У Парыжы пройдзе чэмпіянат сьвету па брэйк-дансу Red Bull BC One

Лепшыя бі-боі сьвету з усяго сьвету зьбяруцца ў Парыжы на знакаміты турнір па брэйк-дансу «Адзін на адзін» — Red Bull BC One 2008. Спаборніцтва за заманлівы тытул «Лепшы бі-бой сьвету» пройдзе 5 лістапада. Шаснаццаць танцораў з адзінаццаці краінаў гатовыя ўсталяваць новыя рэкорды. Беларусы ў лік шчасьліўчыкаў ня трапілі, і беларуская брэйк-данс тусоўка заўзее за прадстаўніка Ўкраіны.

Лепшых танцораў абрала міжнародная каманда экспэртаў. На карысьць пераможцаў гралі ня толькі выбітныя артыстычныя якасьці, але й асаблівы характар і рэпутацыя ў танцавальных колах.

Па выніках спаборніцтва ў Францыі з 16-ці брэйк-дансэраў застанецца толькі адзін пераможца — чэмпіён Red Bull BC One 2008.

Каб перамагчы чэмпіянат, трэба быць праўдзівым бі-боем і ня толькі рытмічна таньчыць, валодаць рознабаковай тэхнікай: крокамі, паваротамі і пераходамі, але й мець харызму, упэўненасьць, пачуцьцё сцэны й байцоўскія якасьці, умець адказаць на выклік суперніка.

Беларуская каманда Wormechanics
Беларуская каманда брэйк-дансэраў Wormechanics на Red Bull Imagio у чэрвені 2008-га на Баравой.

Беларусаў у спаборніцтве няма, але з нашых суседзяў удзел возьме ўкраінец Аляксандар Бабкін (B-Boy Kolobok), які будучы жыхаром маленькага гарадка Арцёмаўск, у свае 21 год назьбіраў нямала тытулаў у брэйк-дансе. У 2006-м ён першы ў сьпісе брэй-дансэраў «Топ 30 Украіны» і ўдзельнік каманды-пераможцы ў Freestyle Session Russia, у 2007-м узяў першае месца ў чэмпіянаце Circle Prince Poland, а ў 2008-м — першае месца ў Chelles Battle Pro.

У лік шаснаццаці ўдзельнікаў Red Bull BC One 2008 трапілі брэйк-дансэры зь Нідэрляндаў, ЗША, Італіі, Паўднёвай Карэі, Паўднёвай Афрыкі, Нямеччыны, Вэнэсуэлы, Францыі, Аўстраліі, Японіі і Ўкраіны.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0629 seconds.