У Сеціва выкладзены дуэт Лявона Вольскага і Ўладзіміра Пугача з праекту ў стылістыцы 50-70-х

Патрыятычны дуэт прысьвечаны рэкам і азёрам Беларусі. Запісаная песьня ў межах анансаванага раней супольнага музычнага рэтра-праекту ў стылістыцы 60-х, рэліз якога на дысках адбудзецца ў лютым.

Лявон Вольскі і Ўладзімір Пугач у праекце 60-х

Песьня завецца «Такога няма нідзе». Напісаў яе, як і астатнія кампазыцыі праекту, Лявон Вольскі.

«Наагул дыск атрымаўся вельмі несур’ёзны, — тлумачыць аўтар. — Гэта альбом стылізацый. На ім ёсьць Фрэнк Сінатра і Эдыт Піаф, кітайскія матывы і некалькі рок-н-ролаў. А песьня з Валодзей Пугачам — гэта такі рамантычна-патрыятычны беларускі варыянт Beatles».

Кампазыцыя прысьвечана любві да беларускіх азёраў і рэк, прычым у тэксьце згадана шмат назваў — ад Нёмана да Ясельды, ад Нарачы да Сьвіцязі.

«Ідэя запісаць нешта з Пугачам была даволі даўно, але не было песьні, — гаворыць Вольскі. — А тутака ўсё неяк адразу атрымалася на сто працэнтаў — і з музычнага боку, і нават, так мовіць, з ідэалягічнага. Валодзя нарадзіўся і вырас на Палесьсі ды яшчэ зьяўляецца вядомым аматарам адпачынку на Блакітных азёрах».

Уладзімір Пугач пагадзіўся на дуэт без ваганьняў.

«Перш за ўсё таму, што гэта прыгожая песьня, — прызнаецца ён. — Яна складзена з простых слоў і простых эмоцый. Яе можна назваць патрыятычнай, але гэты патрыятызм не агрэсіўны і надуманы, як гэта часьцяком бывае. Ён вельмі жыцьцёвы і чалавечны. Мне гэта вельмі спадабалася».

Спампаваць песьню можна па спасылцы.

Сярод іншых удзельнікаў рэтра-праекту Павал Булатнікаў («Ляпис Трубецкой»), Віталік Артыст («Без билета»), Ганна Хітрык («ДетиДетей»), акторы Алег Гарбуз, Сьвятлана Зелянкоўская ды інш.

Глядзіце на Generation.bY таксама фотарэпартажы са здымкаў кліпаў да рэтра-праекту:

Фотарэпартаж са здымак кліпаў да 11 песень з новага музычнага праекту ў стылі 60-х

60-я inside: атмасфэра ў часе здымкаў кліпаў да новага музычнага праекту ў стылі 60-х

Паводле прэс-рэлізу

tarka 12:05, 14/01/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.