У Крым на аўто: 3200 кілямэтраў ці ўражаньні з задняга сядзеньня аўтамабіля

­­­

З набліжэньнем лета ўсё актыўней праглядаюцца маршруты, куды павандраваць гэтым разам. Крым не навінка для беларусаў. І мы там бывалі ня раз. Але мінулым летам мы выправіліся не на сваіх дваіх і не на цягніках. А ўпершыню на аўто. Пералапацілі Сеціва ў пошуках парадаў і ехалі туды, можна сказаць, зь імунітэтам. Але досьвед вандроўкі паказаў: вучыцца на чужых памылках добра, але магчымасьцяў ва Ўкраіне і для сваіх адкрыцьцяў хапае. У артыкуле – практычныя занатоўкі з аўтавандроўкі ў Крым і ўражаньні з першай доўгай вандроўкі (3200 км) вачыма чалавека з задняга сядзеньня аўто.

Выехаўшы зь Менску, нам падавалася, што ведаем усё: дзе на мяжы чэргі меншыя, якія дарогі лепшыя і без ДАІ, дзе лепш запраўляцца і, самае галоўнае, дзе шукаць аўтакемпінгі, каб жыць у намётах ды пабліжэй да мора.

Авантурнасьці нашай вандроўцы дадавала тое, што кіроўца ў нас быў толькі адзін і ехаў ён так далёка на машыне ўпершыню. Таму прышпіліся рамянямі бясьпекі і акуратна паехалі, зь лёгкім хваляваньнем. Вырашылі перасякаць мяжу не праз Гомель, а праз Мазыр — чэргі нашмат меншыя. І сапраўды, па прыезьдзе на мяжу ля 11-й гадзіны раніцы, там было ўсяго дзьве-тры машыны.

Дарогі і ДАІ

Нават калі б ня было мяжы, тое, што мы ўжо ва Ўкраіне, відавочна па страшэнных дарогах. Магчыма, галоўныя аўтастрады і палепей, але мы наўмысна абралі варыянт ехаць меншымі трасамі, бо шмат начутыя пра любоў украінскіх ДАІшнікаў да штрафаў па справе і без. Дадаем мапу, якім шляхам мы ехалі. Дарэчы, за ўвесь шлях нас спыніў усяго толькі адзін даішнік — на ўезьдзе ў Крым. Праверыў дакуманты і пажадаў файнага адпачынку. Што да правілаў руху, то гэта асобная гісторыя. Хуткасьць перывашаюць усе. І нават калі будзеш старацца ехаць па правілах, табе ж горш можа апынуцца, таму мы кіраваліся па сытуацыі і «рабілі як людзі».

Ад пачатку мы вырашылі, што мора ня самамэта, а адпачынак пачынаецца ўжо па выезьдзе зь Менску. Таму дарога ў нас заняла амаль два дні, з улікам начоўкі.

Пад Кіраваградам мы спыніліся ў матэлі, а на раніцу з шматлікімі прыпынкамі рушылі ў Крым. Дарэчы, наконт матэляў. Кошт у сярэднім 10 даляраў на чалавека. Мы спыняліся ў Матэлі на ўезьдзе ў горад, бо на трасах спыняецца шмат дальнабойшчыкаў і месцаў там часта ня бывае, а ў горадзе фуры ім, напэўна, нязручна паркаваць.

Трохлітровыя слоікі з чырвонай ікрой

Дакладных плянаў на Крым у нас ня было. Ведалі толькі, што ляжаць селядцамі на адным пляжы ўвесь адпачынак мы не зьбіраемся. А жыць будзем у адмыслова захопленых з сабою намётах і спальніках. І мангал на ўсялякі выпадак схапілі, але так ім і не скарысталіся за ўсю вандроўку. 

Ежы там хапае і так. Таннай і смачнай. На час усяго падарожжа мы забылі смак мяса і елі толькі рыбу. А па дарозе на Крым ёсьць вельмі жывапіснае вадасховішча — Кахоўскае. Гэта проста вырай. Невялікі рынак, разьмешчаны наўпрост па трасе, як цэлая галерэя вэнджаных, сушаных рыб самых разнастайных відаў — мы ўзбагацілі як лексыку так і свае смакавыя прыхільнасьці. А трохлітровыя слоікі з чырвонай ікрой яшчэ доўга будуць мне мроіцца. Ня трэба казаць, што кошты там значна ніжэйшыя за беларускія. І я ведала адразу, што па дарозе назад мы сюды абавязкова заедзем ізноў.

«Палёнае паліва»

­

Дарэчы, наконт «заедзем». Праблема паліва ва Ўкраіне сапраўды не надуманая. Наслухаўшыся ўражаньняў ранейшых вандроўнікаў, мы залілі бак напоўніцу яшчэ ў Беларусі. У нэце нехта пісаў, што ва Ўкраіне лепей запраўляцца на Лукойле і лепш да ўезду ў Крым. Але гэта той выпадак, калі лепш вучыцца на ўласных памылках. Мы заправіліся на Лукойле. Але пазьней машына зараўла як гоначная, а з часам пачала ехаць з праблемамі. Залілі нам дакладна нечага не таго. Ратаваліся мы на запраўцы Shell, якіх ня так шмат ва Ўкраіне. Так што будзьце пільныя.

