Дэпутаты прапануюць выдаваць беларускім пэдагогам ліцэнзіі

Увесьці ліцэнзіі для пэдагогаў — такі чарговы «крэатыў» зьявіўся ў дэпутатаў ППНС у часе распрацоўкі Кодэксу аб Адукацыі. Пра гэта журналістам паведаміў сёньня дэпутат Здановіч. Акрамя таго ідзе абмеркаваньне магчымасьці пашырыць сьпіс спэцыяльнасьцяў, для паступленьня на якія неабходна прайсьці прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе.

Прапанова дэпутатаў заключаецца ў тым, што маладыя людзі, што атрымалі дыплём пэдагога, прайшлі па разьмеркаваньні на працу, папрацавалі пэўны час, а потым атрымалі ліцэнзію на права далейшай дзейнасьці, перадае БелТА словы старшыні камісіі па адукацыі, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу ніжняй палаты парлямэнту Ўладзіміра Здановіча.

Паводле яго словаў праз год-два настаўніцкай практыкі стане зразумела, падабаецца спэцыялісту гэта праца ці не.

«Можа быць, гэты настаўнік больш шкоды прынясе дзецям, чым карысьці, але ў той жа час зь яго атрымаецца добры тэарэтык» — лічыць Здановіч.

Хто будзе вырашаць падабаецца праца спэцыялісту і ці не прыносіць ён шкоду — не паведамляецца.

Акрамя таго, дэпутаты не выключаюць магчымасьць пашырэньня сьпісу спэцыяльнасьцяў. Для паступленьня на якія неабходна прайсьці прафэсійна-псыхалягічнае сумоўе.

Здановіч лічыць, што ў часе вучобы ў ВНУ, і пасьля яго заканчэньня неабходна праводзіць дасканалы адбор кандыдатаў, якія будуць працаваць непасрэдна з людзьмі, тым больш зь дзецьмі.

Уні Вера 15:11, 23/02/2010 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.063 seconds.