Прэміямі Партыі БНФ уганараваныя Жалезьнічэнка, Вайцюшкевіч і Салаўёў

15 сакавіка Партыя БНФ абвясьціла ляўрэатаў Прэміі БНФ: бронзавую статуэтку «Пагоні» з рук Лявона Баршчэўскага атрымалі Зьміцер Вайцюшкевіч ды Зьміцер Салаўёў. Трэці ляўрэат — Зьміцер Жалезьнічэнка — знаходзіцца ў войску. Узнагароду яму прывязуць сябры партыі.­

Прэмія Партыі БНФ была заснаваная ў 2007. Па словах кіраўніка БНФ Лявона Баршчэўскага, у нашай краіне ёсьць прэміі імя слаўных дзеячаў, ёсьць прэміі, якія ўручаюцца паважанымі арганізацыямі, ёсьць і дзяржаўныя прэміі і ўзнагароды, якія часта атрымоўваюць ня тыя, хто сапраўды варты.

«Прэмія Партыі Беларускі народны фронт безграшовая. Яна не палепшыць фінансавага становішча, не вырашыць жыцьцёвых праблем. Але гэта справа шанаваньня выдатных людзей», — патлумачыў Лявон Баршчэўскі.

«Пагоню» і дыплём за «Грамадзкую чыннасьць» атрымаў Зьміцер Жалезьнічэнка. Узнагароду ён заслужыў за сваю актыўную дзейнасьць у Партыі і ў Моладзі БНФ, барацьбу супраць незаконнага адлічэньня і прызыву ў войска з парушэньнямі, за спробы беларусізацыі войска. Прэмію Зьміцер атрымае ў вайсковай частцы — на адных з выходных сябры партыі паедуць у Жлобін, дзе Зьміцер служыць.

Зьміцер Салаўёў, старшыня Магілёўскай гарадзкой арганізацыі ПБНФ, сьціпла адзначыў тую справу, за якую атрымаў прэмію ў галіне «Адукацыя»: ён дамогся таго, што магілёўскія дзеткі зараз могуць наведваць беларускамоўны садок. Зьміцер найперш падзякаваў беларускамоўным бацькам і Партыі за давер.

Па словах Лявона Баршчэўскага, без арганізатарскіх здольнасьцяў і ўпартасьці Зьмітра Салаўёва ва ўмовах сёньняшняга Магілёва адкрыць адзіны ў горадзе садок зь беларускай моваю не атрымалася б.

Фармальная падставаю для ўручэньня прэміі за «Культуру» Зьмітру Вайцюшкевічу стаў альбом на словы Генадзя Бураўкіна «Лірыка». Але ў сваім рашэньні журы кіравалася і ўсімі папярэднімі заслугамі Вайцюшкевіча, ягоным унёскам у беларускую культуру.

 

Па словах Зьмітра, гэта сама важкая ў ягоным жыцьці ўзнагарода і атрымаў ён яе не з-за добрых стасункаў зь Лявонам Баршчэўскім:):

«Нашая барацьба ў канцэртных залях, у беларускім слове. Жыве Беларусь!»

Таксама Вайцюшкевіч падзяліўся плянамі пайсьці «у народ» — праехацца з канцэртамі па Беларусі.

Сярод іншых песень Зьміцер выканаў кампазыцыю «Наш сьцяг», вершы да якой напісаў Уладзімір Някляеў адмыслова да 90-х угодкаў БНР. Зьміцер адзначыў, што яна вартая таго, каб яе ведалі і сьпявалі.

Дыплёмы ад Партыі БНФ таксама атрымалі Алесь Яўдаха, Іван Шыла, Тамара Шчапёткіна і Алесь Цыркуноў.

Былі падведзеныя вынікі паэтычнага конкурсу «Заклён на волю». Першае месца заняў баранавіцкі паэт Аляксей Белы, другое і трэцяе — Алена Арцёмава і Зьміцер Смалякоў.

 

Цырымонія скончылася выступамі бардаў Зьмітра Казлоўскага і Дар’і Кадамскай.

 

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.076 seconds.