«Крамбамбуля» рыхтуе сьвята адпачынку па-чарнагорску

Сэзон адпачынкаў гурт «Крамбамбуля» распачынае вялікім канцэртным круізам па Беларусі. А ў гарачы на канцэрты менскі травень музыкі бадзёра прапануюць сольны канцэрт «Хвалі пазытыву», дзе будуць сьвяткаваць дзень незалежнасьці Чарнагорыі. Далей у матэрыяле — пра шоў, пра запаветы сапраўднага чарнагорца і тур па краіне.

­


Крамбамбуля. Сакавік 2008. Фота Андрэя Шчукіна.

Чаму? Па-першае, гэта афіцыйнае сьвята Чарнагорыі, таму што 21 траўня 2006 году адбыўся рэфэрэндум, па выніках якога былая югаслаўская рэспубліка стала незалежнай дзяржавай. Але галоўнае ў іншым — жыхары менавіта гэтай краіны маюць, напэўна, самае ўзьнёслае ў сьвеце стаўленьне да адпачынку. На гэтую тэму ёсьць нават 10 запаветаў сапраўднага чарнагорца*, першы зь якіх сьцьвярджае: «Чалавек нараджаецца стомленым і жыве для таго, каб адпачываць».

«Вельмі сымбалічна, што канцэрт нашай брыгады музычнага пазытыву прыпаў на сьвята менавіта гэтай краіны, вельмі блізкай да „Крамбамбулі“ па сваёй мэнтальнасьці і ідэалёгіі. Таму мы вырашылі яго як сьлед адзначыць», — тлумачыць лідэр гурта Лявон Вольскі.

Як заўжды «Крамбамбуля» зьбіраецца прыемна зьдзівіць гледачоў. Чарнагорыя — вядомы марскі курорт, таму падчас канцэрту сцэна КЗ «Мінск» ператварыцца ў сапраўдны пляж з адпаведнай атмасфэрай і шэрагам прыемных сюрпрызаў. Нагадаем, што ў праграме возьмуць удзел Святлана Зелянкоўская, Ганна Хітрык, Вольга Самусік і іншыя артысты, якія засьпяваюць з «Крамбамбуляй» ужо вядомыя і новыя дуэты.

Цікава, што на гэта вялікае сьвята музыкі гурта жадалі нават запрасіць афіцыйных прадстаўнікоў Чарнагорыі, але высьветлілася, што ў Беларусі гэта маладая краіна пакуль што не мае ні амбасады, ні консульства.

«Пасьля нашага канцэрту адразу зьявіцца!» — упэўнены Лявон.

Між тым ужо ў чацьвер пачнецца тур «Крамбамбулі» па Беларусі. Канцэрт у Менску адбудзецца 21 траўня ў к/з «Менск». Квіткі 15-37 тыс. Даведка: VELCOM (29) 655 55 96, МТС (33) 655 55 96.

*10 запаветаў сапраўднага чарнагорца

  • Чалавек нараджаецца стомленым і жыве для таго, каб адпачываць.
  • Шануй свой ложак, як самаго сябе.
  • Адпачывай удзень, каб спаць уначы.
  • Не працуй — праца забівае.
  • Калі бачыш кагосьці, хто адпачывае, — дапамажы яму.
  • Не рабі сёння тое, што можна зрабіць заўтра.
  • Рабі меньш, чым здольны. Што можна, даручы іншаму.
  • Ад адпачынку яшчэ ніхто не памёр.
  • Праца прыносіць хваробы — не памры маладым.
  • Калі захочаш працаваць — сядзь, пачакай. Пабачыш — гэта пройдзе.
­­

паводле прэс-рэлізу

10:00, 14/05/2008 | Анонсы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0599 seconds.