У Менску пабудуюць 27 км велатрасы

У сталіцы зьявіцца 27 кілямэтраў добраўпарадкаванай веладарожкі. Як будзе праходзіць будаўніцтва і што наконт гэтага думаюць раварысты са стажам, пацікавіўся Generation.by.

Архітэктары «Менскпраекта» распрацоўваюць велатрасу, якая пройдзе праз увесь Менск уздоўж ракі Сьвіслач. Шырыня трасы будзе вагацца ад 2,5 да 3,5 мэтраў, а даўжыня складзе 27 кілямэтраў. Рухацца па дарозе можна будзе ў двух напрамках, таксама ўздоўж яе прадугледжана пешаходная зона.

Праект дарогі быў зацьверджаны і зараз дэталёва рыхтуецца яе першы кавалак – ад прашпэкта Машэрава (Пераможцаў) да вуліцы Арлоўскай. Дзеля ўсёй трасы прыйдзецца ў адным месцы пашырыць узьбярэжжа Сьвіслачы, а таксама месцамі ўзьвесьці масты.

Тым, як будзе праходзіць будаўніцтва дарогі, дзеліцца на форуме Poehali.net адзін з архітэктараў праекту: уся веладарога падзеленая на тры этапы праектаваньня, першая частка праекта мусіць быць гатовая 30 верасьня, другая – ў сьнежні, а трэцяя – ўжо ў траўні 2008.

Па маршруце дарожкі будзе разьмяшчацца 12 пунктаў харчаваньня і адпачынку, а таксама «малыя формы»: лавачкі, сьметніцы, ліхтары і стэнды.

Generation.by пацікавіўся ў заўзятых раварыстаў, што яны думаюць наконт гэтай трасы. Па словах Віталіка Bstard, аднаго зь першых удзельнікаў «Крытычнай масы», гэта будзе прагулачная дарога. А рух «Крытычная маса» выступае за стварэньне нармалёвых умоваў для практычнага выкарыстаньня ровараў: каб дабрацца на працу, на вучобу і гэтак далей. І ўвогуле – за зьмены адносінаў да раварыстаў. А зьвілістая дарожка для адпачынку ўздоўж ракі ня моцна палепшыць іх жыцьцё.

Веладарожка не выклікала энтузіязму і яшчэ ў аднаго ўдзельніка «Крытычнай масы» - Мішы, вядомага як Jazzman. Ён лічыць, што ў нашых умовах праект ня хутка рэалізуюць, а карыстацца ўрывістымі кавалкамі дарогі ня зручна.

Тым больш што адносіны гарадзкіх уладаў і масавага руху раварыстаў няпростыя. Добры таму прыклад ліпеньская «Крытычнай маса», якая традыцыйна праходзіла ў апошнюю пятніцу месяца, і прыпала на 27 ліпеня. Таму ўдзел узялі ня толькі раварысты, але і АМАПаўцы. У выніку – сарваная акцыя, затрыманьні і штрафы ўдзельнікам. Больш падрабязныя водгукі на дзевятнаццатую «Крытычную масу» можна знайсьці на форуме.

Але, як бы там ні было, 27 кілямэтраў  - гэта ўжо штосьці. Галоўнае, каб архітэктары і гарадзкія ўлады, якія збольшага перасоўваюцца па Менску на аўтамабілях, прыслухоўваліся да тых, для каго ровар – частка штодзённага жыцьця.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0643 seconds.