Ноч музэяў у Нацыянальным мастацкім

Учорашнюю ноч Менск разам з ўсёй Эўропай правёў у музэях. Нацыянальны мастацкі паглынуў натоўп «начных» наведвальнікаў, якія вельмі пазытыўна ўспрынялі шматлікія інсталяцыі і пэрформансы, што занялі літаральна кожны мэтр музэйных пляцовак. На гадзінах было ўжо 22:30, а 50-мэтровая чарга «безквіткоўцаў» працягвала атакаваць прыступкі музэю.

Што ж робяць у музэях ноччу, і як да гэтага ставіцца дырэктар Пракапцоў, у рэпартажы Generation.bY.

Гэта быў адзіны дзень у годзе, калі музэй сустракаў не пэнсіянэркай-білецёршай, а вялізнай чаргой, быццам за квіткамі на матч нацыянальнай зборнай. Чаргі было дзьве: адна з тых, хто па-кемлівей, і набыў квіток папярэдне, альбо пачуў абяццаньні прапускаць усіх, хто апране чырвоную альбо залатую вопратку. Другая чарга, мэтраў на 70–100 пачыналася на іншай вуліцы і складалася з тых, хто быў здольны выстаяць гадзіну дзеля таго, каб трапіць у перапоўненыя залі музэю.

Унутры ўжо чакалі пэрсанажы самых розных стыляў і эпох: ад юнака, які нагадваў маладога, курчавага і з бакенбардамі, Пушкіна, да дзьвюх забінтаваных галівудзкіх мумій. Моладзь, якая натоўпамі снавала па залях, успрымала гэтую містэрыю «на ўра», фоткаючыся з аднолькавай радасьцю на свае шматпіксэльныя сімэнсы і нокіа і з аголенымі німфамі, і з пышнасукенкавымі кітаянкамі.


Самалёцікі запускалі ў бок вялізнай карціны Воўкава

Карціны ў гэты вечар выконвалі, у лепшым выпадку, ролю дэкарацый. Разглядаць іх імкнуліся, бадай што, толькі больш сталыя наведвальнікі, якія проста танулі ў натоўпе моладзі. Асноўнае ж прызначэньне палоцен было адно — добры фон для агульнага фота.

«Хоць і мелі квіток, адстаялі ў чарзе гадзіну», — распавяла студэнтка БНТУ Алеся. — «Я першы раз прыйшла ў гэты музэй. Галоўнае — гэта тыя сцэны, што дэманстраваліся. Вельмі сёньня спадабалася і з радасьцю прыйду абавязкова ў наступным годзе».


На акцыю прыйшло больш за 3 000 чалавек

Але шматлікія пэрформансы і інсталяцыі захапілі ня ўсіх:

«Прыходжу ў Нацыянальны музэй толькі на «ночы» — распавёў Сяргей, студэнт ЭГУ. «Зараз сумна, прыйшоў, бо цяпер сябра недзе тут выступае. Прайшоў бясплатна, сказаўшы, што мой сябар — дырэктар музэю. Як яго зваць ня памятую, але ведаю, што ён акулярах».

Дырэктар музэю, Уладзімір Пракапцоў (натуральна, у акулярах), як сапраўдны гаспадар балю быў ва ўсіх пакоях адначасова.

«Нашы надзеі спраўдзіліся і на імпрэзу прыйшло шмат наведвальнікаў, большая частка якіх — моладзь», — падзяліўся ўражаньнямі спадар Пракапцоў. Акцыя «ноч музэяў» праходзіць у Нацыянальным мастацкім ня першы год і кожны год канцэпцыя сьвята зьмяняецца. Але моладзь зь нязьменным пастаянствам штурмуе ў гэты дзень дзьверы музэю.

Па словах спадара Пракапцова, некаторыя з пэрсанажаў сышлі з карцін, што вісяць на сьценах музэю. Іншыя проста прадстаўлялі эпохі і цывілізацыі, якія ў гэтую ноч панавалі ў музэі.

Галоўную скрыпку тут грала тэма ўсходу. За адзін вечар у музэі адчынілася выстава японскага фотамастака Яхагі Кідзюро «Схаваная Японія», а таксама фотавыстава беларуса Вадзіма Качана «Людзі Эгіпту».


«Людзі Эгіпту» Качана

Калейдаскоп зорак усходу падхоплівалі дзяўчыны, што раздавалі кожнаму рознакаляровыя стужкі. Пасьля наведвальнікам трэба было прайсьці невялікі «квэст»: знайсьці дрэва жаданьняў (канешне ж сакуру) і, павязаўшы на ім стужачку, загадаць жаданьне.

Чакаць зьдзяйсьненьня жаданьня часу ўжо не ставала: трэба было хутчэй бегчы займацца каліграфіяй, якой пасярод слуцкіх паясоў адразу на падлозе навучалі ўсіх жадаючых, а пасьля ў іншай залі атрымаць чырвоную кропку на лоб. Для якіх мэтаў рабілася апошняя дзея, здагадваліся ня ўсе:

«Ня ведаю, што мне такое на лбе намалявалі, але было прыкольна», — распавяла студэнтка Каця.


Клюбная атмасфэра

«Мы зь сяброўкамі атрымалі па чырвонай пляме на і сталі сапраўднымі індыйкамі. Таксама спэцыяльна апрануліся ва ўсё чырвонае, шукалі доўга вопратку, але затое прайшлі бясплатна», — радавалася школьніца Ганна.

За паўтары гадзіны да сканчэньня «ночы» ў музэй пасьпелі трапіць, па сьцьверджаньню аховы, каля 3 000 чалавек. Хоць ночка і была не працяглай (музэй працаваў толькі да 24:00), па насычанасьці і наведвальнасьці яна, бадай, не параўнаецца ні зь якім іншым днём Нацыянальнага мастацкага музэю.


Людзі працягвалі стаяць у чарзе нават у 22-30

Аўтар фота Алесь Герасіменка

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0588 seconds.