Анатоль Мяльгуй: «Рассылаю гуртам падборку пра „эма“, каб не адставалі ад сучасных тэндэнцый»

Ён заве сябе музычным аналітыкам і ў пяцьдзесят па-ранейшаму хварэе на рок. А колісь працаваў на заводзе і вучыўся ў палітэху. У 1985-м быў сярод усесаюзных пераможцаў конкурса на лепшага рок-знаўцу і заснаваў рок-клюб. Зараз Мяльгуй слухае Muse і робіць падборкі музыкі «эма». Усё ў інтэрвію.

 

Як прыйшоў да музыкі

Шалёна даўно, у 80-я, калі кніжку «222 альбомы беларускага року» Анатоля Мяльгуя і Вітаўта Мартыненкі, Крамбамбулю ды cd, немажліва было і прадказаць, Толя служыў у войску ва Ўкраіне. Там і пачуў аднойчы, як інтарнацыянальная брыгада вайскоўцаў абмяркоўваюць «Песьняроў». Так цяперашні журналіст Мяльгуй прыйшоў да музыкі. Вярнуўшыся з войска, пачаў тусавацца ля Дома грамплястынак на Казлова. Там моладзь імпэтна абменьвалася музыкай.

Аднак у жыцьці Анатоля ўсё было ня так, як трэба: палітэх, і матэматыка нядужа прыязная, і пошукі, і няўпэўненасьць. Знаёмства з журналістам Мартыненкам сталася лёсавырашальным.

«Я заўважыў, што Вітаўт можа зрабіць для музыкі больш, чым я. Бо я рабочы, а ён журналіст. Паступіў на журфак — і усё ў маім жыцьці стабілізавалася, зьнікла былая разгубленасьць», — кажа ўжо ўпэўнены ў сабе дзядзька Мяльгуй, які летась адсьвяткаваў сваё 50-годьдзе. 

А пачалося ўсё са стварэньня суполкі аматараў рок-музыкі імя Высоцкага: «Мы вырашылі, што будзем абараняць рок-музыку ўсімі магчымымі сродкамі!»

Дарэчы, плённае сяброўства ў Вітаўта й Анатоля валодае вось якой займальнасьцю: яны «амаль што сваякі». Маці Мартыненкі мела прозьвішча Мяльгуй, бо паходзяць з аднаго роду, але разьдзеленага па рэлігійнай прыкмеце на дзьве часткі.

У 1985 годзе часопіс «Студэнцкі мерэдыян» абвясьціў конкурс на лепшых знаўцаў рок-музыкі. «І я напісаў туды сваю працу, памерам з дыплёмную. Стаў адным з дзесяці пераможцаў з усяго Саюза!»

Гэткая радасьць натхніла Анатоля на стварэньня ў 1986 годзе рок-клюба:

«Мы знайшлі з Мартыненкам ужо шмат выканаўцаў рок-музыкі: Блізьняты, Бонда, Мроя, Магістрат — першы мэталёвы гурт у Беларусі. Я, як пераможца ўсесаюзнага конкурса, стаў старшынём. А назвалі рок-клюб „Няміга“ — падземная рака, якую мы будзем выводзіць да слухачоў».

Тлумачыў КГБ каштоўнасьці нацыянальнай культуры

«Рабілі рок-клюб праз ЦК ВЛКСМ. У беларускіх умовах выйсьці на яго было вельмі цяжка, але гэта быў самы верх. Мы былі вымушаныя і хітраваць, і ісьці на пралом. Былі вымушаныя быць і дыпляматамі, і змагарамі адначасова

Рок-клюб складаўся з 4–5 камандаў, колькасьць якіх увесь час пашыралася. Першы канцэрт адбыўся ў Палацы чыгуначнікаў. Да нас ставіліся добра, але ня ўсе. Баяліся антысавецкіх выступаў. Тым больш, Бонда, Мроя, Магістрат, Блізьняты былі гуртамі беларускамоўнымі, што стала тады сапраўдным пераваротам у сьвядомасьці».

Таму, калі Мяльгуя выклікалі на допыты ў КГБ, ён гадзінамі тлумачыў каштоўнасьці нацыянальнай культуры. А калі Міністэрства культуры патрабавала тэксты гуртоў на зацьвярджэнне, то тлумачыліся ўжо асновы беларускай стылістыкі.

«Вітаўт Мартыненка працаваў тады на газэту „Чырвоная зьмена“ і шмат пісаў пра беларускія гурты. Тыя публікацыі сталіся своеасаблівымі пасьведчаньнямі аб дазволе на дзейнасьць для гэтых каманд, бо газэта была друкаваным ворганам камсамола».

Апагеем дзейнасьці клюбу стала правядзеньне першых фэстываляў рок-музыкі ў Беларусі «Тры колеры».

Асноўнымі хэдлайнэрамі першых «Трох колераў» 1986 года былі Бонда, Менск, Магістрат.

