Студэнта БДУІР вэрбавала КГБ на падставе кола яго сяброў на сайце vkontakte.ru

Два супрацоўнікі КГБ сёньня спрабавалі завэрбаваць студэнта першага курсу БДУІРА Паўла Ляшковіча, які навучаецца на факультэце «Інфармацыйныя тэхналёгіі». Падставай да «супрацоўніцтва» хлопцу, які не зьяўляецца актывістам палітычных арганізацыяў, было названае кола яго кантактаў у Сеціве і некалькі выездаў за мяжу. Павал распавёў Generation.bY падрабязнасьці свайго непрыемнага знаёмства.

 
Фота з старонкі Паўла Ляшковіча на vkontakte.ru

«Сёньня а 12-й гадзіне мяне выклікалі ў дэканат. У кабінэце дэкана ў той момант знаходзіліся два невядомых мне чалавекі. Праз нейкі час дэкан выйшаў, пакінуўшы мяне зь імі. Яны сказалі, што з КДБ, але не прадставіліся. Цікавіліся маімі паездкамі ў Польшчу і Ўкраіну. Пыталіся, ці ўваходжу я ў якія-небудзь апазыцыйныя арганізацыі. Я адказаў, што ў палітычных арганізацыях ня ўдзельнічаю, а за мяжу некалькі разоў езьдзіў адпачываць з бацькамі», — распавёў Generation.bY Павал Ляшкевіч.

Аднак на гэтым размова ня скончылася. Супрацоўнікі КГБ, якія па словах Паўла вельмі ўпэўнена пачувалі сябе ў чужым кабінэце, скарысталіся кампутарам дэкана і адчынілі на сайце vkontakte.ru асабістую старонку студэнта.

«Яны паказалі, што ў маіх сябрах знаходзяцца некалькі актывістаў апазыцыйных арганізацыяў. Спасылаліся на маю актыўнасьць у беларускамоўных суполках».

Супрацоўнікі КГБ прапаноўвалі студэнту матэрыяльную падтрымку і спрыяньне ў навучаньні пасьля падпісаньня дамовы аб супрацоўніцтве зь іх арганізацыяй. А пасьля таго, як Павал адмовіўся ад грошаў, яго папярэдзілі пра праблемы з навучаньнем ў выпадку адмовы супрацоўнічаць.

У выніку Павал Ляшковіч падпісаў паперы пра супрацоўніцтва пад мянушкай «Арцём». Аднак сваё першае заданьне ён ужо праваліў. Сёньня а 18-й гадзіне хлопец мусіў даслаць на сайт «Маладога фронту» заяўку на ўступленьне, замест гэтага студэнт зьвярнуўся ў СМІ з расповедам пра тое, чаго так прасілі не казаць супрацоўнікі КГБ. 

Старонка Паўла Ляшковіча, як і многіх іншых беларускіх студэнтаў, на дадзены момант даступная для прагляду любому зарэгістраванаму карыстальніку vkontakte.ru. Пасьля сёньняшняга знаёмства з маладымі аматарамі інтэрнэту з КДБ (на выгляд ім было недзе па 30 год) Павал зьбіраецца перавесьці свае камунікацыі ў рэжым «толькі для сяброў».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0837 seconds.