Цяньаньмэнь – што мы ведаем пра тыя падзеі?
4 чэрвеня 2004 года людзі ва ўсім сьвеце ўзгадвалі пра жахлівую трагедыю, якая 15 гадоў таму адбылася на плошчы Цяньаньмэнь у Пекіне, калі кітайскі камуністычны ўрад загадаў сваім танкам раздушыць мірную студэнцкую дэманстрацыю. У Кітаі таксама пра гэта ўзгадвалі, але там публічныя цырымоніі строга забароненыя, дакладная інфармацыя пра тыя падзеі засакрэчаная, а шчырых афіцыйных ацэнак драмы на плошчы Цяньаньмэнь на даляглядзе ня бачна.
Нават пасьля 15 гадоў лідэры Кітая ўсё яшчэ робяць выгляд, што дэманстрацыя на плошчы Цяньаньмэнь была контррэвалюцыйным паўстаньнем, якое паставіла пад пагрозу бясьпеку Кітая і ягоную будучыню.
Нядаўна прадстаўнікі інтэлігенцыі падпісалі пэтыцыю з заклікам да ўраду перагледзець свае адносіны да дэманстрацыі 1989 года і прызнаць справядлівасьць патрабаваньняў студэнтаў, якія пратэставалі супраць карупцыі і заклікалі да большай ступені справаздачнасьці ўрада. Публічных выбачэньняў патрабуюць і бацькі студэнтаў, што загінулі ў 1989-м.
Аднак не падобна, што штосьці падобнае можа ў хуткім часе адбыцца. На думку аналітыкаў, афіцыйны перагляд падзеяў 1989 года быў бы сур’ёзным выпрабаваньнем для камуністычнага ўраду Кітая, гэта прыцягнула б непажаданую ўвагу да палітыкаў, якія зацьвердзіліся на сваіх пасадах у выніку разгрому дэманстрацыі на плошчы Цяньаньмэнь.
Як паведаміла ў чацьвер агенцыя Reuters, маладых чыноўнікаў прымушалі глядзець новы чатырохгадзінны дакумантальны фільм, каб яны ўпэўніліся, што гвалтоўны разгон дэманстрацыі быў непазьбежны.