Вяртаньне да вялікай вады: псыхічныя стыхіі Жодзішак

Жодзішкі

На вандроўку, якую цяпер распачынаем, нават двух дзён можа не хапіць. Бо кожнае месца тут асаблівае, таемнае, схаванае. Упарта ўгледзецца ў кожны закуток Астравеччыны варта яшчэ і таму, што ўжо празь некалькі год гэтыя землі можа беззваротна зьмяніць будаўніцтва АЭС і наступствы яе працы. Едзем на Астравеччыну. Магчыма, у апошні раз…

Першы пункт вандроўкі — вёска Жодзішкі ў 15 км ад Смаргоні. У 30-ых гадах тут суполкі беларускай і польскай моладзі супрацьстаялі адна адной, у 41-ым жодзішкаўцы выйшлі з нацыянальнымі сьцягамі сустракаць нямецкія войскі. Як пачуваюцца Жодзішкі за два гады да свайго пяцісотгодзьдзя?

«Там, дзе кола круціцца…»

Жодзішкі знаходзяцца не так далёка ад Смаргоні. Гэта яшчэ не памежжа, але ўжо іншае жыцьцё заходніх нашых земляў. Тут павольна цячэ Вілія, якая празь нейкія 80 кілямэтраў праплывае пад мостам Міндоўга ў Вільні і ператвараецца там у літоўскі Нярыс. Раней па ёй у Коўна сплаўлялі беларускія тавары, а цяпер гэта адна з самых чыстых рэк Беларусі.

Ля трасы — стары вадзяны млын. Не, не занядбаны, проста стары. Калісьці за часамі палякаў яго выкарыстоўвалі ў якасьць «зялёнай» крыніцы энэргіі. Альбо гідраэлектрастанцыі, як сказалі б знаўцы гэтай справы.

Жодзішкі
Вадзяны млын у Жодзішках зараз працуе па свайму першаснаму прызначэньню

Напрыклад, у Швэцыі 10% электраэнэргіі выпрацоўваецца дзякуючы такім крыніцам невялікіх ГЭС. Але швэды дайшлі да такога адносна нядаўна. Беларусы ж яшчэ 70 год будавалі станцыі і карысталіся электраэнэргіяй вады. А цяпер мы выкарыстоўваем свой гідрапатэнцыял усяго на 0.1% (тая ж Нямеччына зь яе 16 АЭС мае гэты паказчык на ўзроўні 70%).

Пасьля вайны на млын забыліся. Але пазьней мясцовы прадпрымальнік Франц Жылка выкупіў і адрамантаваў млын, ажывіўшы яго. Зараз ён працуе па сваім першасным прызначэньні, як тое і плянавалі езуіты, якія зьявіліся тут пасьля сыходу кальвіністаў, запрошаных тагачаснымі ўладальнікамі гэтых мясьцін магнатамі Кiшакамі.

Цікава, што прадпрымальнік зьбіраўся пабудаваць яшчэ і мукамольнае прадпрыемства. Але вырашылі ўлады, што гэта складзе канкурэнцыю Лідзкаму хлебакамбінату. «Забаранілі», — кажуць мясцовыя жыхары.

Пад апекай Кiшак

У жодзішкаўскім Троіцкім касьцёле ішла служба. Жоўтыя столі, расьпісаныя беларускім мастаком зь Вільні Пятром Сергеевічам, добра пасавалі гэтаму аскетычнаму мястэчку. Імша праходзіла па-польску, але гадзіну раней тут прайшла яе беларускамоўная вэрсія.

Са зьяўленьнем тут кальвіністаў Жодзішкі пачалі сапраўды новую старонку ў сваёй гісторыі: зьявілася школа, кальвініскі збор (пачатак 17 ст.). Але наступныя ўладальнiкi Жодзiшак — Камары — аднавiлi каталiцкi прыход i пабудавалi драўляны касьцёл, а таксама плябанiю i сямігадовую школу для вучняў-католiкаў. З таго часу ў Жодзiшках пачалася рэлiгiйная вайна памiж кальвiнiстамi i каталiкамi, якая цягнулася доўгія гады.

Для барацьбы з пратэстантамi й умацаваньня пазыцый каталiцкай царквы быў створаны ордэн езуiтаў. Подкупам, лiсьлiвасьцю, гвалтам, яны вярталi кальвiнiстаў у каталiцтва.

