«What the fuck is going on?» The Toobes далі сольны канцэрт пасьля пачатку перамоваў з Tricky

The Toobes

Самы арыентаваны на Захад беларускі гурт, пераможца конкурсу Bandscan і проста пазытыўная хлопцы з блізкім кожнаму старшаклясьніку начосам далі другі за сваю гісторыю беларускі сольны канцэрт у менскім «Рэактары». Канцэрт адбыўся праз некалькі дзён пасьля таго, як стала вядома пра перамовы The Toobes і вядомага брытанскага музыканта ды прадусара Tricky.

The Toobes

The Toobes апошнім часам, як кажуць амэрыканцы, hitting on all six: здаецца зусім нядаўна нікому невядомыя чувакі, самаму малодшаму зь якіх 19, перамаглі ў расьпіяраным швэдзка-беларускім музычным спаборніцтве Bandscan:Belarus, што прынесла ім першую хвалю вядомасьці. Хлопцы хутка змайстравалі дэбютны альбомчык, выступілі на Be2gether (яшчэ зь Беларусі там быў толькі «Ляпіс Трубяцкой»), пасьля чаго з The Toobes адбылася зьява ня менш модная за іх прычоскі: гурт выпусьціў інтэрнэт-сынгл «Indie Who Indie».

Канцэрт у «Рэактары» хлопцы адыгралі бадзёра і пазытыўна: былі і скокі «цюбсаў» у натоўп, гучалі і бязглуздыя «ціноўскія» жартачкі, і імправізацыі, у тым ліку і акустычны сьпеў. Чырвоныя джынсы, якія ўжо, здаецца, намёртва прыляпіліся да азадкаў музыкаў The Toobes, кудысьці зьніклі, хаця ў астатнім яны засталіся вернымі сабе: такія сабе хлопцы з суседняга пад’езду, адкрытыя і зусім ня патасныя. І музыка ў іх ненавязьлівая: рок-н-рол як рок-н-рол.

The Toobes

Бубнач гурту Стас Ламакін пазбаўлены нялёгкага лёсу Рынга Стара, які прызнаваўся ў тым, што яго кар’ера складалася зь бясконцага сузіраньня задніц вакалістаў. Стас вырашыў гэту праблему проста: сам стаў вакалістам. Цяпер ягоны голас запаўняе прастору клюбаў блізкай да аўтэнтычнасьці, але цяжка зразумелай небрытанскаму вуху ангельскай.

The Toobes

«Проста вееельмі старая песьня», — прадставіў на пачатку канцэрта кампазыцыю «Sound of the underground» вакаліст гурта. Старая — гэта ня так шмат, калі разумець, што гурт быў створаны толькі пару год таму праз каманду зь непрэзэнтабэльным назовам «Шампунь».

The Toobes

Цяпер удзельнікі былога «Шампуню» рыхтуюцца прыняць душ у Лёндане: іх творчасьцю зацікавіўся адзін з заснавальнікаў стылю трып-хоп, брытанскі музыка і прадусар Tricky. Ён ня супраць бачыць The Toobes у сваім туры па Расеі, які мусіць адбыцца ў наступным годзе, а таксама перарабіць і выдаць на сваім лэйбле іх першы альбом.

«Усе патрапяць у гісторыю рок-н-ролу!» — натхніў публіку вакаліст гурта, пасьля чаго прызнаўся, што сёньня The Toobes здымае свой першы прафэсійны канцэртны запіс, які мусіць выйсьці на DVD.

Цяжка казаць аб прысутных у «Рэактары», але за «цюбсаў» можна быць упэўненым: чувакі трапяць у гісторыю беларускага року толькі самім фактам супрацоўніцтва (калі такое нарэшце адбудзецца) з брытанскім гігантам трып-хоп сцэны. Дзякуй!

The Toobes

Яшчэ каля 30 здымкаў глядзіце ў фотаблогу: «Фотарэпартаж з сольнага канцэрту The Toobes у клюбе «Рэактар»

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0601 seconds.