Ну які Глястанбэры без дажджу?

«Ну які Глястанбэры без дажджу?» - кажуць сталыя наведвальнікі. Сёньня, пасьля году перапынку,  на легендарны ангельскі фэстываль Glastonbury з усяго сьвету сьцягваюцца дзесяткі, а мо і сотні тысяч аматараў маладзёвай культуры ва ўсіх яе формах і праяўленьнях.  

Лета – традыцыйная пара фэстаў на адкрытым паветры. Прыгожыя ды загарэлыя, людзі таньчаць пад сонейкам, валяюцца на траўцы ды купаюцца ў бліжэйшых вадаёмах. Гэта – у ідэале. Як сьведчыць досьвед беларускіх open-airs, без парасонаў ды шалікаў на адкрытым паветры прыйдзецца цяжка. Нават любімыя гурты не заўсёды грэюць. Будзем спадзявацца, сонейка атрымае візу ў Польшчу і Басовішча не зал’е.

Не пашанцавала з надвор’ем тым, хто сёньня прыехаў на фэстываль Глястанбэры, у мястэчка Авалён, што ў Брытаніі. Але дожджык проста няздольны сапсаваць такую імпрэзу!

Галоўная мэта Глястанбэры – стымуляваць разьвіцьцё маладзёвай культуры з усіх куткоў сьвету і ў любых формах: поп-музыка, танцавальная музыка, джаз, фольк, аматарскі тэатар, драма, міміка, цырк, кіно, паэзія і ўсе крэатыўныя праяўленьні мастацтва і дызайну.

Фэстываль праходзіць у зялёнай зоне, дэманструючы ўжываньне тэхналёгій, якія не шкодзяць навакольнаму асяродзьдзю. Гэта – форум для абмеркаваньня сацыяльных, экалягічных ды маральных пытаньняў. Прыбытак ад правядзеньня фэстывалю разьмяркоўваецца між Greenpeace, Oxfam, Water Aid і мясцовымі дабрачыннымі арганізацыямі.

Пасьля года перапынку (арганізатары вырашылі даць адпачыць каровам з навакольных фэрмаў), 22 чэрвеня Глястанбэры зноўку сустракае гасьцей! Закрыцьцё фэсту – у нядзелю. Праграма гэтага году вельмі насычаная – асноўныя выступы, плюс безьліч малых сцэн. Можна будзе пачуць The Killers, Bjork, Iggy And The Stooges, The Chemical Brothers, Mika, Fat Boy Slim, Vitalic – нават не хапае цярплівасьці дачытаць сьпіс удзельнікаў да канца!

Першы фэст адбыўся ў 1970, адразу пасьля сьмерці Джыма Хэндрыкса. Гэта быў блюз-фэстываль, на якім сабралося 1500 чалавек. Кошт квітка складаў усяго даляр, плюс можна было пачаставацца хатнім малаком. Выступалі Marc Bolan, Keith Christmas, Stackridge, Al Stewart. Глястанбэры стартаваў вельмі пасьпяхова, ужо на наступны год яго называлі «а-ля Вудсток». Канцэпцыя фэсту была распрацавана людзьмі, якія лічылі ўсе астанія фэстывалі надта камэрцыйнымі. Таму вольны ўваход быў абавязковай умовай. Дзеля музыкі, танцаў, паэзіі і тэатру ў традыцыях Сярэднявечча ў адным месцы сабраліся 12 000 чалавек! Таксама ў той год была збудавана традыцыйная для фэсту сцэна – у форме піраміды.

Наступнымі гадамі квіткі сталі платнымі, а атрыманыя грошы ішлі на дабрачыннасьць. І кожны фэст закранаў якую-небудзь грамадзка-сацыяльную праблему, напрыклад, супраціў ядзернаму ўзбраеньню. З часам кіраўніцтва фэсту атрымала ліцэнзію, пачала стварацца інфраструктура. У 1990 на Глястанбэры сабраліся 70 000 чалавек! Дваццатыя ўгодкі фэсту, аднак, скончыліся зусім не ўрачыста – арыштам 235 чалавек і шкодай у 50 000 фунтаў. Сярод такой вялікай колькасьці людзей, зразумела, былі не толькі аматары мастацтва, але і хуліганы, што счапіліся з аховай ды абрабавалі фэст.

У 2005 людзі літаральна плавалі – за адзін дзень ападкаў выпала як за два месяцы. Але напрыканцы фэсту, які доўжыўся з 24 па 26 чэрвеня, сонейка ўсё ж з’явілася. Лёзунг Глястанбэры 2005 – «Зрабі беднасьць гісторыяй». На дабрачыннасьць было сабрана 1 350 000 фунтаў, а квіточкі на мерапрыемствы фэсту былі раскуплены за тры гадзіны 153 тысячамі гасьцей! Сярод многіх іншых, выступалі Basement Jaxx, White Stripes Coldplay, James Blunt, Baaba Maal, Babyshambles, The Killers, Steve Harley and Cockney Rebel, Ska Cubano,  Elvis Costello, Taj Mahal & Royksopp.

Увогуле, гісторыя Глястэнбэры вельмі насычаная – кожны фэст быў чымсьці адметны. Магчыма, гэтым годам пад піраміднай сцэнай будуць таньчыць людзі, чые бацькі пазнаёміліся 37 год таму, на першым Глястэнбэры. І гэта проста неверагодна, калі ёсьць такія легендарныя фэсты, патрапіць на якія толькі і застаецца, што марыць.

SlaDa 20:00, 22/06/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0635 seconds.