Як у Мінску выбіраюць лепшага пілота папяровых самалётаў

Беларускія студэнты спаборнічаюць на лепшага пілота папяровых самалётаў у адкрытых адборачных этапах. Пераможцы рамантычна-папяровага спаборніцтва паедуць на сусветны чэмпіянат у Аўстрыю.

Red Bull Paper Wings сумесна з Беларускай федэрацыяй авіяцыйнага спорту наладзілі ў Беларусі этап міжнароднага спаборніцтва па запуску папяровых самалёцікаў. Паралельна ва ўсім свеце ў межах кваліфікацыйных палётаў пачынаецца масавае атачэнне паветранай прасторы папяровымі самалёцікамі. Пілоты з розных краін змагаюцца за месца ў нацыянальных этапах. Сусветны фінал пройдзе ў траўні 2015 году на базе легендарнага Ангара-7 у Зальцбургу, дзе базіруецца пілотная каманда Flying Bulls.

Першы адборачны этап у нацыянальны фінал Беларусі прайшоў 28 сакавіка у Ліцэі БДУ. Прыгожыя дзяўчаты-сцюардэсы рэгістравалі ўдзельнікаў у трох намінацыях: «Лепшая аэробаціка», «Самы далёкі палёт» і «Самы даўгі палёт». Маладыя папяровыя авіятары сабраліся ў холе ліцэйскага будынка з высокай столлю і даўгімі фіранкамі.

Першымі выйшлі на ўзлётную паласу ўдзельнікі, чые самалёты спаборнічалі ў самым далёкім палёце. Кожны пілот атрымаў дзве спробы запусціць свой самалёт. У некаторых пілотаў пікіраваны фініш адбываўся адразу на старце, а больш рэактыўным мадэлькам не хапала і даўжыні хола, і у іх самалётаў адбывалася мяккая пасадка ў шторах. Пасадачны талон на фінальны выступ атрымалі 10 лепшых вынікаў палёту.

Наступныя ўдзельнікі спрабавалі затрымаць самалёцік у паветры на найбольшы час. У кожнага таксама было па дзве спробы і 10 самых трывалых атрымалі накіраванні на фінал.

Калі ў двух першых катэгорыях вынік вызначаў толькі пілот і канструкцыя самалёта, то ў трэцяй выхад у фінал выдавала журы на аснове выстаўленых балаў. Удзельнікаў у гэтай намінацыі падалося значна менш, але і пасадачных талонаў у фінал, па выніку выдавалася толькі тры.

Для тых, хто не паспеў атрымаць пасадачны талон на Нацыянальны фінал, але адчувае ў сабе сілу падняць папяровы самалёт, ёсць шанец 1 красавіка ў БНТУ, дзе пройдзе другая частка адбору.

Пераможцы з двух папярэдніх адбораў сустрэнуцца ў нацыянальнымі фінале, які адбудзецца 4 красавіка ў «Арэна-сіці». Надалей удзельнікі будуць змагацца за шанец патрапіць на сусветны фінал у Аўстрыю, каб спаборнічаць са студэнтамі з ўсяго свету.

На першым адборы ў ліцэі БДУ перамаглі Віктар Мажэны (запусціў самалёцік на 23 метры), Васіль Доўгіх (самалёт ляцеў 7.15 секунды), а таксама Людзміла Шутава перамагла ў намінацыі «Аэрабатыка.

На мінулым сусветным чэмпіянаце ў 2012 годзе бралі ўдзел 37 000 канкурэнтаў з 83 краін свету. Гэтым годам арганізатары чакаюць яшчэ большай колькасці пілотаў, якія здолеюць кінуць выклікі ліванцу Элі Кемалі, чый самалёт мінулым разам пратрымаўся ў паветры 10,68 секунды. Рэкорд дальнасці палёту на сёння належыць самалёту чэшскага спартоўца Томаса Бэка (50,37 м), а званне чэмпіёна па аэрабатыцы падзяляюць Раян Накарато і паляк Томаш Чодрыра.

 


Юля Сакалоўская 13:04, 30.03.2015 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0657 seconds.