Суботнікі — радзіма Зянона Пазьняка

Бясспрэчна, постаць Пазьняка ўвойдзе ў падручнікі ня толькі найноўшай гісторыі, і Суботнікі будуць ганарыцца гэтым. А пакуль стары касьцёл, збудаваны стагодзьдзе таму Ўладзіславам Умястоўскім, і помнік невядомаму Салдату, крыху павернуты ў бок ад касьцёлу, суіснуюць ціха і лагодна. 

Да Суботнікаў нас падкідае мясцовы ксёндз, што едзе зь імшы з Жэмыслаўля. Ён ня так даўна прыехаў з Польшчы, таму яшчэ не адчуў беларускую сытуацыю: на пытаньне пра хату Пазьняка спачатку імкнецца прыгадаць якога верніка з такім прозьвішчам, а потым пачынае спыняцца і пытаць пра хату ў мясцовых.


Суботнікі - радзіма Зянона Пазьняка. Photo by Алесь Bezuher.

Тут у 1944 годзе нарадзіўся Зянон Пазьняк. Цікава, што пазьней, па словах мясцовых жыхароў, у партыю БНФ была запісана амаль што палова насельніцтва вёскі. Сам Пазьняк ужо пасьля сканчэньня Беларускай мастацкай акадэміі і палітычнага ўзьлёту прыяжджаў у Суботнікі і агітаваў мясцовае насельніцтва. Але ж у парлямэнт трапіў па менскай ангарскай выбарчай акрузе.

Як высьвятляецца, Пазьнякоў у Суботніках нават некалькі, але вось «правільнага» памятаюць ня ўсе.

Нарэшце, пад’яжджаем да хаты спрытнай цёткі, якой ксёндз абвяшчае пра нашу «пазьнякоўскую» патрэбу. На тварах вяскоўцаў моцнае зьдзіўленьне зьмяняецца расчараваньнем, бо мы не сваякі Пазьняка і сам ён не вярнуўся з намі.

Першае пытаньне да нас: «А дзе ён зараз і чаму ў Беларусь не вяртаецца?» Адказваць бессэнсоўна: мясцовыя і так усё добра ведаюць. Адзінае, дакладна месцазнаходжаньне ня памятаюць. Кажам, што ў Амэрыцы.

«Ой, Амэрыка… Цяжка там! — зь веданьнем пытаньня запэўнівае цётка. — Хоць і шмат зарабляюць, але ж і працаваць ой як трэба».

«Дык перадайце яму, каб вяртаўся, — просіць добрая жанчына, — няхай сядзіць у сваім парлямэнце, што яму, дрэнна там было?»

Але, як і ўсе па гэты бок Бугу, мясцовыя жыхары далікатных размоваў пра палітыку пазьбягаюць: пачынаецца клясычная беларуская мантра пра стабільнасьць і добрыя пэнсіі.

Хата Пазьняка стаіць наўзбочыне ад дарогі на Жэмыслаўль. Калі ісьці з прыпынку аўтобуса, то варта спачатку павярнуць направа ля касьцёлу, а потым пасьля мосту ля прыватнай крамы зноў направа.


Нэагатычны касьцёл Сьвятога Ўладзіслава ў Суботніках. У сутарэньнях касьцёла вельмі цікавы склеп, аздоблены вэнэцыянскай мазаікай. Photo by Алесь Bezuher.

Ля пазьнякоўскай стаіць хата яго сябра Фэлікса. Ён шмат можа распавесьці і пра Зянона, і пра людзей, якія прыяжджаюць сюды. І будуць прыяжджаць. Адразу перад хатаю выган і мэтраў праз 300 лес. У промнях захаду карціна ідэалістычная. Для мастака і паэта. Але як у такім ціхім мястэчку зьявіўся такі моцны і бескампрамісны палітык?


Пазьнякоўская ідылія. Photo by Алесь Bezuher.


Хата Пазьняка. Photo by Алесь Bezuher.

Верагодна, у станаўленьні палітычных талентаў галоўнага прывіду беларускай палітыкі вялікую ролю гралі гены. Дзед Янка Пазьняк меў, адзінае што, крыху сумнейшы лёс, але такі ж цікавы і востры.

Гледзячы па здымках Пазьняка, які сур’ёзна займаўся фотамайстэрствам і нават меў некалькі надзвычай цікавых выставаў яшчэ ў 70-я, у вёсцы зьмяніліся толькі дарогі (заасфальтавалі) і колькасьць крамаў (зьявілася шмат прыватных). Хата шэрая, як выказалася мясцовая жыхарка «нядобра стаіць». Перад хатаю — крыж.


Крыж ля хаты Пазьняка. Photo by Алесь Bezuher.

Кажуць, ён пастаўлены яшчэ па загаду Ганны Яўхімаўны, маці палітыка, якая жыве цяпер у Менску. Бывала, Юрась Беленькі, паплечнік Зянона Станіслававіча, прывозіў яе сюды паглядзець на хату і дрэвы, што зусім ужо адзічэлі.


Падворак ля пазьнякоўскай хаты. Photo by Алесь Bezuher.

Але падворак даволі прыстойны, вокны забітыя, і праз падбітае шкло вэранды бачныя аскепкі былога жыцьця палітыка: клясычныя савецкія шпалеры і плякат загадкавай сьпявачкі і героя сацыялістычнай працы Марыі Мардасавай у нацыянальным украінскім строі.


Унутры хаты. Photo by Алесь Bezuher.


Хата Зянона Пазьняка. Photo by Алесь Bezuher.

Рака Гаўя, што бачная ля лесу, надзейна ахоўвае пазьнякоўскі рай ад чужынцаў і бед. Перад хатай фактычна паўвостраў і дабрацца сюды можна толькі адным шляхам. І сысьці таксама.

Суботнікі знаходзяцца ў 6 кілямэтрах ад Літвы. Кажуць, некаторыя мясцовыя яшчэ ў 90-я хадзілі паўз лес у Вільню да сваякоў. Зараз па пыльнай дарозе лётаюць толькі «зялёнанумарныя казлы» памежнікаў. У памежнай зоне дагэтуль проста так знаходзіцца нельга. Варта пасьля прыбыцьця ў зону зарэгістравацца.

Як даехаць

Ад Іўя два разы ўдзень акрамя суботы да Жэмыслаўля ходзіць аўтобус (7:00, 14:30). Кошт квітка: 2700. З Суботнікаў да Жэмаслаўля каля 3 км.

Чытайце таксама:

 А мы кіруемся ў Геранёны і Ліду.

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.1044 seconds.