Дакладнае месца будоўлі АЭС дагэтуль невядомае, а абгрунтаваньня яе працы не рабілася

У Беларусі працягваецца супрацьстаяньне эколягаў і грамадзкіх актывістаў з уладамі з-за будаўніцтва ў Астравецкай вобласьці атамнай электрастанцыі. Але меркаваньне першых амаль не чутно ў грамадзтве, бо дыскусіі пра неабходнасьць будаўніцтва АЭС фактычна няма.


Фота з круглага стала па АЭС, арганізаванага БАЖ

Рашэньне пра будаўніцтва АЭС у Астравецкім раёне было агучанае ў канцы мінулага году, таксама стала вядома, што будаваць яе будзе расейская карпарацыя «Росатом», на што спатрэбяцца шматмільярдныя расейскія крэдыты.

Але па словах Леаніда Падалкі, доктара эканамічных навук, загадчыка сэктарам паліўна-энэргетычных праблем Інстытута эканомікі НАН Беларусі, яшчэ не вядома, дзе дакладна «ставіць станцыю».

Больш за тое, адзін зь вядучых спэцыялістаў у энэргетыцы ў Беларусі ня мае поўнай інфармацыі пра праект будоўлі АЭС:

«Патрабуецца глыбокае тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне працы АЭС. Такой працы я ня бачыў, і калі яна і была зробленая, то грамадзкасьць яе ня бачыла. А на аснове такога абгрунтаваньня кіраўніцтвам краіны мусіць прымацца рашэньне пра будоўлю станцыі», — заявіў Леанід Падалка на зладжаным Беларускай асацыяцый журналістаў круглым стале па праблемах будаўніцтва АЭС.

Навуковец таксама лічыць, што «няма неабходнасьці ўводзіць АЭС такой вялікай магутнасьці, а нават калі яна і будзе ўведзеная, трэба будзе спыняць цеплавыя электрастанцыі».

Сярод асноўных прычын будаўніцтва АЭС урад называе неабходнасьць замены дарагога прыроднага газу на быццам бы танны ўран. Але ж Беларусь ня мае ўласных залежаў гэтага выкапня, таму яго прыйдзецца набываць за межамі краіны.

«Кошт урану ўзрос за апошнія гады ў 20 разоў. І ён будзе расьці і далей. Таму суадносіны кошту паміж уранам і прыродным газам будуць зьмяняцца, і не на карысьць ядзернага паліва», — лічыць доктар Падалка.

Але, калі супрацоўнік Інстытута эканомікі, нягледзячы на ўсе аргумэнты «супраць», лічыць, што станцыю будаваць трэба, бо так «загадаў прэзыдэнт», то сапраўдны член Міжнароднай акадэміі навук, прафэсар Георгі Лепін абвяргае нават само дапушчэньне магчымасьці будаўніцтва станцыі:

«Мы чамусьці пачынаем казаць пра будаўніцтве атамнай станцыі як пра тое, што ўжо адбылося. Проста АЭС ня мусіць будавацца ў нас. І я ўпэўнены, што будавацца яна ня будзе», — кажа спадар Лепін.

Прафэсар лічыць, што будаўніцтва станцыі можа вельмі адмоўна адлюстравацца на здароўі людзей:

«Група нямецкіх навукоўцаў доўгі час дасьледавала ўзровень захворваемасьці дзяцей ракам крыві. Згодна з вынікамі дасьледаваньняў, у раёне нармальна працуючай станцыі, дзеці хварэюць ракам крыві ў два з паловай разы часьцей, чым звычайна».

Але як ставіцца астравецкая грамада да будаўніцтва АЭС у іх рэгіёне?

Іван Крук, грамадзкі актывіст з Астравеччыны, які імкнецца разам з паплечнікамі данесьці інфармацыю пра будаўніцтва АЭС да грамадзтва, кажа, што «людзі, якія маюць працу, маўчаць». А грамадзкія кампаніі, якія імкнуцца праводзіць астравецкія актывісты, сустракаюць супраціў з боку ўладаў.

«Улады ладзяць грамадзкія зборы, але чыноўнікі пакідаюць залю адразу пасьля непрыемных заўваг альбо пытаньняў. Ім няма чаго адказаць», — кажа Іван Крук.

Да таго ж на тэрыторыі будучай станцыі знаходзіцца некалькі вайсковых аб’ектаў:

«У месцы, дзе зараз плянуецца будаваць АЭС, раней да 1939 году быў аэрадром. Але вайскоўцы супраць таго, каб АЭС будавалася на гэтым месцы з-за наяўнасьці сакрэтных аб’ектаў, поўнай інфармацыі пра якія ніхто не дае», — кажа спадар Крук.

Як заявіў кіраўнік дзяржкарпарацыі «Росатом» Сяргей Кірыенка, кантракт аб будаўніцтве АЭС у Беларусі будзе падпісаны ўжо ўвосень. Прапануецца ўзьвесьці два энэргаблёкі агульнай магутнасьцю 2,4 тыс. МВт.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0519 seconds.