Жэмыслаўль — згублены пэрл Гаўі

Працягваем «ПраДарожжа». Колішняя сядзіба графа Ўмястоўскага як пэрл, які згубілі на беларускім беразе ракі Гаўі. Можна сьцьвярджаць, што калі б такі пэрл згубілі на літоўскім беразе, то каштоўны камень даўна знайшоў бы сваю аправу, як сталася з Нарвілішскім замкам, што знаходзіцца ў кілямэтрах пяці ад гэтых мясьцін і прымае знакаміты Be2gether.

Тут, на левым беразе Гаўі, стаіць шляхетны белы палац, які пакуль захоўваецца ў вельмі прыстойным выглядзе. Эфэкт ад нечаканай сустрэчы з палацавым комплексам (акрамя ўласна палацу тут стаіць гасьцявы дом, гаспадарчыя будынкі і флігелі) незабыўны: уражаньне, быццам ссохлае лісьце, якое пяшчотны чэрвеньскі вецер спрабуе выгнаць з параднага ўваходу, яшчэ памятае лакіраваныя туфлі геранёнскай шляхты.


Палац у Жэмыслаўлі з галоўнага ўваходу. Photo by Алесь Bezuher.

З 1805 г. за будаўніцтва палацу ўзяўся граф Якуб Умястоўскі. Граф любіў падабенства, таму дом стаўся паменшанай копіяй Лазенкаўскага палацу ў Варшаве. Пазьней Умястоўскія захочуць адбудаваць у Суботніках, што недалёка ад палацу, копію ватыканскага сабору сьв. Пятра. Але не пасьпеюць.

Узьведзены Марконі, варшаўскі палац вельмі падобны да жэмыслаўскага як вонкава, так і па ўнутраным строі. Аднак цяпер аб мінулай велічы нагадваюць толькі рамы ў калідорах, дзе-нідзе лепка пад стольлю і мазаіка з пліткі на падлозе. Перад палацам сажалка, а вакол — парк, ад якога цяпер мала што захавалася.


Парк Умястоўскіх. Photo by Алесь Bezuher.

Пра датычнасьць маёнтку да Ўмястоўскіх нагадваюць адзінае што старыя каменныя слупы, што трапляюцца на вочы па ўсім мястэчку. Яны кажуць, што палац быў перададзены Віленскаму ўнівэрсытэту. Яшчэ перад гэтым немцы пасьпелі зрабіць тут курорт. Цікава, што пасьля прыходу савецкай улады тут разьмясьціўся калгас імя Кутузава.

Але нават славуты вайсковец ня выратаваў калгас ад разбурэньня, пра што сьведчаць аскепкі дзейнасьці бугальтэрыі і аграрыяў, раскіданыя па ўсім палацы.


Яшчэ некалькі год таму ў палацы месьціўся калгас. Photo by Алесь Bezuher.

Хаця галоўны ўваход зачынены, у палац лёгка трапіць праз заднія дзьверы, што выходзяць на бераг невялікай затокі. На другім паверсе з кучаў сьмецьця і партрэтаў партыйных кіраўнікоў выглядае старая кафля з сюжэтамі часоў пана Каханку.


1. Нядрэнна захаваліся гаспадарчыя забудовы. 2. Аскепкі кафлі ў жэмыслаўскім палацы.
Photo by Алесь Bezuher.

Мясцовыя жыхары з надзеяй пераказваюць чуткі пра добрага менскага бізнэсмэна, які зьбіраецца набыць і адрэканструяваць сядзібу.


Жыцьцё Жэмыслаўля з вокнаў палацу. Photo by Алесь Bezuher.


Апошняя памяць пра графоў Умястоўскіх. Photo by Алесь Bezuher.

Тым часам элегантны палац усё чакае сваю каштоўную аправу.


Палац Умястоўскіх. Photo by Алесь Bezuher.

Як даехаць

Ад Іўя два разы ўдзень акрамя суботы ходзіць аўтобус (7:00, 14:30). Кошт квітка: 2700.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0607 seconds.