Слава Корань: «Я застаўся з ULIS’ам, бо гэта для мяне апошні праект у жыцьці»

Тэхналёгіі зьбліжаюць, цяпер кожны можа паспрабаваць паразмаўляць з сваім кумірам праз сацыяльныя сеткі. Хоць сустрэць Славу Кораня ў рэале ў Беларусі зараз няпроста, але, як і іншыя беларускія музыкі, лідэр легендарнага ULIS дасяжны праз facebook.com, vkontakte.ru ды іншыя сэрвісы.

Даўні прыхільнік ULIS Marnatrauny скантактаваўся з Славам Коранем і зрабіў для Generation.bY інтэрвію, распытаўшы музыку пра тое, ці чакаць перавыданьня старых альбомаў гурта, пра «Бонду», пра раскол ULIS, пра тое, калі будзе ў Менску вялікі сольны канцэрт, пра спраўджваньне музычных ды жыцьцёвых мэтаў і ці ёсьць пра што шкадаваць Кораню.

Пра навучаньне музыцы: «Спрабаваў навучыцца з 5-й клясы, але тады ня было ні кампутараў, ні інтэрнэту, ні гітарных школ на відэа, таму быў самавучкам»

Як пачынаў граць, стварэньне гурта «Ліфт», далучэньне да «Студыі 7»

«Пачынаў граць на гітары ў школе, у 8-м клясе. Спрабаваў навучыцца з 5-й клясы, але ўмовы былі не такія як зараз — ні кампутараў, ні інтэрнэту, ні гітарных школ на відэа, таму быў самавучкам, і навучаньне ішло доўга.

У школе мы гралі інструмэнтальную музыку, наколькі хапала ўменьня. Болей сур’ёзна стаў займацца рок-музыкай і песеннай музыкай у РТІ, граў у гурце факультэту аўтаматыкі і вылічальнай тэхнікі. Там мы займаліся „здымам“ чужой музыкі і чужых песень, нават запісалі ў тыя часы на беларускім тэлебачаньні — у 1975 годзе — тры песьні ў якасьці імправізаваных кліпаў. Калі добра памятаю, гэта было штосьці зь „Песьняроў“ і „Во французской стороне“. Гралі на танцах, там ужо ў тым ліку „здымалі“ заходнія гурты.

Ліфт“ я стварыў ужо пасьля сканчэньня інстытуту, праз два гады. Мой былы аднакурсьнік узначальваў тады арґанізацыю „Арыенцір“, і я зьвярнуўся да яго, каб нам было, дзе граць. Мы пачалі граць у кафэ „Мэрыдыян“. Спачатку я запрасіў у гурт свайго суседа, Сашу Дунскага, вакаліста, які потым ужо прывёў бас-гітарыста Яўгена Манькова, а потым і гітарыста, Валодзю Любінскага, які пасьпяхова разваліў „Ліфт“. Гурт граў і свае ўласныя песьні, і кавэры на заходніх выканаўцаў. Музыку пісаў Дунскі і ўсе мы самі. Я пазьней даведаўся, калі стаў граць ва ULIS’e, што нам тады напісаў адзін тэкст нават Фэлікс Аксёнцаў.

У гурт „Студыя-7“ мяне паклікаў Слава Сьцяпанаў, калі я яшчэ працаваў зь „Ліфтам“. Я пагадзіўся — атмасфэра ў „Ліфце“ была ўжо складанай, я вырашыў, што лепей будзе ў „Студыі-7“. Пасьля „Ліфт“ распаўся. Часам рэальна даказаць, што ты нечага варты, толькі калі сыходзіш. Так бывала не адзін раз.

Ужо праз месяц пасьля таго, як я прыйшоў у „Студыю-7“, мы паехалі на гастролі, у тым ліку і ў Маскву, дзе згралі некалькі канцэртаў — напрыклад, у ВНУ, дзе калісьці вучыўся Макарэвіч. Там слухачы нас параўналі з брытанскім гуртом Wishbone Ash — калі цікава, вось яны на youtube».

Пра распад легендарнай «Бонды»: «Як я магу шкадаваць, што пасьля „Бонды“ я стаў адным са стваральнікаў гурта ULIS і працягваю ў ім быць?»

