Тэст па вакацыях: «Ляпісы», «Крама» і «Нэйра Дзюбель» выступілі на адной сцэне

Ляпис Трубецкой

Працягам экспэрымэнту з рэінкарнацыяй даўняга фэсту «Рок па вакацыях» адбылася чарговая спроба зачыніць багаты на падзеі беларускі фэставы сэзон 2009. Даверылі гэту ганаровую справу абаронцам беларускага пралетарыяту і прапагандыстам правільнай сэксуальнай арыентацыі «Ляпісу Трубяцкому» ў сааўтарстве зь клясычна адрыўнымі «Крамай» і «Нэйра Дзюбелем».

Куды глядзіць Міністэрства адукацыі?

Хаця каго і як зачыняць, застаецца пад пытаньнем. Сэзон фэстаў цяпер больш нагадвае студэнта на сэсіі: іспытаў наперадзе яшчэ шмат, але кожны канцэрт — як апошні.

Першы «рок па вакацыях» адбыўся ў Менску 1 верасьня 1993 году і прайшоў тройчы, пасьля чаго быў адноўлены ў 2008 годзе. Усё пачыналася на пляцоўках цырку шапіто, які пазьней пакінуў сталіцу назаўсёды. Карацей, «цырк зьехаў, а клоўны засталіся», — як пажартаваў з гэтай нагоды вядучы фэсту Макс Івашын.

І ніякіх вакацый на самой справе няма. Проста ў арганізатараў была праблема з рэалізацыяй квіткоў на заплянаваны ў пачатку верасьня канцэрт: фармат аказаўся надта папулярным. Напрыканцы лета і ў пачатку восені, падавалася, толькі лянівы не спрабаваў зладзіць у Менску які канцэрцік. Калі ня рокавы, то хаця б «навальнічна-фэервэркавы». Таму «вакацыі» былі перанесеныя. Куды глядзіць Міністэрства адукацыі?

Авангардшкола

«Пад мостам мы больш ня граем»

У выніку абноўленая вэрсія «року па вакацыях» стала нагадваць прыём манаршых фамілій. Толькі Drum Ecstasy і «Авангардшкола» не маглі пахвастацца каралеўскім тытулам, які раздаецца ў беларускім року прыкладна столькі ж, колькі споўнілася вакацыйнаму фэсту сёлета.

Drum Ecstasy

Але ў энэрджайзераў нашай сцэны Drum Ecstasy справы і без розных тытулаў ідуць няблага:

«Пад мостам мы больш ня граем, — прызнаўся лідэр калектыву Філіп Чмыр, — бо не жадаем граць бясплатна, а пасьля яшчэ і трапіць на 25 сутак».

Такім чынам, на сцэне можна было пабачыць рок-каралёў-94 «Краму», рок-каралёў-08 «Ляпіса Трубяцкога» і двойчы рок-каралёў «Нэйра Дзюбель». Таму, калі б фэст ладзіўся любіцелямі разнастайных рэйтынгаў зь ліку рэдактараў часопісу «Rolling Stone», цяжка было б прыдумаць лепшую нагоду для высьвятленьня самага «каранутага» з усіх каралёў рок-сцэны краіны. Канешне, гэта вам ня «Топ-40 лепшых усіх часоў і народаў», дзе ўжо палова сьпісу пасьпела адправіцца на той сьвет. У нас каралі яшчэ жывыя і нават папісваюць вольнай часінай.

«Каралі — гэта назаўсёды»

Krama

«Крама», якая выканала некалькі сваіх клясычных гітоў, чарговы раз даказала, што «каралі — гэта назаўсёды». За імі на сцэну выйшлі «дзюбеля», якія, як на памяць і без запінкі выдала другая вядучая фэсту Іна Кашырына, «першую песьню напісалі ў 89-ым», і, падгледзеўшы ў паперкі, дадала: «яны былі каралямі два разы». «Neuro Dubel» прабегліся па ўсёй творчай спадчыне, што працягваюць пакідаць пасьля сябе, але толькі зь «Підарасаў» пад сцэнай пачаўся сапраўдны слэм.

Neuro Dubel

Але роля караля каралёў сёньня была адведзеная «Ляпісу Трубяцкому». З выхадам альбому «Маніфэст» атмасфэру, якая склалася вакол гурту, лепш за ўсё характарызуе слова «эўфарыя». Яны адну за другой атрымлівалі ўсе музычныя прэміі, а кожны іх канцэрт ператвараўся ў Падзею. Але апошняя плытка «Культпрасьвет», «у таяміцы запісаная», не атрымала такія ж адназначныя водгукі крытыкаў, як тое было з «Маніфэстам».

У любым выпадку, ўсе пытаньні, калі такія ў кагосьці яшчэ заставаліся, у наяўнасьці ў залі асоб блакітнай крыві, расьсеяліся разам з выхадам «Ляпісаў». Наконт блакіту я, магчыма, перабольшыў: лідэру гурта Сяргею Міхалку апошняя канатацыя можа прыйсьціся не даспадобы. І «Pidar» замест «Freedom» яму чуецца, і адэптаў «лютэранства, пратэстантызму і іншых сэксуальных канфэсій» ён уласнымі кампазыцыямі паставіць на «верны шлях» спрабуе.

Ляпис Трубецкой

Міхалок быў як заўжды па-пралетарску актуальным і злабадзённым: зарыфмаваць «перапіс» пакуль яшчэ не атрымалася, затое з цытатамі Купалы ўсё добра.

«Душой я вольны чалавек, І гэткім буду цэлы век!» — прадэкламаваў клясыка на радасьць публіцы лідэр «каўбояў Парнасу». Хаця, калі ўжо і шукаць боскія аналёгія, то ў выпадку «Ляпісаў» найбольш па іміджу блізкі ім застаецца спадар Шыва. Праўда, лікаў яны пакуль маюць збольшага толькі два: да капіталу-маніфэсту, і пасьля.

«Магутнасьць увасобілася ў творчым экстазе», — думаеце ня будзе такіх загалоўкаў у «Советской Белоруссии» пасьля канцэрту?» — напрарочыў Міхалок. Што ж, чакаем і верым ў непераможную сілу вакацый, якія немінуча надыдуць.

Дарэчы, «Belarus Freedom» у выніку прасьпявалі «на біс», пасьля чаго разам з абрэзанай вэрсія «Сьветлячкоў» «Ляпісы» адкланяліся. Дарэмна фанаты чакалі выхаду музыкаў па другім коле, як тое было, па іх успамінах, на сёлетнім Be2gether: цяпер не сэзон.

Болей здымкаў глядзіце ў фотаблогу:

Drum Ecstasy на «Рок па вакацыях 2009»,

Krama на «Рок па вакацыях 2009»,

Neuro Dubel на «Рок па вакацыях 2009»,

«Ляпіс Трубяцкой» на «Рок па вакацыях 2009»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.