Гурт :B:N: прэзэнтаваў у «Рэактары» перавыданьне свайго першага альбому
Бярозаўскі гурт «Бяз назвы» прэзэнтаваў канцэртам у клюбе «Рэактар» перавыданьне свайго першага альбому «Не трывай». Драйвовую праграму прыемна дапаўнялі яскравыя дуэты.
Былі выкананыя, бадай, усе самыя вядомыя і растыражаваныя песьні гурта, у тым ліку «Толькі я», «Цягнік», «Сьпіралі», «Жыве Rock'n'Roll». У лідэра гурта Алеся Лютыча засталіся толькі пазытыўныя ўражаньні ад канцэрту:
«Вельмі прыемна было, што прыйшло даволі шмат людзей. Была вельмі моцная падтрымка публікі, кожную песьню ўсе сьпявалі разам і нам перадаўся супольны драйв».
Публікі сапраўды было шмат, але варта адзначыць, што музыкі ня здолелі пабіць рэкорды нядаўніх герояў «Рэактару» гуртоў «Крамы» і «Без Білета», якія літаральна ператварылі клюб у мурашнік, сабраўшы максымальна магчымую для памераў памяшканьня колькасьць людзей.
Канцэрт «бээнаўцаў» падтрымлівалі гурты «Абшар» і «Спрат». А аднымі з самых яскравых выступаў :B:N: сталіся дуэты. Вольга Самусік гэтым разам як ніколі ўсьцешыла мужчынскую частку публікі сваім сэксуальным строем.
Ня менш прыцягальная Наста Някрасава выканала разам з :B:N: адзін з самых вядомых гітоў гурта «Дажджамі».
А вось яшчэ адна вядомая супольная кампазыцыя «Загiнулым паэтам прысьвячаецца», якая была запісаная разам зь лідэрам NRM Лявонам Вольскім, выконвалася бяз мэтра «сваімі сіламі».
«Было даволі цяжка», — кажа Алесь Лютыч, — «бо там складаныя вакальныя партыі».
«Бээнаўцы» годна адстаялі гонар паэта і за сябе, і за Лявона, бо вопыт у іх ужо ня мала. Гурту ў наступным годзе будзе ажно дзесяць год. Таму да бліжэйшага канцэрту ў Менску засталося ня так шмат часу:
«На 10-годзьдзе мы плянуем канцэрты ў Менску і ў сябе на радзіме, у Бярозе. Таксама было б файна скласьці невялікі трыб’юцік нашых песень», — раскрыў пляны гурта Алесь Лютыч.
Магчыма, яшчэ да гэтага сьвяткаваньня ў :B:N: зьявіцца трэці альбом:
«Спадзяюся, што на канец зімы мы засядзем у студыю, але гэта пытаньне больш матэрыльнае».
А пакуль фанатам застаецца толькі чакаць і цешыцца фотаблогам з апошняга канцэрту.
Глядзіце ў фотаблогу Generation.bY яшчэ 25 фота з канцэрту :B:N: 2 сьнежня ў «Рэактары»
Аўтар фота Юра Сідун