Хутка езуіты пачынаюць рабіць упор на тое, чым займаліся па ўсёй Эўропе, — будаваць адукацыйныя ўстановы. У Жодзішках зьяўляецца калегіюм, спраектаваны прафэсарам Вiленскага ўнiвэрсытэту ў 18 ст. У вялікіх падземных падвалах-кельлях, дзе жылi езуіты, нават захавалiся пакоi для слуг, гаспадарчыя склады.

Жодзішкі

У 1755 г. вiцэ-рэктар Ян Корсак пачаў будаваць побач з калегіюмам новы вялiкi каменны касьцёл, аддаўшы на будаўнiцтва рэшткi бацькоўскай спадчыны, а таксама дзяржаўныя грошы.

Паданьне

Захавалася паданьне, нiбы чорт, каб перашкодзiць езуiтам вазiць камянi з сасновага бору для будаўніцтва касьцёлу, пачаў ноччу насiць камянi у раку. Калi чорт нёс апошнi камень, прапеў певень і камень той застаўся ляжаць на беразе Вiлii. Касьцёл так і не дабудавалі…

Пад уплывам езуiтаў кальвiнiзм у Жодзiшках саступіў месца каталiцызму. Кальвiнiсты пакінулі Жодзiшкi ў пошуках спакайнейшага месца. Але хутка езуіты паўтарылі лёс сваіх супернікаў: у 1773 г. рымскi папа выдаў булу аб роспуску ордэна, што прымусiла iх таксама пайсьцi з Жодзiшак. Калегiюм быў зачынены, а пазьней перабудаваны ў палац, які ў нашы часы ператварылі ў псыхіятрычную бальніцу.

Жодзішкі

Жодзiшкаўскi кальвiніскi збор таксама перабудавалі, зараз гэта помнік рэнэсансу.

Псыхбальніца

Мясцовыя жыхары ганарацца сваёй псыхбальніцай: як-ніяк былы езуіцкі калегіюм. Частка будынкаў, вядома, не захавалася (у Першую сусьветную недалёка праходзіў фронт), але паўтысячы жыхароў вёскі ўвагай турыстаў не абдзеленыя.

Жодзішкі
Былы езуіцкі калегіюм 18 ст. Цяпер псыхіятрычная клініка

Сярод дактароў бальніцы ёсьць адзін, які вядзе ўсё справаводзтва па-беларуску. У некаторым сэнсе Жодзішкі — сымбаль супрацьстаяньня за беларускасьць. У 21-ым годзе тут разгортваліся цэлыя баталіі паміж беларускай і польскай суполкамі, кіраваныя, вядома, ксяндзамі.

А ў 1941 г. жодзішкаўцы былі ці не адзінымі ва ўсёй Беларусі, хто выйшаў сустракаць немцаў з нацыянальным сьцягам. Кажуць, што верылі вяскоўцы, быццам будзе нарэшце вернутая незалежнасьць краіне. Але праз два гады шмат хто з гэтых людзей быў забіты ў час нападу на Жодзішкі атраду Арміі краёвай...

Жодзішкі

Як даехаць да Жодзішак

Да Смаргоні зь Менску можна дабрацца на электрацыі праз Маладэчна альбо на цягніку (з танных Магілёў-Вільня, які выходзіць зь Менску ў 6:30, кошт каля 7 000 р.). Са Смаргоні да Жодзішак ходзяць аўтобусы (перш за ўсё тут падыходзяць накірункі на Старую Рудню, Лылойці, Нестанішкі).

Калі ехаць на ўласным аўто, варта дабрацца да Смаргоні, а зь яе выехаць на Сьвір, пасьля чаго павярнуць пасьля Гарыдзенятаў на Жодзішкі.

Мапа рэгіёну

Глядзіце Вандроўкі: Астравец на большай мапе


Чытайце таксама пра гарады й мястэчкі папярэдніх ПраДарожжаў: Іўе, Бабруйск, Юрацішкі, Жэмыслаўль, Суботнікі, Геранёны, Вільня, Ліда, Заслаўе, Вязынка, Жылічы, Нясьвіж, Радзівілмонты і іншыя.

Наступнае ПраДарожжа па Астравеччыне працягнем у Гервятах!

Аўтар фота Julia_fox, малюнак мапы — tarka

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0594 seconds.