Нечалавечае змаганьне з кіляграмамі

Верагодна, 2008 стане годам глябальнай барацьбы за нармалёвую вагу чалавека: Галівуд пакутуе ад анарэксіі, а звычайныя амэрыканцы — ад атлусьценьня. Праблемы з лішняй вагою, аднак, клапоцяць ня толькі жыхароў ЗША, але і нацыю — першую ў сьвеце па спажываньні бульбы. Апроч таго, гэтыя пытаньні тычацца ня толькі людзей: ад атлусьценьня нават жывёлы паміраюць. Таму замест таго, каб адсьвяткаваць Дзень аматараў бургераў — 15 лютага — у МакДональдсе, лепш прагуляцца, нават нягледзячы на суворае надвор’е.

 

Беларусы займаюць першае месца па спажываньні бульбы, не адмаўляюцца ад мяса, пра дыеты толькі чытаюць, у МакДональдс — як у рэстарацыю. Паліцы са «здаровымі прадуктамі» заціснутыя ў крамах у самы кут, дый выбар там небагаты: посныя хлябцы і цукеркі на фруктозе. На абед беларусы не сьпяшаюцца ў «Green way» (яго нават і няма), а дастаюць важкія канапкі.

Таму ўся гэтая гістэрыя заходніх краін са здаровым ладам жыцьця можа падацца дзіўнаватай. Але хочам мы таго ці не, але ў гэтым пытаньні мы рана ці позна выправімся за цывілізаваным сьветам.

Але гэта не перашкаджае нам адсьвяткаваць 15 лютага Дзень аматараў бургераў!

Дзень аматараў бургераў

Менавіта 15 лютага ў далёкім 1921 адчыніўся першы латок з бургерамі — White Castle. Адбылося гэта ў штаце Канзас. Астатняе — гэта ўжо гісторыя. Але за гэты час розныя чыз-, фіш- і гамбургеры сталі самым папулярным відам хуткага харчаваньня, зваяваўшы сталых аматараў па ўсім сьвеце. І хаця з фаст-фудам распачалася сапраўдная барацьба, ня кожны здолее прамяняць біг-мак на ёгурт.

 

Крыжовы паход на фаст-фуд

Геаграфія змаганьня з нездаровым харчаваньнем пашыраецца: асаблівую актыўнасьць праяўляюць у краінах спажывецкага грамадзтва.

Напрыклад, у Вялікабрытаніі напачатку году забаранілі рэкляму шкодных прадуктаў харчаваньня падчас праграмаў для падлеткаў. Падобныя забароны сталеюць: яшчэ ў красавіку 2007 рэкляма нездаровай ежы была забароненая падчас трансляцыі тэлепраграм для дзяцей ад 7 да 9 год. Гэта стала ініцыятывай брытанскага кантралюючага органа Ofcom, што разам з грамадзкасьцю занепакоены праблемаю дзіцячага і падлеткавага затлусьценьня.

У барацьбе з атлусьценьнем брытанскі ўрад перайшоў ад нарматыўных рычагоў да эканамічных: у абмен на пахудзеньне брытанцаў будуць чакаць бясплатныя талёны на «здаровыя прадукты», а таксама невялікія грашовыя выплаты.

Гэта ёсьць адной з прапановаў, прадстаўленых у дакладзе па праблемах барацьбы з атлусьценьнем, што быў падрыхтаваны па замове брытанскага ўраду.

На дадзены момант клінічныя прыкметы атлусьценьня прысутнічаюць у кожнага пятага дзіцяці і кожнага трэцяга дарослага ў Вялікабрытаніі. Па прагнозах, да 2050 эпідэмія атлусьценьня можа ахапіць да 60% насельніцтва краіны.

Сярод іншых рэкамэндацый, апроч грашовага заахвочваньня, — узмацненьне прапаганды здаровага ладу жыцьця, удасканаленьню дадатковых роварных маршрутаў, павелічэньне колькасьці заняткаў па фізкультуры, увядзеньне абавязковых урокаў здаровага харчаваньня ў школах.

У межах апошняга, брытанскія школьнікі будуць наведваць штосьці кшталту нашых «трудоў» для дзяўчат — на занятках іх навучаць, як гатаваць розныя стравы.

