Ноч музэяў 2012: куды пайсьці?
На некалькі гадзінаў музэі Менску адчыняць свае дзьверы ўвечары, і нават уначы. З пятай вечару 18 траўня і да другой гадзіны ночы 19 траўня можна будзе наведаць цікавыя выставы, пабачыць пэрфомансы, павучыцца танчыць, паглядзець кароткамэтражныя фільмы, убачыць калекцыю старых фотаапаратаў і кальянаў, пазнаёміцца з мастакамі-фатографамі-творцамі і далучыцца да стварэньня твораў самому. Музэі ўсяляк заклікаюць безьліччу імпрэзаў на гэты вечар. Прыводзім падборку некаторых, на якія пастараемся завітаць і самі.
Першая Ноч музэяў прайшла ў Бэрліне ў 1997 годзе, пазьней акцыя распаўсюдзілася на краіны Эўропы, а потым — і на ўвесь сьвет. Цяпер Ноч музэяў праходзіць у тысячах музэяў сьвету, каб паказаць патэнцыял музэйных пляцовак і прыцягнуць наведвальнікаў. Ужо некалькі год запар свае дзьверы ў Сусьветны дзень музэяў адчыняюць і беларускія музэі.
Найперш інфармацыя па коштах: паўсюль розная, але традыцыйна ў нашых музэях квіткі не такія й дарагія. Сёлета разьбежка ад бясплатнага ўваходу да прыблізна 25 тысячаў белрублёў.
Нацыянальны мастацкі музэй
Каманда музэю ладзіць цэлую праграму зь дзевятнаццаці арт-кропак пад агульным назовам «Апакаліпсіс. Адмяняецца…» Намёк на канец сьвету і, адпаведна, заклік адарвацца напоўніцу цяпер. Імпрэзы без перапынкаў будуць ісьці ў мастацкім ад 19.00 да 1.00 (Менск, вул. Леніна 20). З агульнага агромнага пераліку адзначым:
- Фэстываль сучаснага нямога кароткамэтражнага кіно «Апокалипсис. Отменяется…» ад Kinaklub.org. За тры гадзіны будзе паказана болей 30 сучасных фільмаў з ЗША, Эўропы, Расеі, а таксама паказальныя праграмы ад партнэраў-фэстаў Festival Nijemogo Filma (Загрэб, Харватыя), Youth Silent Film Festival (Портланд, ЗША). Дакладны час пачатку ў анонсах не пазначаны, лепей арыентавацца на 18.00.
- Там жа, у мастацкім музэі, а 20:00 выступ выбітнай джаз-вумэн Шэйлы Купэр. Тут кошты, вядома, вышэй за стандартныя музэйныя — каля 200 тысячаў.
- Яшчэ зьвяртаем увагу, што там жа адбудзецца адкрыцьцё выставы жывапісу Віктара Пятрова «Жыцьцё на ўскрайку плянэты». Віктар Пятроў — мастак і пэрформэр, ініцыятар аднаго зь нефармальных мастацкіх аб’яднаньняў канца 1980-х гадоў «Форма», куратар Міжнароднага фэстывалю арт-пэрформансу «Navinki». Пачатак у 21.30.
Музэй сучаснага выяўленчага мастацтва
Вечар з пэрформансамі для дарослых ад групы penAtra(C)tion («пранікненне» і «атракцыя»). Час правядзеньня: 21.00 — 00.00. Да гэтага там жа ў вялікай залі з 19-й гадзіны ўсходнеэўрапейская анімацыя. А ў малой залі будуць кітайская і японская гарбатныя цырымоніі. Адрас: Менск, пр-т Незалежнасьці, 47.
Беларускі дзяржаўны музэй гісторыі Вялікай Айчыннай Вайны
Тут абяцаюць пабудаваць самую сапраўдную партызанскую зямлянку ў поўную велічыню, а таксама паказаць жаночую моду ваеннага і пасьляваеннага часу. 18.00 — 22.00.
Менск, пр-т Незалежнасьці 25а.
Дзяржаўны музэй гісторыі тэатральнай і музычнай культуры
Тут будуць танцы. Адпаведна для тых, хто прыйдзе з маракасамі і кастаньетамі — уваход вольны. У марафоне з 18.00 да 23.00 заяўленыя капаэйра, фламэнка, грузінскія танцы, ірляндзкія, усходнія, індыйскія і беларускія народныя пляскі.
Менск, Музычны завулак, 5.
Музэй прыроды і экалёгіі
Тут прапануюць ня проста глядзець, а «пакінуць свой сьлед у гісторыі». Са сьмецьця. Такім чынам, плястыкавую тару ды іншы хлам лепей не выкідаць, дзе трапіцца, а цягнуць у гэты вечар у музэй, каб разам забацаць самы вялікі калаж са сьмецьця. Пачатак а 18.00.
Менск, вул. Багдановіча, 9а.
Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
Да таго, як нырнуць у галерэю да працаў Савіцкага, на адкрытай пляцоўцы можна будзе пабачыць люкі гарадоў сьвету ў фотавыставе «Дызайн пад нагамі». Італіец Стэфана Батоні наздымаў люкаў ад Бэрліну да Нью-Ёрку. Прабегчыся па сьвеце можна з 19.00 да 22.00.
Менск, плошча Свабоды, 15.
Музэй гісторыі Менска
Тут (Менск, вул. Рэвалюцыйная 10) таксама шмат чаго ў розных залях і дворыку. Нас цягне на:
- Гарбата (зёлкавая) са студэнтамі каледжу мастацтваў. Там яшчэ й канцэрт у дворыку да гарбаты будзе. Усё з нагоды адкрыцьця выставаў «Традыцыі і сучаснасьць» і «Вобразы талерак» — там будуць студэнцкія працы ў выглядзе своеасаблівых арт-аб’ектаў. 19:15 — 21:00 у Белай залі.
- Фотаздымачы папярэдніх двух стагодзьдзяў з калекцыі Віктара Суглоба. І фота на памяць можна будзе зрабіць. 20:00 — 23:00 у Чырвонай залі.
- З гумарам пра савецкае: «Майскі вінэгрэт» з прадметаў савецкага часу ў выглядзе гумарыстычных арт-аб’ектаў. 20:00 — 23:00 у Чырвонай залі.
- Пэрформанс «Камуналка» ад Студыі альтэрнатыўнай драмы і гурта «Казінае малако». Дзея будзе адбывацца ў нядаўнім мінулым у самай звычайнай кватэры. 21.00 — 23.00, Менскі дворык.
- Кальяны з калекцыі Івана Мураўёва. «Нясьпешнае мастацтва» пройдзе ў Шэрай залі, а потым плаўна пяройдзе ў Менскі дворык пад музыку лаўнж. Час недзіцячы: 23.00 — 01.00.