Роварная дарожка будзе каштаваць Менску 10 мільёнаў даляраў

Актыўнасьць аматараў ровараў прымусіла гарадзкое кіраўніцтва задумацца аб паляпшэньні ўмоваў: каб якая крытычная маса не парушала менскі спакой, вырашана пабудаваць 26 км роварнай трасы. Але асаблівага энтузіязму гэтая навіна ў колах заўзятараў не выклікала. Сёньня стаў вядомы кошт пабудовы.

Як паведамляе БЕЛТА, будаўніцтва трасы будзе завершанае ў 2008. Пачаць яго абяцаюць ужо да канца гэтага году.

Працягласьць трасы складзе 26 км, шырыня — 3 мэтры. Яна пройдзе праз тры раёны сталіцы (Цэнтральны, Партызанскі і Ленінскі). Пра астатнія падрабязнасьці мы ўжо пісалі.

А зараз, увага, кошт праекту: 10 мільёнаў даляраў. Атрымоўваецца, што 1 мэтар трасы абыдзецца гораду ў 385$. Ня тое што дорага, а вельмі дорага.

Нават калі прыняць да ўвагі, што гэта будзе ня проста дарожка, а цэлы комплекс з шапікамі і г.д., пэўна выгодней было б проста здаць на прымальных умовах тэрыторыю прыватнікам — яны б забясьпечылі сэрвіс.

І як ужо казаў актыўны ўдзельнік, адзін з заснавальнікаў руху «Крытычная маса» Віталік Bstard, раварыстам патрэбна не дарожка для прагулак у сьвяточныя дні, а нармалёвыя ўмовы для перасоўваньня па горадзе па сваіх штодзённых справах. 

LJ-карыстальнік czyk пайшоў у сваіх падліках далей: параўнаў кошт нашай трасы з замежнымі. Атрымалася, што ў Амэрыцы за тыя ж грошы можна пракласьці дарожку ў 116 міль (187 км). А ў Польшчы ёсьць праект на 120 км роварных дарог коштам 2.5 мільёны даляраў.

З улікам таго, што выдаткі ў нас мусяць быць меней хаця б за кошт больш таннай працоўнай сілы, нашая дарожка будзе проста залатая.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0612 seconds.