Беларускую мову - з Днём роднай мовы!

21 лютага ўжо дзевяць год сьвет адзначае Дзень роднай мовы. І хаця пакуль беларускай мовы не чуваць у дзіцячым гомане, у штодзённым жыцьці гарадоў і шмат якіх вёсак, сёньня менавіта ейны дзень!

 

Беларускамоўныя сябры Generation.by падзяліліся з намі тымі стэрэатыпамі, зь якімі яны сутыкаюцца ў штодзённым жыцьці. Найчасьцей беларускамоўным задаюць наступныя пытаньні: 

«Ты чё, з деревни? БНФовец? С педа/истфака? Что выпендриваешься? Вы из Украины? Я по-польски не понимаю! Что за прикол?». 

На шчасьце, большасьць беларускамоўных маладых людзей заўважае, што з цягам часу стаўленьне да мовы і да тых, хто на ёй размаўляе, становіцца лепей: усё радзей задаюцца вышэйпералічаныя пытаньні, на цябе не глядзяць як на дзіва дзіўнае, больш таго — незнаёмыя людзі самі пачынаюць гутарку, дзеляцца сваімі меркаваньнямі — і, што прыемна, дзякуюць тым, хто захоўвае мову.

У рэстарацыях ужо не зьдзіўляюцца «гарбаце», у некаторых прызвычаіліся нават да «філіжанкі кавы з цукрам і вяршкамі». У фірмовых крамах можна сустрэць дзяўчат, якія абмяркоўваць апошнія навіны сьвету моды, выбіраючы «спадніцы, сукенкі ці станікі». Некаторыя нават лічаць беларускую мову «глямурнаю».

У інтэрв’ю БелаПАН старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны» Алег Трусаў назваў «супярэчлівым стан беларускай мовы ў краіне ў пачатку ХХІ стагодзьдзя».

Беларуская мова перабіраецца зь вёсак у гарады, становіцца сродкам камунікацыі інтэлігенцыі, людзей мастацтва, моладзі. Што хто прыходзіць да мовы ў студэнцкія гады. Але лічыцца, што пасьля атрыманьня дыплёму, калі ты не выкладчык, не гісторык і не філёляг, знайсьці працу і размаўляць па-беларуску будзе немагчыма.

Воля Вітушка — не выключэньне з правілаў, а адзін з шматлікіх прыкладаў таго, што жаданьне размаўляць па-беларуску ня шкодзіць кар’еры. Воля працуе ў аддзеле кіраваньня спажывецкага маркетынгу беларускага аддзяленьня British American Tobacco.

«Я не заўважыла, як адбыўся гэты пераход да ўспрыманьня мяне як заўжды беларускамоўнай. Але гэта стала надзвычай натуральна і лёгка.

Але, дадам, што ў многіх людзей бізнэс-размовы па-беларуску выклікаюць цяжкасьці ўспрыманьня. Ім часта шкада часу, каб высьвятляць незразумелыя словы. У сваю чаргу на карысьць справы я не хачу напружваць калегаў і часам на перамовах саступаю. Але жыцьцёвая беларускамоўнасьць са мной заўсёды. На працы гэта мая візытоўка, пасьля працы — мой заўсёдны рэлакс і крыніца прыгажосьці:-)».

Ня можа ня радаваць носьбітаў беларускай мовы і высокі інтарэс з боку замежнікаў. На беларускую мову перайшоў шэраг амбасадаў замежных краін. Іншаземныя студэнты прыяжджаюць на Беларусь ня толькі каб папрактыкавацца ў расейскай, але каб пазнаёміцца з беларускай.

Важкі ўнёсак у разьвіцьцё роднай мовы робіць культура, і ў прыватнасьці музыка. Марцін Полэць — польскі журналіст, сябра журы «Басовішча», галоўны рэдактар музычнага часопісу «PrоRock» самастойна вывучыў беларускую мову захапіўшыся нашым рокам. Марцін пакуль аніводнага разу ня быў у Менску, але ягоная кватэра ў Варшаве — месца добравядомае шмат каму зь беларускіх музыкаў.

Сёньня Марцін сьвяткуе Дзень сваёй роднай мовы - польскай. Разважаньнямі над прыродай і прызначэньнем мовы ён дзеліцца з Generation.by:

«Мова — гэта ня толькі інструмэнт камунікацыі паміж людзьмі, але і спосаб стварэньня і выразу нашых думак. Ад мовы залежыць, як мы разумеем большасьць спраў, сытуацый. Прывяду адзін абстрактны прыклад гэтай залежнасьці: у некаторых афрыканскіх плямёнаў слова „чалавек“ мае значэньне „сябра племені“. Таму есьці людзей ня было для іх забойствам: калі хтосьці пакідаў племя, ён адначасова пераставаў быць „чалавекам“. Канешне, гэта не звычайны прыклад і вельмі забаўны (ну, можа, не для ахвяр канібалізму і іх сям’і), але, на мой погляд, добры, каб паказаць, як нашая мова ўзьдзейнічае на наш спосаб мысьленьня;)»

Колькасьць беларускамоўных расьце, усё больш дзяцей называюць беларускімі імёнамі, беларускамоўныя гурты граюць якасную і разнастайную музыку, на беларускую мову перакладаюць фільмы і кніжкі. Дарэчы, яшчэ можна пасьпець на фэстываль швэдзкага кіно: фільмы Бэргмана па-беларуску.

А галоўнае, што гэтай мовай ня проста карыстаецца, а жыве на ёй генерацыя маладых і актыўных людзей. Прычым, жыве паўнавартасна і весела:)

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0754 seconds.