Аўстралійскіх дзяцей выратавала дапамога, выкліканая праз Facebook

Дзьве дзяўчынкі, якія трапілі ў ліўневую каналізацыю, замест таго, каб набраць тры нулі (аўстралійскі аналяг нашага 103), проста абнавілі свой статус у сетцы Facebook. На шчасьце, адзін зь іх сяброў знаходзіўся ў гэты час он-лайн.

Увечар нядзелі супрацоўнікам службы хуткай дапамогі аўстралійскага гораду Адэлаіда прыйшоў дзіўны выклік. Высьветлілася, што дзьве дзяўчынкі 10-ці і 12-ці год згубіліся ў ліўневай каналізацыі. Але замест таго, каб выклікаць ратаўнікоў, дзеці палезьлі на сайт сацыяльнай сеткі Facebook абнаўляць свой статус. Яны напісалі, што трапілі ў «нейкі сьцёк».

Глен Бэнхам (Glenn Benham), адзін з ратаўнікоў аўстралійскай пажарнай службы, называе вялікім шчасьцем тое, што сябар дзяўчынак знаходзіўся ў патрэбны час у сацыяльнай сетцы і ўбачыў такое надзвычайнае абнаўленьне статусу.

«Ад пачатку гэта здарэньне стала для нас нагодай для хваляваньня, бо мы прыйшлі на дапамогу пазьней, чым маглі б», — перадае словы ратаўніка ABC News.

«Я упэўнены, што іх [дзяўчат] навучылі ў школе, зь кім трэба зьвязвацца ў першую чаргу ў выпадку надзвычайнай сытуацыі. Але, як кожны з нас ня раз заўважаў, школьныя веды вельмі лёгка ўваходзяць у адно вуха, а выходзяць у іншае», — пракамэнтаваў сытуацыю прафэсар СМІ і камунікацыяў Квінслэндзкага тэхналягічнага ўнівэрсытэту Тэры Флю (Terry Flew).

Прафэсар адзначыў, што карыстаньне сацыяльнай сеткай — звычайная частка жыцьця дзяцей. І выкарыстоўваць яе для камунікацыяў для іх натуральна. Проста гэтым разам паведамленьне было пра тое, што яны апынуліся ў ліўневым сьцёку.

На будучае варта запомніць, што ёсьць больш эфэктыўныя сродкі рабіць падобныя паведамленьні. Напрыклад, праз Twitter. Толькі не ўспрымайце гэту параду сур’ёзна :)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0603 seconds.