На роварную трасу — толькі па флікерах

Уздоўж Сьвіслачы напрыканцы 2008 верагодна можна будзе назіраць казачнае відовішча — чарада агенчыкаў, што плывуць па вечаровым горадзе… Сёньня стала вядома, што распачалося будаўніцтва роварнай трасы, а таксама стартавала акцыя флікерацыі раварыстаў «Калі сеў на ровар — не забудзься на камізэльку».­

­

На апэратыўнай нарадзе ў мэрыі паведамілі, што будаўніцтва роварнай трасы распачатае — яна пройдзе ўздоўж ракі Сьвіслач праз Партызанскі, Першамайскі і Ленінскі раёны.

Падрыхтоўка да дэмантажу пакрыцьця пачалася на першым зь пяці адрэзкаў трасы: ад вуліцы Першамайскай да чыгункі ў раёне Аранскай.

Нагадаем, што траса працягласьцю 27 км ня выклікала асаблівага энтузіязму ў колах заўзятараў ровараў, а кошт яе — 10 мільёнаў даляраў — параўнальна высокі: 385$ за мэтар трасы.

У інтарэсах раварыстаў выдаткоўваюцца ня толькі фінансавыя, але і чалавечыя рэсурсы: увесь асабовы склад міліцыі грамадзкай бясьпекі, то бок супрацоўнікі ДАІ, патрульна-паставая служба міліцыі, участковыя інспэктары міліцыі, інспэктары па справах няпоўнагадовых ды іншыя. Усе яны возьмуць удзел у мерапрыемствах па забесьпячэньню бясьпекі дарожнага руху раварыстаў.

Па словах міністра ўнутраных спраў Уладзіміра Навумава, акцыя будзе праходзіць з 17 па 26 сакавіка па ўсёй краіне.

Разам з дружыньнікамі і брсмаўцамі супрацоўнікі міліцыі абыйдуць прыватныя падвор’і і правераць, ці ёсьць на роварах флікеры ды нагадаюць пра неабходнасьць выкарыстаньня сьвятлоадбівальных элемэнтаў.

Нагадаем, што з 20 жніўня ў краіне праходзіць бестэрміновая рэспубліканская кампанія «Стань прыкметным у цемры», мэта якой — флікер на кожным грамадзяніне, транспартным сродку і дамашнім любімцы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0674 seconds.