У Эўропу праз Расею: Інтэрнэт у Беларусі перажывае хваробу росту

Значная частка беларускіх сайтаў фізычна месьцяцца на заходне-эўрапейскіх сэрвэрах, аднак ў апошні час доступ да гэтых рэсурсаў зь вялікімі затрымкамі стаў адбывацца праз Маскву.

Беларускі інтэрнэт у апошні час сутыкнуўся з праблемамі, якія маглі адчуць на сабе большасьць беларускіх карыстальнікаў. У цэлым гэта можна назваць хваробай росту, якая выяўляецца ў агульным паніжэньні якасьці доступу ў Сеціва. Чыньнікам таму сталі некалькі фактараў, якія стрымліваюць далейшае разьвіцьцё байнэту.

Імклівы, па беларускіх мерках, рост цікаўнасьці грамадзян краіны да інтэрнэту за апошні год, выкліканы, няхай і малаістотным, але ўсё ж паніжэньнем коштаў на доступ у Сеціва, апынуўся не забясьпечаны тэхнічнымі магчымасьцямі апэратараў сувязі.

У Менску і рэгіёнах назіраецца дэфіцыт так званай партовай ёмістасьці, з-за чаго большасьць правайдэраў змушаныя зьніжаць якасьць прапанаваных паслуг і ўрэзваць анлім-прапановы. Нават byfly «Белтэлекома» не спраўляецца з падлучэньнем абанэнтаў, не кажучы ўжо пра іншыя другасныя правайдэры. У прэс-службе «Белтэлекома» рэсурсу Electroname.com пацьвердзілі гэтую інфармацыю, аднак запэўнілі, што ў самы бліжэйшы час будзе ўведзена дадатковае абсталяваньне, што дазволіць крыху зьняць напружанасьць на рынку. Прагназуемы дэфіцыт магутнасьцяў павінен быў быць пакрыты раней, аднак у апэратара сувязі, як і ў шматлікіх дзяржаўных кампаніяў, з-за крызысу паўсталі складанасьці са своечасовай пастаўкай абсталяваньня.

Яшчэ адным чыньнікам пагаршэньня якасьці паслуг можа стаць значная дэвальвацыя беларускага рубля. Рубель цяпер паступова таньнее і гэта прыводзіць да дэфармацыі схемы перапродажу міжнароднага трафіку ў краіне. Наўрад ці правайдэры пойдуць па шляху павелічэньня тарыфаў у рублях, хутчэй адбудзецца паніжэньне якасьці паслугаў, што меней хваравіта ўспрымаецца карыстальнікамі.

Сытуацыя нагадвае сазлучаныя пасудзіны. Варта было «Белтэлекому» даць магчымасьць беларускім праектам разьмяшчацца ўнутры краіны на пляцоўках ЦАДу, а карыстальнікам прапаноўваць такі доступ па нізкіх коштах або зусім бясплатна, як тут жа паўстаў дэфіцыт рэсурсаў сыстэмы, вынікам чаго стала нестабільная праца большасьці сайтаў, разьмешчаных у Беларусі і дэфіцыт партовай ёмістасьці АТС. Штодзённыя «падзеньні» TUT.by сталі ўжо звыклымі.

У пошуках стабільнага і недарагога (з-за імклівага падзеньня эўра) хостынгу беларускія пляцоўкі «пацягнуліся» у Эўропу, пасьля чаго канал на Эўропу з-за наплыву наведвальнікаў фактычна звузіўся, і зараз трафік зь велізарнымі затрымкамі прабіваецца праз расейскі кірунак. Гэта прызнаў і міністар сувязі і інфарматызацыі Мікалай Панцялей падчас нядаўняй анлайн-канфэрэнцыі, паабяцаўшы ў сьнежні падлучыць дадатковы канал на 2 Гбіт/сек. Па інфармацыі Electroname.com, такое пашырэньне адбудзецца ў канцы сьнежня 2008 — пачатку студзеня 2009 году.

Відавочна, палітыка латаньня дзірак ня можа прывесьці да паўнавартаснага станаўленьня беларускага інтэрнэту як галіны. Беларускі інтэрнэт застыў на аматарскім узроўні, калі адзіным стабільным спосабам камунікацыі застаецца тэкст. Выкарыстаньне інтэрнэт-карыстальнікаў як донараў для фінансаваньня папулісцкіх праектаў у сфэры сувязі прыводзіць да дэградацыі цэлага кірунку, які ў іншых умовах маг бы стаць лякаматывам беларускай эканомікі. Інтэрнэт усё яшчэ ня стаў прыярытэтам для сувязістаў. Зь іншага боку, на дадзеным этапе немагчымая і хуткая лібэралізацыя рынку, бо падзеньне кошту інтэрнэту да агульнапрынятых тарыфаў у нашым рэгіёне проста паралізуе існыя каналы доступу ў сусьветнае павуціньне, што і паказалі апошнія падзеі.

Паводле Electroname.com

15:00, 09/12/2008 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0661 seconds.