У БДЭУ прафсумоўе не прайшоў толькі адзін абітурыент

Дзьве суботы запар у БДЭУ праходзяць прафэсійна-псыхалягічныя сумоўі па спэцыяльнасьцях: «дзяржаўнае кіраваньне», «дзяржаўнае кіраваньне і права», «дзяржаўнае кіраваньне і эканоміка». З 307 чалавек не адказаў ні на адно пытаньне камісіі толькі адзін, большасьць абітурыентаў — сябры БРСМ.

­


Камісія задае пытаньні абітурыентцы. Фота з «Рэспублікі»

Яшчэ тром абітурыентам адмовілі ў рэкамэндацыі з прычыны запісу на сумоўе ў іншай ВНУ (адной з умоваў рэгістрацыі было, што абітурыент можа праходзіць прафсумоўе па дадзенай спэцыяльнасьці толькі раз).

Усяго на тры дні правядзеньня сумоўя — 5, 12 і 19 красавіка — у Эканамічным унівэрсытэце зарэгістраваліся 592 абітурыенты. Ужо прайшлі 307, не зьявіліся 35.

Адказны сакратар прыёмнай камісіі Генадзь Мацецкі распавёў газэце «Рэспубліка» пра арганізацыю прафэсійна-псыхалягічнага сумоўя ў БДЭУ, карэспандэнтцы гэтай газэты таксама дазволілі папрысутнічаць на сумоўі.

Большасьць абітурыентаў аказаліся сябрамі БРСМ з сярэднім балам атэстата ня меней за 8,5 балы. Па ацэнцы камісіі, яны маюць актыўную жыцьцёвую пазыцыю і матывацыю ў выбары прафэсіі.

Адзін абітурыент так патлумачыў свой выбар: «Хачу стаць у будучыні прэзыдэнтам краіны, а бяз ведаў дзяржкіраваньня і эканомікі, лічу, гэтага мне не дамагчыся». Карэспандэнтцы «Рэспублікі» адказ падаўся нечаканым.

Некаторыя абітурыенты заяўлялі, што прыйшлі на сумоўе на ўсялякі выпадак — паступаць зьбіраюцца на іншую спэцыяльнасьць.

Сумоўі адначасова праходзяць і ў іншых ВНУ краіны. Пры распрацоўцы правілаў абітурыентам абяцалі роўны падыход ва ўсіх установах. Аднак розьніца ёсьць. Напрыклад, адказны сакратар прыёмнай камісіі Эканамічнага ўнівэрсытэту распавёў, што арганізатары намагаліся адысьці ад атмасфэры іспыту, да аўдыторыяў дапускалі і тых, хто прыйшоў падтрымаць будучых студэнтаў. А ў БДУ на прафсумоўі па журналістыцы 5 красавіка  панавала якраз экзамэнацыйная атмасфэра. Доступ да аўдыторыяў  быў дазволены толькі абітурыентам. У БДЭУ рэкамэндацыі давалі ўсім, хто адказаў хаця б на адно пытаньне. Франак Вячорка, які праходзіў прафсумоўе ў БДУ, на пытаньні камісіі адказваў, але стаў адзіным, хто не атрымаў рэкамэндацыі на журфак 5 красавіка.

Апошні дзень правядзеньня прафсумоўяў на спэцыяльнасьці «дзяржаўнае кіраваньне», «дзяржаўнае кіраваньне і права», «міжнародныя адносіны», «правазнаўства», «міжнароднае права», «эканамічнае права», «журналістыка», «міжнародная журналістыка», «мытная справа» — 19 красавіка. Рэзэрвны дзень — 30 красавіка. Усяго запісаліся больш за 15 тысяч абітурыентаў. Пачатак рэгістрацыі абітурыентаў на цэнтралізаванае тэставаньне — 2 траўня.

SlaDa 16:03, 15/04/2008 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0602 seconds.