Новая хваля маштабнага пратэсту студэнтаў у Ганконгу за права на дэмакратычныя выбары

Прынамсі 26 чалавек былі параненыя сёння пры разгоне шматтысячнай прадэмакратычнай акцыі студэнтаў у Ганконгу. Рэпартажы з акцыі вядуць буйнешыя сусветныя медыі.


Фотаздымкі: Getty Images і twitter.com/byAlanWong

Дзясяткі тысяч студэнтаў акупавалі цэнтральныя вуліцы Ганконга і пратэстуюць супраць палітыкі ўладаў Кітая, якія скасавалі ў рэгіёне правядзенне дэмакратычных выбараў. Паліцыя разганяе студэнтаў слезацечным газам і вадой. На сайце occupycentral.appledaily.com можна ў жывым эфіры назіраць за падзеямі. На уплывовых сусветных медыях рэпартажы з Гонгонга ў гэтыя хвіліны выйшлі ў топ-навіны. CNN, напрыклад, паведамляе пра 26 пацярпелых і піша, што Ганконг паралізаваны, а Dailymail публікуе вялікі фотарэпартаж

У панядзелак тысячы студэнтаў разам з выкладчыкамі выйшлі на акцыі пратэсту. К канцу тыдня акцыі значна пашырыліся, да пратэстаў у розных гарадах далучыліся дзясяткі тысяч удзельнікаў. Колькасць пратэстоўцаў павялічваецца, але паліцыя выцясняе іх з занятых пляцовак.

Пратэсты ў Ганконку арганізаваныя рухам Occupy Central with Love And Peace, лідар якога абвясціў у суботу пра пачатак масавай акцыі непадпарадкавання. Многія удзельнікі акцый прыходзяць на іх з парасонамі і ў масках, каб абараніцца ад газу і вады, якія выкарыстоўваюць для разгону паліцэйскія.

Маштабныя акцыі студэнтаў пачаліся пасля таго, як улады Кітая парушылі ўласныя абяцанні пра правядзенне прамых выбараў кіраўніцтва Ганконга. Сёлета ў жніўні Пекін «перадумаў» і абвясціў, што на выбарах будуць толькі 2-3 кандыдаты, якіх загадзя абярэ спецыяльны камітэт.

Адміністратыўны раён Ганконг доўгі час знаходзіўся пад акупацыяй Вялікабрытаніі і вярнуўся ў склад Кітая толькі ў 1997 годзе. Былая калонія брытанцаў прызвычаілася да капіталістычных парадкаў і да дэмакратычных выбараў. Паводле кітайска-брытанскай дэкларацыі і Асноўнаму закону Ганконга, адміністратыўнаму раёну была прадстаўленая шырокая аўтаномія да 2047 году, ў тым ліку з правам самастойна вырашаць унутраную палітыку. Але Кітай усё часцей парушае свае абяцанні ў дачыненні да Ганконгу.

Да тэмы: Артыкул пра тое, як жывуць беларускія студэнткі ў Кітаі 


Ягор Качын 19:34, 28.09.2014 | Навіны |




comments powered by Disqus
 
In 0.0412 seconds.