Студэнтам пагражаюць адлічэннем за паленне па-за тэрыторыяй універсітэту

Кодэкс аб адукацыі дазваляе цяпер адлічаць студэнтаў нават за паленне. У Берасцейскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце (БрДТУ) гэтым карыстаюцца і пагражаюць студэнтам адлічэннем за паленне нават па-за тэрыторыяй ВНУ.

Год таму Міністэрства адукацыі выдала загад, паводле якога курэнне ва ўстановах адукацыі і на іх тэрыторыі забаранілі. Прыкладна ў гэты ж час БрДТУ аб’яўлены ў загадзе рэктара «тэрыторыяй, свабоднай ад палення». Месцы для палення, адведзеныя яшчэ ў 2003 годзе, зачынілі, а альтэрнатывы студэнтам не далі. І тыя, як піша «Берасцейская газета», самі знайшлі выйсце: курыць у метры-двух за варотамі навучальнай установы, бо фармальна гэта ўжо не тэрыторыя БрДТУ.

Аднак тое не спадабалася жыхарам суседніх дамоў, і адміністрацыя атрымала некалькі лістоў з скаргамі на студэнтаў-курцоў. У выніку паліць студэнтам забаранілі і на алеях, якія ідуць уздоўж універсітэта, а ўжо тым больш — у бліжэйшых дварах.

«Нам сказалі, што калі зловяць, то могуць даць вымову, нават да адлічэння, — распавядае адна з студэнтак БрДТУ Віка. — І што ў нас ёсць тры выйсця: альбо ісці „ў палі“ (за футбольнае поле), альбо цярпець да дома, альбо кідаць паліць».

Праўда, праз пэўны час месца для палення знайшлі: абодва — за аўтастаянкамі ўніверсітэту, «далей ад людзей». Аднак гэта неафіцыйныя «курылка», бо БрДТУ не мае права ладзіць іх на чужой тэрыторыі. Студэнты таксама незадаволеныя: месца надта далёка ад навучальнага корпусу і хадзіць паліць туды не хапае часу — прыходзіцца спазняцца на заняткі.

Адміністрацыя ўніверсітэту, выканаўшы загад Міністэрства адукацыі, вынесла праблему за межы сваёй тэрыторыі, што вылілася ў дадатковыя праблемы. І калі раней у адмысловым месцы можна было паліць, не замінаючы іншым, то цяпер курцоў проста штурхаюць на парушэнні. І пагражаюць санкцыямі.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0618 seconds.