Што значыла для вас «Бонда»? Гэта было хобі, праца, ці можа высокая мэта? І як адбыўся распад гурта, ці не шкадуеце, што сышлі?

«Адметнасьць „Бонды“ была ў тым, што мы сьвядома рабілі беларускамоўны праект, таму і вельмі доўга і цяжка шукалі назву. „Бонда“ была для мяне пачаткам прафэсійнай працы ў рок-музыцы, мая вучоба ў гэтым і станаўленьне як прафэсійнага рок-музыкі. „Бонда“ ўжо грала толькі свае беларускія песьні.

Наконт „ці шкадую“ — я ніколі не шкадую пра тое, што здараецца, бо тое, што адбываецца потым, зьяўляецца тваёй рэальнасьцю і ты павінен ісьці далей. „Бонда“ была папярэдняй прыступкай, потым быў ULIS. Як я магу шкадаваць, што пасьля „Бонды“ я стаў адным са стваральнікаў гурта ULIS і працягваю ў ім быць? Тут я знайшоў большае самавыражэньне, чым у „Бондзе“, і працягваю вучыцца, што павінен рабіць кожны чалавек да канца жыцьця».

Ulis

Вы ўтваралі ULIS як працяг ідэяў «Бонды», ці гэта быў зусім іншы праект? На каго вы арыентаваліся, калі запісвалі першы альбом?

«Я ўдзельнічаў у стварэньні ULIS’a як праекта, у якім я мог бы выразіць уласныя ідэі, якія ў мяне накапіліся за час працы ў „Бондзе“ і якія я па пэўных прычынах не мог там рэалізаваць. ULIS ствараўся як незалежны праект, у якім працавалі ўжо сьцьверджаныя музыкі, што прайшлі школу іншых калектываў. Таму арыентавацца на некага нам не было патрэбы, у нас былі ўжо свае думкі. Арыентавацца на некага могуць толькі музыкі-пачаткоўцы».

А як ставіцеся да параўнаньняў зь U2?

«Каб параўноўваць стары ULIS з U2, трэба дакладна паслухаць і стары ULIS, і тагачаснае U2. Нічога агульнага там апроч складу гурта, які дае перадумовы для падобнага гітарнага разьвіцьця музыкі, няма. Калі нехта думае іначай, прывядзіце хаця б адзін прыклад песьні».

Пра выхад першай кружэлкі ULIS у СССР: «На той момант тая „імпэрыя“ была ўжо болей дэмакратычнай, чым нашае сучаснае жыцьцё на Беларусі»

Што вы адчувалі, калі «Мэлёдыя» выдала вашыя кружэлкі, можна сказаць, на ўвесь Саюз? Ці не было сэнсацыяй тое, што Імпэрская фірма выдала кружэлку зь песьняй «Калі Імпэрыя зьнікне», ды іншымі, ня меней правакацыйнымі, песьнямі?

«Мэлёдыя» была вельмі зьбюракратызаванай структурай, таму нашую першую кружэлку яна выдала праз год пасьля таго, як мы выдалі на студыі Polskie Nagrania ужо нашую другую кружэлку. Тое, што на так званай «імпэрскай» фірме былі выдадзеныя песьні з такімі правакацыйнымі тэкстамі, паказвае, што на той момант тая «імпэрыя» была ўжо болей дэмакратычнай, чым нашае сучаснае жыцьцё на Беларусі.

Мы былі вельмі радыя нашым дзьвюм кружэлкам, бо выдаць нават адну ў той час было велізарнай падзеяй, ня тое, што выдаць зараз CD-кампакт. Гэта былі адныя зь першых кружэлак беларускай рок-музыкі, пасьля «Сузор’я». Гэта зараз CD можа выдаць кожны, былі б грошы ды жаданьне. Тым болей, што гэтыя вінілы прадаваліся ва ўсіх крамах у нас, а «Краіна доўгай белай хмары» — яшчэ і ў Польшчы…»

Пра склад ULIS: «Галоўнае — жаданьне працаваць менавіта ва ULIS’e, музыкаў ніхто не выганяў»

Чаму пасьля «Танцаў на даху» гурт распаўся? Чаму вы вырашылі працягнуць творчасьць?

