Буйнейшы прадавец музыкі ў Вялікабрытаніі спыніць продаж сынглаў з-за наступу інтэрнэт-сэрвісаў
CD-сынглы, якія раней замянілі вініл ды касэты, цяпер саступаюць інтэрнэт-спампоўваньню. Буйнейшы прадавец музыкі ў Вялікабрытаніі - сетка крамаў Woolworths - абвясьціў аб хуткім спыненьні продажу сынглаў на кампакт-дысках. Кружэлкі, якія ўтрымоўваюць адну-дзьве песьні, зьнікнуць з прылаўкаў у жніўні гэтага года. Чыньнікам такога рашэньня стала нерэнтабельнасьць сынглаў: вялікая частка карыстальнікаў купляе асобныя песьні праз інтэрнэт.
Кампанія Woolworths будзе выпускаць кружэлкі з сынгламі толькі ў разавых выпадках, напрыклад, пасьля аб'яўленьня пераможцаў буйных музычных конкурсаў. Акрамя таго, музычны гігант запускае ўласны інтэрнэт-сэрвіс, дзе можна набываць музычныя кампазыцыі, якія займаюць першыя месцы ў рэйтынгах.
Woolworths прадае музычныя сынглы з 1952 года. Аднак у апошні час іх продажы моцна зьнізіліся з-за зручных музычных сэрвісаў у Сеціве, паведамляе газэта The Daily Telegraph.
У 1999 годзе з прылаўкаў Woolworths было прададзена 78 мільёнаў сынглаў. А ў 2007 годзе крамы прадалі толькі 8 мільёнаў сынглаў, у той час як інтэрнэт-карыстальнікі купілі ў Сеціве 72,6 мільёна кампазыцый. Пералом адбыўся ўсяго 3 гады таму, калі колькасьць прададзеных сынглаў у крамах стала меней за прададзеныя ў Сеціве.
Цікавы факт, што апошні сынгл на вініле быў прададзены крамамі Woolworths ў 1994 годзе, а на касэце – 10 год таму.
Тым часам ня гледзячы на наступ інтэрнэта, некаторыя сусьветныя кампанія робяць спробы прасоўваньня продажу сынгалаў на новых носьбітах. Так, напрыклад, Universal у канцы мінулага году пачала прадаваць некаторыя сынглы на USB-флэшках.