Аўтамабіль для пакаленьня Твітэру
Карпарацыя Ford спадзяецца прадаваць сваю новую мадэль Fiesta ў ЗША з дапамогаю блогаў, Twitter і Facebook. Ствараць кантэнт у сацыяльных сетках будуць не рэклямісты, а звычайныя людзі, якія былі адабраныя для ўдзелу ў кампаніі пад назовам «Fiesta Movement».
Кожны са ста ўдзельнікаў кампаніі правядзе 6 месяцаў на калёсах. У час сваіх падарожжаў маладыя людзі (узрост быў адным з крытэраў адбору з 4 000 прэтэндэнтаў для ўдзелу ў кампаніі) будуць распавядаць пра свае аўтамабільныя прыгоды з дапамогаю пастоў у блогах, сэрвісу мікраблогінгу Twitter і сацыяльнай сеткі Facebook.
Амэрыканская аўтамабільная прамысловасьць, якая ў часы крызысу падхапіла эўрапейскую ідэю пра тое, што «маленькія аўтамабілі могуць быць файнымі», спрабуе перад пачаткам продажаў падагрэць інтарэс да такіх аўтамабіляў. І робіць яна гэта ня толькі з дапамогаю рэклямістаў і аўтамабільных журналістаў, але і зьвяртаючыся непасрэдна да новага пакаленьня спажыўцоў.
Як і астатнія канкурэнты, Форд добра разумее неабходнасьць зацікаўленьня пакаленьня Y у прадукцыі кампаніі.
«Пакуль мы спрабуем разьвіваць цікаўнасьць да нашых транспартных сродкаў з дапамогаю кампаніі «Fiesta Movement», падвышаецца цікаўнасьць да ўсёй прадукцыі кампаніі форд», — кажа Скот Монці, мэнэджэр аўтамабільнага гіганту па сацыяльных мэдыя.
Паводле www.wired.com