«Ляпіс Трубяцкой» едзе з «Маніфэст-турам» па Беларусі

9 сакавіка гурт «Ляпіс Трубяцкой» дасьць вялікі двухгадзінны канцэрт з праграмай «Маніфэст» у менскім Палацы Спорту. Гэта будзе першая менская прэзэнтацыя ўжо культавага «Маніфэсту» — адзіны канцэрт у Беларусі з такой праграмай музыкі далі ў верасьні 2008 году ў Віцебску. Цяпер прыйшла чарга вялікага туру «Ляпіса Трубяцкога» па гарадох Беларусі.

На першую палову сакавіка заплянаваныя сольныя канцэрты ў Берасьці, Горадні, Магілёве, Гомелі, Наваполацку, Салігорску і Бабруйску.

http://generation.by/mediashare/bq/kc4akj6ow7loehftkwd1zb45thzrg9-org.jpg
Ляпіс Трубяцкой. Аўтар фота Юра Сідун.

У канцы верасьня мінулага году «Ляпіс Трубяцкой» шакаваў увесь постсавецкі шоў-бізнэс, выклаўшы сваю новую кружэлку ў Сеціва для бясплатнага спампоўваньня — «Маніфэст» спампавалі некалькі сотняў тысячаў разоў. Некалькі дзён альбом быў галоўнай тэмай абмеркаваньняў у Сеціве. Крыху пазьней «Маніфэст» выйшаў і на CD.

Сьледам пачаўся тур у падтрымку альбома, які ахапіў больш 30 гарадоў Расеі, — ад Калінінграду да Новасыбірску, — уключаючы два аншлягавыя выступы ў Маскве.

Цяпер «Касьмічны цырк аўтсайдэраў», як зараз называюць сябе «Ляпісы», едзе з паўнавартасным шоў і ў родную Беларусь. У праграме сярод антыглябалісцкіх выступаў гімнаў з альбомаў «Маніфэст» і «Капітал» элемэнты блазнаваньня і эксцэнтрыкі.

«Наш канцэрт цяпер уяўляе сабой сучасны эўразійскі мікст. То бок гэта ня проста сукупнасьць асобных музычных, паэтычных момантаў, касьцюмаў або роляў кожнага музыкі, а адзіны энэргетычны струмень. Прычым загадзя акрэсьленыя толькі агульныя рамкі — шматлікае вызначаецца ходам канкрэтнага выступу», — адзначае Сяргей Міхалок.

Канцэрты пройдуць з адмысловай відэатрансьляцыяй ад маскоўскага VJ Key. За час «Маніфэст-туру», як адзначаюць «Ляпісы», ён стаў па сутнасьці яшчэ адным удзельнікам гурта.

  • Калі: 9.03.2009, 19:00
  • Дзе: Палац Спорту (Менск)
  • Кошт: танцпляц 45 000 / у залі 25 000 — 80 000
  • Даведка: 185, каса 203 27 33, дастаўка 666 56 48
tarka 13:25, 26/01/2009 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 1.0042 seconds.