Музычны пераварот на «360 градусаў»
Рэвалюцыйны накірунак разьвіцьця сусьветнага шоўбізу быў акрэсьлены на буйным музычным форуме MIDEM, які завяршыўся 1 лютага ў Канах. MIDEM — гэта адначасова і выстава, і канфэрэнцыя, і прэмія. Канцэпцыя «музыка за грошы» перарасла ў «360 градусаў» — назоў адлюстроўвае каардынальнасьць пераменаў.
Кругам!
Большасьць экспэртаў з розных краін сьвету сышліся на тым, што зараз — час каардынальных пераменаў. Музычная індустрыя разьвернецца на 360 градусаў, таму новы накірунак так і называецца — «360 degrees».
Гэта значыць, што кампаніі гуказапісу зараз будуць займацца ня толькі рэлізам альбомаў, але і арганізацыяй канцэртаў, лічбавымі продажамі, маркетынгам, іміджам, прасоўваньнем і гэтак далей. Адным словам — усім.
Гэта мадэль, па сутнасьці, рэвалюцыйная, хаця ўжо ўжываецца ў асобных краінах, напрыклад, у Расеі. Усеагульны пераход, дакладней разварот, на «360 градусаў», тлумачыцца, перш за ўсё, падзеньнем продажаў альбомаў — і, адпаведна, зьніжэньнем прыбыткаў.
Натуральна, што шукаюцца новыя схемы функцыянаваньня. Экспэрты лічаць, што ў хуткім часе адбудуцца істотныя зьмены ў структурных, прававых, тэхналягічных, спажывецкіх і геаграфічных аспэктах.
«Зялёная» музыка
У межах MIDEM таксама раздаюцца ганаровыя ўзнагароды ў розных музычных намінацыях. Упершыню была ўручаная MIDEM Green World Awards — так бы мовіць экалягічнаадказным перадавікам шоўбізу — Live Earth, The Roskilde Festival і The Paluo Festival Nyon. Такім чынам быў адзначаны іх унёсак у барацьбу са зьменаю клімата.
Падавалася б, што музыка — сфэра зусім далёкая ад экалёгіі. Але ўвядзеньне «зялёнай прэміі» буйнейшым музычным форумам — гэта ўжо тэндэнцыя. Пацьверджаньне якой, напрыклад, Том Ёрк — лідэр Radiohead: ён вырашыў уступіць у вайну з кліматычнымі зьменамі, а дакладней, тымі, хто іх выклікае. Том актыўна выступае за павышэньне экалягічнага падатку. А яшчэ Radiohead не выступіць на буйным фэстывалі Глястанбэры, бо там не выконваюцца экалягічныя стандарты: цягніком не даедзеш, а нашэсьце аўтамабіляў — проста экалягічная катастрофа для мястэчка.
Удзельнікі MIDEM
Арганізатары MIDEM, якая праводзіцца з 1996, заўважаюць, што такога высокага попыту на музыку яшчэ не было: каля 10 000 удзельнікаў з амаль 90 краін.
Найбольшую зацікаўленасьць з боку наведвальнікаў выклікалі стэнды Кітаю, Славеніі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Фінляндыі і Францыі — у падрыхтоўцы гэтых краін да выставы істотную дапамогу аказалі іх урады.
Беларусь была прадстаўленая кампаніяй VIGMA.