Пасьля пратэстаў у Кішынёве экспэрты кажуць пра рэвалюцыю 2.0

Новыя магчымасьці імгненнай каардынацыі і самаарганізацыі адкрыліся ў папулярных сацыяльных сетках Twitter і Facebook пасьля захопу парлямэнту і рэзыдэнцыі прэзыдэнта Малдовы. 10-тысячны мітынг, які неверагодна хутка быў арганізаваны, у тым ліку і дзякуючы мікраблогінгу, вымусіў сеціўных экспэртаў загаварыць пра Twitter-рэвалюцыю.

Twitter — папулярная пляцоўка для вельмі моднага цяпер мікраблогінгу — і раней выдатна выконвала функцыю месца для постынгу навінаў. Каротка і імгненна. Але, разам з шэрым дымам з вокнаў захопленага і часткова разрабаванага ў выніку стыхійных пратэстаў у сталіцы Малдовы парлямэнту, у паветра ўзьнялося новае разуменьне мікраблёгінгу. Стала бачна, што зь яго дапамогаю можна каардынаваць вялікую колькасьць людзей.

Студэнты, якія выйшлі на пляц перад парлямэнтам, выкарыстоўвалі менавіта Twitter, ЖЖ і Facebook у якасьці інструмэнтаў для самаарганізацыі. Яны выкладалі тэкставыя паведамленьні ў сацыяльных сетках і блогах з заклікам прыйсьці на цэнтральны пляц Кішынёва.


Дэманстрацыі ў Кішынёве. Фота Associated Press/John McConnico

Сеціўнай гераіняй кішынёўская вясны стала журналістка Натальля Марар. У сваім дзёньніку на livejournal.com яна цудоўна адлюстравала ўсе этапы кішынёўскіх падзей: ад эўфарыі ад нечаканай, падавалася ўжо, перамогі, да падаўленага настрою, што быў выкліканы перасьледам удзельнікаў мітынгаў, у тым ліку і самой аўтаркі.

«15 тысяч моладзі выйшла на вуліцы ўсяго празь некалькі гадзін пасьля таго, як наша ініцыятыўная група «Я не камуніст» (пакуль 5 чалавек) запусьціла інфармацыю ў Інтэрнэце», — піша ў блогу Марар. — «Дзесяць хвілін на крэатыў і прыняцьцё рашэньня. Некалькі гадзін распаўсюджваньня інфармацыі па сетках, Facebook, блогам, СМС сябрам і e-mail».

25-гадовы Міхай Масковіч, які ўвесь дзень асвятляў развіцьцё падзей празь сетку Twitter, прадставіў больш дакладную карціну зь нюансамі. Па яго словах, у панядзелак, першы дзень пратэстаў, на мітынг прыйшлі толькі некалькі соцень людзей. Дэманстранты дамовіліся сабрацца на наступную раніцу і пачалі рассылаць паведамленьні праз Facebook і Twitter.

І ў гэты момант на сцэну выходзяць тыя перавагі блогінгу, якія, напрыклад, ня можа забясьпечыць ніводзін пашукавік. У Twitter была створаная стужка паведамленьняў #pman (ад румынскай назвы цэнтральнай плошчы Кішынёва «Piaţa Marii Adunări Naţionale»). Стужка агрэгавала ўсе паведамленьні пра падзеі на плошчы. Так быў створаны своеасаблівы хот-лайн грамадзкіх пратэстаў.

Аналягічна хутка быў створаны агрэгатар навін, які зьбіраў на адной старонцы паведамленьні з Twitter, відэа і фота з сацыяльных сетак, запісы блогаў з усяго сьвету. Калі ж быў адключаны Інтэрнэт, кажа Масковіч, ён пачаў проста рассылаць смскі.

Блогер часопісу Foreign Policy беларус Яўген Марозаў бачыць сярод галоўных заслугаў мікраблогінгу ў гэтай гісторыі прадастаўленьне карыстальнікамі Twitter кантэнту з падзей для навінных стужак, што дазваляла захоўваць кішынёўскія жарсьці на вяршыні цікаўнасьці.

«Ці будзем мы памятаваць падзеі ў Кішынёве дзякуючы колеру сьцягаў мітынгоўцаў, альбо дзякуючы выкарыстоўваньню сеціўных сацыяльных тэхналёгіяў?» — задаецца пытаньнем спадар Марозаў, які зараз піша кнігу пра ўплыў Інтэрнэту на глябальную палітыку.

Так ці інакш, моц сацыяльных сетак у арганізацыі людзей яшчэ праявіцца ў розных краінах і сытуацыях. 

Яшчэ па тэме: wired.com і techcrunch.com

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.057 seconds.