Але асноўная барацьба супраць лішніх кіляграмаў прыходзіцца на іншы кантынэнт — у ЗША атлусьценьне стала нацыянальнай праблемай. Вобраз амэрыканца моцна зьнітаваны з бургерамі і кока-колай.

Навукоўцы папярэджваюць — пераезд у Штаты вядзе ў большасьці выпадкаў да атлусьценьня. Вельмі цяжка захоўваць форму на радзіме фаст-фуду. Таму шэраг мераў, якімі змагаюцца супраць масавага атлусьценьня грамадзтва, зьдзіўляе сваёй стракатасьцю.

Так, ужо даўна актыўна выкарыстоўваецца матэрыяльнае заахвочваньне пахудзець. А з 31 сакавіка набудуць моц новыя правілы, згодна якім уладальнікі сецяў хуткага харчаваньня будуць абавязаныя пазначаць у мэню калярыйнасьць страваў.

Больш таго, 1 лютага заканадаўцы штату Місісіпі прапанавалі законапраект, згодна якому рэстарацыям забараняецца абслугоўваць надта тлустых кліентаў, у адваротным выпадку іх чакае штраф. Законапраект наўрад ці пройдзе, але такая ініцыятыва ілюструе, якой адчайнай можа быць барацьба за здароўе нацыі.

Па некаторых адзнаках, у асобных раёнах Нью-Ёрку ад атлусьценьня пакутуюць дзьве траціны дарослага насельніцтва.

Браты нашыя няменшыя

Але, як адзначалася вышэй, людзі даводзяць да такога стану ня толькі сябе, яле і жывёл: хатніх і дзікіх.

Зусім жудасная гісторыя здарылася з вавёркамі Палтавы: іх закармілі да сьмерці. Зараз у парках гэтага ўкраінскага гораду не засталося гэтых мілых жывёлак. Апошнія памерлі ад чыпсаў і сухарыкаў. Кожная новая вавёрка абыходзіцца гарадзкому бюджэту ў 200 даляраў — агулам на засяленьне паркаў сышло як мінімум дзьве тысячы даляраў.

 

А напачатку году актывісты брытанскага Каралеўскага аб’яднаньня па барацьбе з жорсткім стаўленьнем да жывёл (The Royal Society for the Prevention of Cruelty Animals, RSPCA) заўважылі ненатуральна тлустага лабрадора. Сабаку па мянушцы Расьці гаспадары не маглі ня ў чым адмовіць — і дакармілі да 74 кг! Лабрадоры — сабакі, сьхільныя да атлусьценьня, але не да такой жа ступені.

Актывісты Аб’яднаньня забралі Расьці ў гаспадароў і падалі на іх у суд, які пастанавіў аштрафаваць гаспадароў на 250 фунтаў, а сабака перадаць пад апеку спэцыялістаў. У выніку Расьці схуднеў у два разы — да нармальнай вагі для лабрадораў: 35 кіляграм.

Беларусь вялікая

На шчасьце жывёл і птушак, беларусы не сьпяшаюцца дзяліцца зь імі кіўбасой і закускаю да піва: па вуліцах усё яшчэ бегаюць сабакі «скура ды косьці», на сьметніцах выюць галодныя каты, а на прыпынках мерзнуць худыя галубы. А галоўнае, у парках раз-пораз дый праскочыць вавёрка.

Аднак больш за чвэрць беларусаў маюць лішнюю вагу. Сярод жыхароў гарадоў ва ўзросьце 40–60 год лічба перабольшвае 50%.

Асноўныя прычыны такія ж, як і ва ўсім сьвеце: няправільнае харчаваньне і недастатковая фізычная актыўнасьць. І хаця прычыны аднолькавыя, падыход да праблемы і змаганьне зь ёй — розныя. Хочацца верыць, што сытуацыя зьменіцца, паколькі 2008 быў абвешчаны ў Беларусі годам здароўя.

Перад тым, як смачна павячэраць смажанай бульбачкай або дранікамі, варта палічыць свой індэкс масы цела: вага ў кіляграмах дзеліцца на рост у мэтрах, узьведзены ў квадрат.

Калі індэкс ад 18,5 да 25 — гэта нармалёвая вага, ад 25 да 29 — лішняя маса, 29 і вышэй — атлусьценьне.

І яшчэ раз — усіх з Днём аматараў бургераў!

SlaDa 19:13, 15/02/2008 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0639 seconds.