«Я не лічу, што гурт распаўся, хутчэй — раскалоўся. Сытуацыя была такая — ды і зараз гэта можна часта напаткаць — што беларускія рок-гурты не маглі прафэсійна зарабляць на жыцьцё, а людзям трэба жыць, карміць сем’і. Гэта было адной з прычынаў, па якой некаторыя людзі сышлі зарабляць грошы ў іншыя месцы. Былі і іншыя прычыны. Я застаўся з ULIS’ам, гэта для мяне апошні праект у жыцьці».

Як набралі новы склад?

«З новымі музыкамі ва ULIS’e заўсёды было проста: хочаш працаваць, нават калі ня вельмі падыходзіш, хочаш нечаму навучыцца, — значыць, цябе бяруць і працуюць з табой. Ніякіх адслухоўваньняў або кастынгаў не праводзілася. Галоўнае — жаданьне працаваць менавіта ва ULIS’e. Музыкаў ніхто не выганяў. Гэта прынцып ULIS’a ад самага пачатку і да цяпер. Кожны новы музыка прыўносіў у гурт нешта сваё, у гэтым таксама было разьвіцьцё гурта».

Ulis

Чаму 4 альбомы 1995–99 гг. не перавыдаваліся? Іх нідзе ня знойдзеш зараз, апроч як у фанацкіх калекцыях… Што значылі гэтыя альбомы для вас? Кардынальная зьмена настрою лірычнага героя адбылася таму, што Вы сталі вакалістам і аўтарам тэкстаў, ці Ўліса зьмяніў час?

«Пасьля расколу ULIS пачаў блуканьне па шляху самавыражэньня, таму было шмат экспэрымэнтаў. Гэтыя экспэрымэнты адбываліся не толькі з пункту гледжаньня стылістыкі і музычных ідэяў, якіх было вельмі шмат — як у мяне, так і ў новых людзей, якія прыходзілі і прыносілі ў гурт свае ідэі, — але адбывалася і мая ўласная эвалюцыя як гукарэжысэра і саўнд-прадусара.

Усе запісы, што былі зробленыя пасьля 93 году, былі зробленыя толькі ўласнымі сіламі ULIS’a, без зьнешняй дапамогі спонсараў і г.д., таму мае першыя гукарэжысэрскія патугі я лічу меней прафэсійнымі, чым болей позьнія. Мае веды папаўняліся за кошт кожнага новага альбому. У згаданых альбомах было запісана вельмі шмат думак, разнастайных, але якасьць гэтых альбомаў была ня вельмі высокай.

Каб перавыдаць альбомы, запісаныя да „Падарожжа“, трэба было б сесьці, сур’ёзна ўсё адслухаць ды адмайстарыць, калі атрымаецца. На гэта пакуль няма часу. Да таго ж, усё — уключна з „Падарожжам“ — запісвалася на вельмі слабым абсталяваньні, 8-канальнай порта-студыі, якая не дазваляла зрабіць дастаткова добрую якасьць. Толькі зь „Люстэркам“ атрымаўся запіс на болей прыстойнай, кампутарнай студыі».

Пра непадабенства альбомаў ULIS: «Мне нецікава граць тое, што я ўжо раней граў»

«Люстэрка» зусім непадобнае да ULIS’у ўзору пачатку 90-х. Гучаньне ня тое, што непадобнае, а нават супрацьлеглае. Ці засталося штось ад старога ULIS’у? Ці цяпер гэта зусім іншы гурт?

«Не пагаджуся наконт супрацьлегласьці. Нельга глядзець на форму, ня ўлічваючы зьмест. Я нездарма вяртаюся да песень зь першых трох альбомаў ULIS’у, пераасэнсоўваючы іх у новым гучаньні.

ULIS заўсёды імкнуўся быць стылёва незалежным гуртом, independent, таму кожны альбом адрозьніваецца ад папярэдняга: „Краіна доўгай белай хмары“ — ад „Чужаніцы“ і г.д.

