Be2gether і дождж: у першы дзень на фэсьце каля 6 000 чалавек

У Нарвілішках, што на літоўска-беларускай мяжы, працягваецца фэстываль Be2gether. Оўпэн-эйр, які праходзіць трэці раз запар, у гэтым годзе ўжо паставіў рэкорд па зборах: калі не наведвальнікаў, то вады дакладна. Моцны дождж ліў увесь першы дзень трохдзённага фэсту, што значна папсавала настрой гледачам і пасунула пляны арганізатараў.

Вe2gether

Тыя з 2 000 беларусаў, што зьвярнуліся па бясплатную візу ў літоўскую амбасаду і даехалі да фэсту, атрымалі магчымасьць параўнаць лёгкі дожджык пад менскай вясёлкай на нядаўнім Bela Music і літоўскую сутачную залею ў Нарвілішках.

 Вe2gether

Хаця з наведвальнікамі ў фэсту праблемаў усё ж няма: учора пад навальніцаю на фэерычным выступе нью-ёрскай каманды Gogol Bordello адрывалася, па словах арганізатараў, вялізная доля з 6 000 чалавек, якія дабраліся да Нарвілішак. Выступ Gogol Bordello выратаваў першы дзень канцэртаў і падмоклую рэпутацыю Be2gether.

Вe2gether

Акрамя «бардэльўцаў» выступам вылучыліся хіп-хоперы з Dilated people. Адзін з удзельнікаў каманды распавёў журналістам кранальную гісторыю пра сваю бабулю пад Менскам.

Вe2gether 

Даехаць да фэсту было і ня так лёгка: апошні рэйсавы аўтобус, на якім можна было дабрацца сюды, выехаў зь Вільні ў раёне 15 гадзін і пакінуў на вакзале ня мала жадаючых трапіць на Be2gether. Далейшы лёс нятрапіўшых не паведамляецца.

Дождж унёс карэктывы і ў праграму: музыкі адмянялі прэс-канфэрэнцыі, арганізатары адмовіліся ад дэманстрацыі фільмаў, а самым хадавым таварам на фэсьце сталі гумовы боты, якія каштавалі ў залежнасьці ад мадыфікацыі ад 40 да 60 літаў (каля 40 ці 60 Br адпаведна). Ботаў, вядома, хутка не засталося, як і практычна не засталося сухіх пасьля ночы намётаў у наведвальнікаў.

Вe2gether 

У асноўным на Be2gether тусуецца літоўская моладзь. Але беларусаў у гэтым годзе ў чатыры разы болей чым у мінулым (2 000 супраць 500). Арганізатары спадзяюцца і надалей павялічваць гэтую лічбу: у наступным годзе падчас фэсту плянуецца арганізацыя бязьвізавага памежнага пераходу для жыхароў памежных тэрыторый.


Беларуская мяжа блізка і сувязь працуе выдатна

Цяпер дождж у Нарвілішках ужо скончыўся і наведвальнікі чакаюць беларускай кульмінацыі фэсту: выступу герояў 2008-га «Ляпіса Трубяцкога».

Вe2gether 

Вe2gether
Дождж цягнуўся амаль суткі

На фэсьце моклі і зьбіралі інфармацыю Воля Кузьміч, Воля Вітушка
Аўтар фота Юра Сідун

Чытайце таксама поўную вэрсію рэпартажу з фэста

Алесь Bezuher 16:56, 13/06/2009
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1312 seconds.