Дзеці пачынаюць вучыць мову яшчэ ва ўлоньні маці

Ужо ў першыя дні жыцьця дзеці пачынаюць плакаць з нацыянальным «акцэнтам», а мову маці яны ўспрымаюць у час цяжарнасьці, кажуць вынікі дасьледаваньня, у час якога навукоўцы ўважліва прыслухоўваліся да плачу нованароджаных немцаў і французаў.

Раней ужо было вядома, што дзеці яшчэ ў час унутрывантробнага разьвіцьця ўспрымаюць і запамінаюць галасы і простыя музычныя мэлёдыі. Новае дасьледаваньне, праведзенае нямецкімі навукоўцамі, кажа, што навакольная мова нашмат больш уплывае на крыкі нованароджаных, чым лічылася дагэтуль.


 

Навукоўцы, якія вывучылі плач 60 маленькіх немцаў і французаў, высьветлілі, што ў залежнасьці ад матчынай мовы дзеці плачуць з адмысловымі інтанацыямі і рытмікай.

Так, нованароджаныя французы плачуць з рытмікай, якая зьмяняецца ад нізкіх значэньняў да высокіх. Маленькія немцы робяць наадварот. Такія адрозьненьні ў стылі паўтараюць асаблівасьці нямецкай і французскай моў.

Як адзначаюць навукоўцы, артыкул якіх быў апублікаваны ў часопісе Current Biology, маленькія дзеці могуць плакаць па-рознаму, але перавагу яны аддаюць менавіта плачу «на роднай мове», то бок мове маці.

Навукоўцы кажуць, што дасьледаваньне выявіла вялізны ўплыў, які аказвае на дзяцей мова, якую яны чуюць у час знаходжаньня ў лоне маці і яшчэ пацьвярджае, што плач нованароджаных ня што іншае як першыя спробы камунікацыі з людзьмі. Дзеці спрабуюць аднавіць фанэтычнае гучаньне мовы бацькоў для таго, каб прыцягнуць іх увагу.

Паводле Reuters. Фота RMF FM

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3442 seconds.