Microsoft дапаможа беларускім няўрадавым арганізацыям

Microsoft Belarus

Пасьля скандалу з палітычнымі судовымі працэсамі ў Расеі, якія выстаўляліся як частка барацьбы зь пірацтвам, буйнейшы вытворца праграмнага забесьпячэньня вырашыў дапамагчы няўрадавым арганізацыям у тых краінах, дзе існуюць праблемы з дэмакратыяй. Цяпер беларускія няўрадавыя арганізацыі і СМІ могуць атрымаць бясплатную ліцэнзію на карыстаньне большасьцю прадуктаў кампаніі.

Палітычныя піраты з Расеі

Апошнімі гадамі ў Расеі сталі вельмі папулярныя ператрусы і канфіскацыі кампутаровага абсталяваньня праваабаронцаў і апазыцыйных СМІ пад выглядам пошуку парушэньняў інтэлектуальнай уласнасьці. Прасьцей кажучы, апазыцыю сталі абвінавачваць у карыстаньні пірацкімі апэрацыйнымі сыстэмамі ды іншым ПЗ Microsoft.

Амэрыканская карпарацыя, якая шмат гадоў спрабуе перамагчы пірацтва ў многіх рэгіёнах сьвету, раней без асаблівых пакутаў згаджалася ўдзельнічаць у судовых працэсах, якія хутчэй былі выкліканыя палітычнымі, а не эканамічнымі прычынамі.

І вось газэта New York Times «раскрыла вочы» амэрыканскаму кампутароваму гіганту, надрукаваўшы артыкул аб такіх судовых працэсах у Расеі. Ужо на наступны дзень мэнэджмэнт кампаніі папрасіў прабачэньне ў пацярпелых і паабяцаў, што Microsoft болей ня будзе аказваць юрыдычную падтрымку «палітычна матываваным абвінавачваньням у пірацтве».

Microsoft зразумела, што яе іміджу нанесены ўдар. Кампанія нават вырашыла наняць каго-небудзь, хто б здолеў непрадузята дасьледаваць дзейнасьць расейскага філіялу Microsoft.

Як скарыстацца праграмай Microsoft?

Але галоўным вынікам скандалу стала тое, што карпарацыя абвясьціла аб заснаваньні адмысловай ліцэнзіі, якая дазволіць усім няўрадавым арганізацыям Расеі, Беларусі і некаторых іншых краін бясплатна карыстацца праграмамі Microsoft: аперацыйнымі сыстэмамі, пакетамі Microsoft Office і іншымі.

«У імкненьні прадухіліць выпадкі, калі няўрадавыя арганізацыі станавіліся ахвярамі ганебных дзеяньняў, якія робяцца пад маскай барацьбы зь пірацтвам, Microsoft распрацуе новую бясплатную ліцэнзію на праграмнае забесьпячэньне для няўрадавых арганізацый. Гэтая ліцэнзія стане гарантам таго, што яны выкарыстоўваюць бясплатныя легальныя копіі нашых прадуктаў», - заявіў галоўны юрыст Microsoft.

Ліцэнзія будзе дзейнічаць да канца 2011 году. А з 2012 беларускія няўрадавыя арганізацыі атрымаюць магчымасьць далучыцца да існай праграмы падтрымкі NGO, якая раней не распаўсюджвалася на нашу краіну. 

Для таго, каб стаць удзельнікам праграмы і атрымаць магчымасьць на легальнай аснове карыстацца прадуктамі Microsoft, NGO неабходна запоўніць заяўку на сайце праграмы. Арганізацыя абавязкова мусіць быць недзяржаўнай, мець на мэце выкананьне пералічаных мэтаў і быць здольнай пацьвердзіць свой статус.

Таксама на дапамогу Microsoft могуць разьлічваць лякальныя мэдыі, якія маюць ліцэнзіі, зьяўляюцца сябрамі мясцовых журналісцкіх арганізацый, ці прызнаныя міжнароднай супольнасьцю.

У Беларусі пакуль няма прадстаўніцтва Microsoft, таму для таго, каб далучыцца да праграмы NGO Legal Assistance Program неабходна кантактаваць з офісам кампаніі ў Кіеве.

Падрабязьней пра праграму.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0591 seconds.