Гучаньне і ідэі „Люстэрка“ сугучныя з болей сучаснай музыкай, якой проста ня было на пачатку 90-х. Было б сьмешна, калі б ULIS у 2003–2009 гадах граў дакладна так жа, як у 90-м. Я думаю, што і новы альбом будзе гучаць непадобна да „Люстэрка“ і нас ізноў усе будуць запытваць, чаму мы мяняем стыль. :) Адразу адкажу: мне нецікава граць тое, што я ўжо раней граў».

Чаму са старога рэпэртуару вы выконваеце толькі «Радыё Свабода», «Краіна доўгай белай хмары» ды «Кругі на вадзе»?

«Тыя песьні, якія я граю, не страцілі ня толькі сэнсавую, але і музычную актуальнасьць, таму іх можна было перарабіць. Я таксама перарабляў, дарэчы, „Пан Руст“, які выконваў у 2004–2005-м. Іншыя песьні было б складана — або нават немагчыма — перааранжыраваць так, каб яны гучалі сучасна. Ёсьць шмат песень, якія мы пісалі толькі на адным альбоме і потым не маглі граць. Гэта было і на пачатку 90-х. Бо яны гублялі сваю актуальнасьць з пункту гледжаньня стылістыкі».

Ulis

Пра магчымы сольны канцэрт у Беларусі: «Калі будуць прапановы з боку недзяржаўных прадусараў, з задавальненьнем заграем, але самі арганізаваць уласны канцэрт ня зможам, ня тыя часы»

Ці будзеце працягваць канцэртную дзейнасьць? Выступы на BeFree i «Року па вакацыях» выклікалі вялікую цікаўнасьць нават у тых, хто ня верыў у новы ULIS. Ці не плянуеце вялікі сольны канцэрт? NRM, Neuro Dubel, Крама ўжо далі сольнікі ў гэтым сэзоне, маладзейшыя зоркі B.N. i IQ48 дадуць канцэрты ў хуткім часе. Ці не прыйшла й вашая чарга?

«Мы б з радасьцю згралі сольны канцэрт, калі б былі ўпэўненыя, што перад гэтым нам не трэба схадзіць ва ўсім вядомую адміністрацыю за дазволам. :) Калі будуць прапановы наконт сольнага канцэрту з боку недзяржаўных прадусараў, якія гатовыя ўзяцца за гэты канцэрт ужо зараз, з задавальненьнем заграем. Сам гурт арганізаваць уласны канцэрт ня зможа, ня тыя часы».

Пра будучы альбом: «Калі нехта нам знойдзе месца для сталых рэпетыцыяў з апаратурай — альбом будзе праз паўгады»

Ці не зьбіраецеся запісваць новы альбом? Як справы з новымі песьнямі?

«Новы альбом абавязкова будзе. Але канкрэтных датаў на гэтым этапе не чакайце. Калі нехта нам знойдзе месца для сталых рэпетыцыяў з апаратурай — альбом будзе праз паўгады».

Пра дасягненьні: «Што тычыцца мэтаў — так, я выканаў, бо я болей ведаю і ўмею, чым дваццаць год таму»

За больш чым два дзесяцігодзьдзі творчай дзейнасьці — нямала, згадзіцеся — ці выканалі вы нейкую мэту? Як вы лічыце, у чым вашае галоўнае дасягненьне? І ці ня крыўдна, што зараз «Генэралы айчыннага року» — гэта NRM, а не ULIS?

«А хто сказаў, што гэта так? Здаецца, на апошнім канцэрце «генэралаў» мы гралі ўсе разам… Можа, яны і генэралы айчыннага року, але тады ULIS — маршал. :) :) :) (просьба зьвярнуць увагу на смайлы, а то ізноў скажаце, што ў мяне дрэнны характар)

Што тычыцца мэтаў — так, я выканаў, бо я болей ведаю і ўмею, чым дваццаць год таму. А гэта галоўная мэта для чалавека.

ULIS жыў, ULIS жывы і ULIS будзе жыць. Таму ня верце ніякім чуткам!»

Аўтар фота Юра Сідун

Marnatrauny 15:30, 01/12/2008 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.065 seconds.