Суд не аднавіў Франака Вячорку на журфак БДУ

26–27 чэрвеня ў судзе Маскоўскага раёну адбылося слуханьне па справе Франака Вячоркі. Адлічаны студэнт намагаўся праз суд спраўдзіць неналежнае выканьне працэдуры адлічэньня яго з 3-га курсу факультэта журналістыкі БДУ. Нягледзячы на добра выбудаваную лінію абароны, як для Франака, так і для ягонага адваката вынік быў прадказальным — суд не задаволіў скаргу.

­

 

Са спазьненьнем у паўгадзіны суд пачаўся ўвечары 26 чэрвеня. Ад пачатку відэаздымкі вяло БТ. Нават у залі суда, аднак, як толькі адвакат Вячоркі зьбіралася папрасіць судзьдзю забараніць здымкі слуханьня, прадстаўнікі тэлеканалу зьбеглі.

Як і многія іншыя суды, гэты напачатку нагадваў камэдыю. Ад імя Стражава выступалі дзьве прадстаўніцы ўнівэрсытэту. Пакуль чакалі судзьдзю, юрысткі БДУ падкрэсьлівалі радкі Грамадзянскага працэсуальнага кодэксу.

І хаця сам Франак ад пачатку быў упэўнены ў адмоўным выніку, падавалася, што пры такой слабой пазыцыі ўнівэрсытэту перамога ўсё ж магчымая.

Галоўным адрозьненьнем у пазыцыі бакоў было тое, лічыць не лічыць знаходжаньне на Акрэсьціна паважлівай прычынай для няяўкі на іспыт. Нагадаем, што падчас зімовай сэсіі Франаку прысудзілі 15 сутак адміністратыўнага арышту нібыта за лаянку. Таму ён прапусьціў два іспыты. Адразу ж па вызваленьні Франак зьвярнуўся ў дэканат па пераздачу.

Не палічыўшы прычыну паважлівай, для Франака была скліканая адмысловая камісія, якая і паставіла яму нездавальняючыя адзнакі. Іспыты ён здаваў два дні запар. Падчас другога Франак вёў дыктафонны запіс, які, аднак, судом прыняты ня быў, бо праводзіўся бяз ведама выкладчыкаў.

І хаця запіс ня можа выкарыстоўвацца ў судзе, зь яго відавочна, што камісія прадузята паставілася да Франака. Маючы 10 балаў па курсавой, 7 за прамежкавую атэстацыю і 10 за рэйтынг па прадмеце «Стылістыка беларускай мовы» Франак усё ж атрымаў нездавальняючую адзнаку.

Са словаў адной з прадстаўніц унівэрсытэту, Франак Вячорка зьяўляўся шэраговым студэнтам. А добрым студэнтам можна лічыць толькі такога, што мае «адныя 9-кі і 10-кі, трэцяга ня дадзенае». Сярэдні бал Франака — 8,47.

Рашэньне суда было зачытанае судзьдзёй вельмі хутка. Камэнтуючы вынікі, Франак паабяцаў не спыняцца.

«Суд паказаў, што ў краіне судовая сыстэма адсутнічае. Суд ня будзе абараняць правы грамадзянаў, тым больш моладзі, пакуль у краіне пануе аўтарытарызм. Я не чакаў, што суд за мяне заступіцца, але спадзяваўся апублікаваць матэрыялы справы і імёны тых, хто спрычыніўся да майго неправамернага выключэньня, якое плянавалася ад моманту майго затрыманьня».

За мяжу зьяжджаць не зьбіраецца. Паспрабуе ўсё ж скончыць адукацыю ў беларускай ВНУ. Як варыянт — завочнае аддзяленьне ў іншай краіне.

«Без вышэйшай адукацыі не абысьціся. Больш таго, я плянаваў атрымаць не адну адукацыю».

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0605 seconds.