікла:

«Free love — рэч вельмі актуальная, калі табе 20 гадоў. Але мяне больш натхняюць лёзунгі часоў парыскай студэнцкай рэвалюцыі».

Апагеем паглыбленьня Лявона Вольскага і кампаніі ў атмасфэру 60-х стане глямурная прэзэнтацыя праекту з дрэскодам і адпаведным антуражам, якая пройдзе ў Менску ў красавіку. Да яе ўжо анансаваныя кавэры на Джэніс Джоплін і Джымі Морысана і іншыя «праграмныя песьні», якія можна будзе пачуць у выкананьні ўдзельнікаў праекту.

Фотарэпартаж зь «Цёплай сустрэчы ў марозны вечар»


Нефармальная вечарына пачалася з падзякаў ад Лявона Вольскага камандзе стваральнікаў праекту. Сьпіс доўгі, таму давялося зачытваць :)


У праекце было задзейнічана 16 выканаўцаў. Нягледзячы на тое, што ня ўсе прысутнічалі на прэзэнтацыі, зьмясьціцца на імправізаваную сцэну вядомым музыкам было цяжка.


Руся выканала некалькі песень з рэпэртуару Akana-NHS.


У праеце 11 відэакліпаў, але яшчэ адна песьня - «Дай мне знак» - праходзіць як бонус. І ў межах вечарыны прайшла яе прэзэнтацыя.


Уладзімір Пугач выканаў зь Лявонам песьню «Такога няма нідзе», але натхніўся і засьпяваў пасьля яшчэ джэйморсаўскую «Адлігу».


Алег Гарбуз шчыраваў жартамі.


Алег Хаменка выканаў некалькі гітоў «Палацу».


Вечар працягнуўся нефармальнымі сьпевамі і праглядам музычнага тэлеспэктаклю «Аднойчы ў Барахляндыі».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0623 seconds.