Новы год не пусьцілі ў парлямэнт

«Грамадзкасьць Беларусі занепакоеная магчымымі арыштамі Дзядоў Марозаў, Сьнягурак, хлопчыкаў-зайчыкаў і дзяўчынак-сьняжынак», — гаворыцца ў заяве, якую сьнягуркі і навагоднія зайцы паспрабавалі перадаць парлямэнтарыям. Навагоднія пэрсанажы працягваюць змаганьне за адмену артыкулу 193.1 Крымінальнага кодэксу.

 

Першапачаткова плянавалася, што 14 Сьнягурак, 5 навагодніх зайцоў і адзін дэлегаваны прадстаўнік дзедамарозаўскага руху зарэгіструюць у законным парадку заяву да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. Сьнягурак і іх спадарожнікаў-зайцаў да ўдзелу ў гэпэнінгу падштурхнула пагроза арышту Дзядоў Марозаў.


У лістападзе Дзяды Марозы прасілі Генэральную пракуратуру даць прававую ацэнку іхняй нелегальнай дзейнасьці

Як вядома, дэпутаты сышлі на вакацыі, нават ня ўзьняўшы пытаньня аб скасаваньні артыкула 193.1 Крымінальнага кодэксу. Хоць абяцаньні аб магчымай адмене крымінальнай адказнасьці за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі гучалі неаднаразова. Гэта значыць, што Дзяды Марозы як сябры незарэгістраванай Мін’юстам арганізацыі могуць трапіць за краты. А бязь іх, як вядома, Новы год можа й не пачацца.

Аднак на падыходзе да будынку парлямэнту група невядомых у цывільным перашкодзіла ўдзельнікам гэпэнінгу. У выніку ў Дом ураду прарвалася адзіная Сьнягурка і два праваабаронцы.

 

Прадстаўнічцы Сьнягурак Алёне Валынец зарэгістраваць заяву не дазволілі. Сьнягурка была вымушаная кінуць дакумэнт у паштовую скрыню ў будынку парлямэнту.

Між тым, першыя трывожныя сыгналы адносна забароны дзедамарозаўскай справы днямі паступілі зь Віцебску, дзе гарадзкія ўлады забаранілі тамтэйшаму прадстаўніку БХК і па сумяшчальніцтву Дзеду Марозу Паўлу Левінаву раздаваць падарункі напярэдадні Новага году.

У заяве, падрыхтаванай Сьнягуркамі пры сааўтарстве зайцоў, адзначалася: «У сувязі з надыходам Калядаў і Новага Году грамадзкасьць Беларусі занепакоеная магчымымі арыштамі Дзядоў Марозаў, Сьнягурак, хлопчыкаў-зайчыкаў і дзяўчынак-сьняжынак, у зьвязку з тым, што супольная дзейнасьць грамадзянаў па арганізацыі сьвяткаваньняў можа разглядацца праваахоўнымі органамі як злачынства, прадугледжанае артыкулам 193.1 Крымінальнага кодэксу «Незаконныя арганізацыя дзейнасьці грамадзкага аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі альбо фонду ці ўдзел у іх дзейнасьці».

Акцыя адбылася ў межах кампаніі «Стоп 193.1!», ініцыяванай Асамблеяй НДА Беларусі. Нагадаем, за 4 гады паводле артыкулу «Незаконная арганізацыя дзейнасьці аб’яднаньня, рэлігійнай арганізацыі ці фонда, альбо ўдзел у іх дзейнасьці» ўжо былі асуджаныя 17 чалавек.

 

У лістападзе Генэральная пракуратура не зразумела гумару Дзядоў Марозаў, якія прасілі даць прававую ацэнку іхняй нелегальнай дзейнасьці. У афіцыйным адказе органу нагляду паведамлялася: у выпадку выяўленьня зьвестак аб сыстэматычным удзеле ў незарэгістраванай арганізацыі, група Дзядоў Марозаў будзе прыцягнутая да адказнасьці.

Сьнягурка Алёна Валынец сьцьвярджае, што, нягледзячы на ўсе заканадаўчыя абмежаваньні, сьветлая місія Дзядоў Марозаў будзе працягвацца.

Фота belngo.info

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0614 seconds.