Rahis прэзэнтуе першы максі-сынгл — «Празь Сеціва»

Rahis / Рахіс 

Максі-сынгл «Празь Сеціва» з чатырох песень — першая студыйная праца Rahis, якая па-новаму прэзэнтуе вядомы па канцэртах, кватэрніках і акустычных запісах «хатняй» якасьці гурт. Усе песьні з максі-сынглу даступныя для спампоўваньня на старонцы rahis.generation.by.

«Песьні ў максі-сынгле — гэта зрэз твораў да будучага альбому. Самі песьні моцна зьмяніліся падчас запісу, атрымалася што бардаўскі, канцэртны і студыйны варыянты моцна розьняцца. Людзі, якія чулі іх раней пад гітару, могуць не пазнаць іх, але хацелася б усё ж такі паказаць зробленае ў як мага больш выгодным сьвятле», — распавядаюць музыкі пра вынік студыйнай працы.

У максі-сынгл увайшлі чатыры песьні: «FM», «Празь Сеціва», «Пароль у лета» і «Стронцый». Але лідэры гурта Зьміцер Язьвінскі і Дзяніс Філіпенка адзначаюць, што «гэтыя песьні ня лепшыя і ня горшыя за тыя, што будуць у альбоме — проста запісаліся хутчэй за астатнія».

Rahis / Рахіс

Адметна, што «Стронцый» — адна з першых песень тады яшчэ будучага Rahis. Зьміцер напісаў яе ў 1999 годзе, скончваючы школу.

«Калі паступіў ва ўнівэрсытэт, мне яна падалася такой дзіцячай, а я падаваўся сабе сур’ёзным і дарослым. Песьня была забытая. Але пазьней яе выпадкова знайшоў Дзёня ў маіх сьпеўніках і надаў другое дыханьне», — распавядае пра твор Зьміцер, а Дзяніс адзначае: «Гэта песьня, якая павінна была нарадзіцца значна раней і мусіла быць напісаная ня намі».

Rahis / Рахіс

У «рахісавым багажы» болей трыццаці песень. Частка зь іх, запісаная «хатняй» якасьцю для сяброў, паступова разышлася па кампутарах вялікай колькасьці людзей.

Rahis / Рахіс

У лірыцы гурта прыхільнікаў чапляюць тэмы прыроды, гарадоў, геаграфіі і чалавечых пачуцьцяў. У песьнях Rahis ёсьць таксама шмат месца весялосьці і адрыву, бо самі па сабе хлопцы аніяк не падобныя на магчымыя ўяўленьні пра батанікаў з прыродазнаўчага факультэту, які скончылі Зьміцер зь Дзянісам. Першыя інтэрнацкія выступы перарасьлі ў кватэрнікі, пазьней — у сольныя канцэрты і выступы ў Беларусі і на замежных фэстах.

Rahis / Рахіс

Правакацыйным канцэртам «Тры гады ўстрыманьня» восеньню 2007 году Rahis прэзэнтаваў электрычную праграму, пакінуўшы акустыку ў фармаце unplugged, а ў 2008-м пачалася праца над студыйным запісам.

Rahis / Рахіс

Максі-сынгл «Празь Сеціва» — знаёмства з сучасным Rahis напярэдадні першага альбому гурта.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.