Аўтакэмпінгі

Пад’яжджаючы да крымскага ўзьбярэжжа вы ведалі толькі, што ў Кактэбелі мусіць быць аўтакэмпінг. Сам горад наагул вельмі шумны, моладзевы. Атмасфэру мы зацанілі і рушылі шукаць кэмпінг. Ён там у самым цэнтры гораду. Кошт на ўсю нашу кампанію з 4-х чалавек і адной машыны склаў 10 даляраў на суткі.

Далейшыя нашыя пляны былі нявызначаныя, але тым і каштоўныя. Машына дазваляе вандраваць куды хочаш. Таму мы на адным месцы не засядалі доўга, але й не прысьпешвалі сябе нікуды. Непасрэдна ў Крыму мы правялі 4 дні. І кожныя суткі ў новым месцы й новым кэмпінгу. Спыняліся ад Кактэбеля да Алушты.

Што да кэмпінгаў, то паўсюль яны па кошце былі прыблізна 10 даляраў на машыну і чатырох чалавек. На месцы бываюць душы і сякія-такія прыбіральні. Мы абіралі кэмпінгі непасрэдна на моры, каб накупацца ўдосталь.

У Кактэбелі кэмпінг нагадаў мне вялікі беспарадкавы рынак: дзе знойдзеш вольны пятачок, там і спрабуеш паставіць намёт на сухім цьвёрдым пяску. Нам пашэнціла і месца ў нас было адно з самых лепшых — на абрыве ля мора. Цэнтар горада, усе забавы побач, мора побач. Уначы горад ажывае – тут усё для тусовак. Тусануўшыся, едзем далей.

А другі дзень мы правялі ў ціхім і акуратным кэмпінгу побач з Судаком — Капсель. Многія там жывуць па месяцу – супрацоўнікі, глянуўшы на нашыя нумары, вітаюць як родных. Кажуць, сюды шмат беларусаў прыяжджае сем’ямі і надоўга. Вельмі акуратны кэмпінг з вызначанымі месцамі, празрыстае мора, чысьціня і спакой. Забаваў няма, у тым і каштоўнасьць. Але праз суткі пачынае не ставаць прадаўцоў сьвежай вэнджанай рыбы, крэвэтак і піва. Толькі людзі і мора. Едзем далей, зьдзівіўшы супрацоўнікаў.

Далей мы рушылі зноўку ў больш актыўныя кэмпінгі. Спыняліся на стаянках у Маларэчанскім і Сонечнагорскім. Кэмпінгі пазначаныя на многіх мапах Крыму, але варта мець вытрымку, каб абраць той, які пасуе найбольш.

Гарадкі наўпрост ля гор і разьмешчаныя ўздоўж трасаў. Ёсьць усё. А ў апошні дзень мора пачало штарміць, таму мы яшчэ й удосталь задаволіліся шумным морам зь вялізнымі хвалямі.

Назад мы паехалі праз Сымфэропаль і далей па вядомай ужо трасе. Марскія ўражаньні дапоўніліся нечаканым заблуканьнем у Крывым рогу. Ня там зьвярнулі і заехалі ў горад. Знакаў няма, начны горад абсалютна без машын, дарогі нагадваюць проста наслаеньне кавалкаў бэтонных плітаў і парэштак асфальту. Выехаць адтуль можна толькі інтуітыўна. Калі на выезьдзе з гораду мы ўбачылі агромністы пажар — гарэў лес, адчувалі сябе сярод дэкарацыяў якога фільма-ужасьціка:) Самыя страшэнныя дарогі ў ваколіцах Крывога рогу.

І яшчэ дзякуй прагрэсу. Асабліва вынаходніцтву запальнічак з убудаванымі ліхтарыкамі. Менавіта такі ліхтарык дапамог мне своечасова агледзецца і не зваліцца на папялішча на ўзбочыне дарогі ля Крывога рогу.

Вандроўка праляцела з кучай новых адкрыцьцяў, гатоўнасьцю да новага працоўнага сэзону і задумкамі на будучае аўтападарожжа з сябрамі на больш доўгую адлегласьць. Першы раз прайшоў удала;) Я амаль зжылася ў адзін арганізм з папругай бясьпекі ў машыне, а сьвет пачала ўспрымаць праз вакно хуткімі зьменлівымі карцінкамі. А смачнай і таннай фарэлі, сёмгі, крэвэтак, ракаў і халоднага піва — гэтага пачало не ставаць ужо празь некалькі дзён у Беларусі. І настальгічна ўзгадваецца самы папулярны дарожны знак ва Ўкраіне: «Дякуемо за чісты узбічча»!

Глядзіце таксама:

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0646 seconds.