«Ляпіс Трубяцкой» пакажа палову новага альбому
Меркавалася, што на канцэрце ў Менску 9 траўня «Ляпісы» з праграмай «Капітал» сыграюць толькі некалькі песень з будучага альбому, але праца над новым дыскам ідзе так хутка, што абяцанак будзе значна перавыкананы.
Зараз музыкі з «Ляпіса Трубяцкога» праводзяць увесь вольны ад гастроляў час у Кіеве, дзе на студыі «211» ідзе праца над новай кружэлкай гурта. Кіруе працэсам саўндпрадусар Віталь Цялезін, зь якім пісаўся альбом «Капітал».
Сяргей Міхалок. Фота Юрыя Фэдарэнка.
Справа ідзе так хутка, што ўжо зараз Сяргей Міхалок кажа аб верагоднасьці выпуску новага дыска да канца 2008 году.
«Напачатку мы плянавалі ягоны выхад на вясну 2009, але калі ўсё будзе працягвацца ў тым жа ключы, ёсьць усе шанцы выпусьціць яго бліжэйшай восеньню», — лічыць Міхалок.
Натуральна, студыйная праца ўплывае і на канцэртны рэпэртуар. Чакаецца, што менавіта на канцэрце 9 траўня ў Менску «Ляпісы» ўпершыню пакажуць ля паловы песень новага дыску. Сяргей Міхалок гэтаму толькі рады:
«Я рады, што ўсё так супадае, бо нашага новага канцэрту ў Беларусі з новай праграмай мабыць прыйдзецца чакаць дастаткова доўга. А так атрымліваецца, што па сутнасьці мы тут і зладзім прэм’еру».
Прэм’ера абяцае быць гучнай і гарачай — квіткі на танцпляц ужо даўна скончыліся, месцаў для сядзеньня таксама засталося ня шмат.
паводле прэс-рэлізу