Зьміцер Жалезьнічэнка будзе зьвяртацца ў вышэйшыя судовыя інстанцыі
Суд цэнтральнага раёну Гомеля не задаволіў скаргу Алы Жалезьнічэнкі, нягледзячы на важкія аргумэнты абароны. Такім чынам, абскарджваць сваё адлічэньне Зьміцер Жалезьнічэнка працягне ў вышэйшых судовых інстанцыях.
Суд пачаўся ўчора, 5 верасьня. Але Зьміцер адпачатку не разьлічваў на пасьпяховы сыход менавіта гэтага паседжаньня: пазыцыя судзьдзі была відавочнай і прадвызначанай. Пра гэта Generation.by даведаўся ў тэлефоннай гутарцы са Зьмітром.
Са словаў Алы Жалезьнічэнкі, у прадстаўнікоў унівэрсытэту не ставала абвяржэньняў, але нягледзячы на гэта, судзьдзя Жанна Андрэйчык адхіліла скаргу маці Зьмітра. Спадарыня Ала падзялілася, што наконт сыходу ў яе былі такія ж прадчуваньні, што і ў Зьмітра.
Доказ неправамоцнасьці другога адлічэньня Зьмітра Жалезьнічэнкі базаваўся на наступным:
- падставай для адлічэньня стаў адміністратыўны арышт Зьмітра 18 верасьня. Але паколькі першы раз ён быў адлічаны 7 верасьня, правілы ўнутранага распарадку ўнівэрсытэта на яго распаўсюджвацца не маглі — папросту, Зьміцер на той момант студэнтам не зьяўляўся;
- Зьмітра адлічылі, калі ён знаходзіўся на бальнічным і падчас вакацыяў, што ёсьць парушэньнем парадку адлічэньня;
- рашэньне аб адлічэньне было прынятае не прафкомам, а прэзыдыюмам прафкому ўнівэрсытэту.
Каб прадстаўляць інтарэсы свайго сына, Але Жалезьнічэнцы прыйшлося вельмі рупліва вывучыць заканадаўства. Яна не губляе надзеі, што ў хуткім часе справа вырашыцца па законе.