«Гурты вельмі розныя, што і выклікала жаданьне адлюстраваць гэты кантраст у назьве фэстывалю. Канцэрт прайшоў вельмі ўдала, два дні мы зьбіралі поўную залю. У першы дзень нечакана вырубіўся дынамік, але заля ўсё роўна чакала паўтары гадзіны выступу беларускіх гуртоў, пакуль музыкі Сузор’я ня выратавалі становішча і фэстываль.»

«Мрою» шкада

«Адно было шкада, што Мроя не выступіла на „Тры колеры-1“, усе ўдзельнікі якой, акрамя Юрася Ляўкова, сышлі ў войска». Але праз два гады правялі «Тры колеры-2», на якім Мроя фактычна ператварылася ў галоўную рок-каманду Беларусі.

«У клюбе „Няміга“ пачаліся сваркі паміж рускамоўнымі і беларускамоўнымі выканаўцамі. Я хоць і быў прыхільнік беларускамоўных выканаўцаў, але імкнуўся дагадзіць і тым і тым, але гэта не надта атрымлівалася. Накацілася вялікая стома і я адмовіўся ад прадусарства канцэртаў клюба і яго дзейнасьць паступова прыпынілася».

Адзін з актывістаў рок-клюбу Уладзімер Зайчанка падхапіў ініцыятыву і правёў трэці фэстываль «Тры колеры-3» у 1990 годзе.

«Сярод выступоўцаў былі самыя розныя гурты. Напрыклад, упершыню на сцэне там выступіў гурт «Ляпіс Трубецкой». Паступова ў Беларусі сталі зьяўляцца новыя цэнтры року. Рок-клюб ператварыўся ў рок-рух».

«Глабусятнік» і «Сысятнік»

Дзялілася літмоладзь у тыя легендарныя часы на прыхільнікаў паэта Анатоля Сыса і будучага выдаўца Адама Глёбуса: «сысятнік» і «глабусятнік». Але і Сыс, і Глёбус былі людзьмі рок-тусоўкі.

«Аднойчы Сыс чытаў свае вершы. І было тое якраз у дзень, калі тэлебачаньне здымала кліп для Бонды ў Траецкім прадмесьці. Сыс паклікаў сваіх слухачоў прыняць удзел у здымках кліпа — атрымалася бясплатная масоўка! А на фэстывалі ­„Тры колеры“ паміж „глабусятнікам“ і „сысятнікам“ ладзілася пераклічка».

«Мы не рускі рок»

Такі тэзіс зараз можа падацца элементарным, але ў канцы 80-ых музыкам ідэнтыфікаваць сябе было надта цяжка:

«Я трапіў на першую ўсесаюзную рок-канфэрэнцыю у Сьвярдлоўск, на якую прыехалі прадстаўнікі самых розных музычных рок-рухаў. І калі для ўдзельнікаў канфэрэнцыі я паставіў запісы нашых, беларускіх гуртоў, то ўсе зразумелі, што мы не рускі рок. Гэта надало мне імпэту і стала нашай невялікай перамогай. Але музыкі не асэнсоўвалі сваю значнасьць да канца.

Цяпер выдаць дыск нашмат лягчэй, чым тады. Мартыненка езьдзіў у Маскву і хадзіў на фірму „Мелодыя“ з просьбай выдаць плытку беларускіх рок-музыкаў. Мы пісалі шмат лістоў на гэту фірму, але ў выніку зьявілася толькі дзьве плыткі Ulis'а і Мроі. Была спроба запісаць плытку Бонды на мабільнай студыі „Мелодыі“, але запісы зьніклі і нідзе не выдаваліся».

Сталасьць — у радасьць

Маладосьць мяльгуйская была бурлівай, але і сталасьць — о-го-го!

«Ёсьць такая прымаўка: жывеш за кошт таго, што стварыў за першыя дваццаць год жыцьця. Але ўсё астатняе жыцьцё я імкнуўся аспрэчыць гэтую прымаўку. Імкнуўся жыць не за кошт таго, што было, а ствараць нешта іншае. І таму ўвесь час я маю кантакт з музыкамі, перш за ўсё праз інтэрвію.

Вельмі клясна, што я жыву менавіта ў гэты час. Вельмі цікавы, рамантычны, трагічны час! Такая бурная культурная дзейнасьць! У часы рок-клюба было значна меней мерапрыемстваў, не было руху. Людзі зараз гэтага не разумеюць, але потым будуць з настальгіяй прыгадваць „як мне тады надавалі па галаве“. Трэба лавіць гэты момант, гэта шчасьце!»

Мяльгуй стараецца пісаць ­пра ўсё-ўсё: «Я журналіст старой закалкі, калі дзе пабываў, то абавязаны напісаць! А яшчэ я ўпэўнены, што нельга зьнішчаць у музыках веру — гэта маё крэда». Цяпер Мяльгуй яшчэ і жж вядзе.

Не губляць стасункаў з маладосьцю Анатолю дапамагае сын:

«Ён цікавіцца ўсімі сучаснымі тэндэнцыямі, ад харкора да рэпа. А я ж таксама яшчэ не згубіў інтарэс да розных сучасных плыняў! У мяне вялікую сымпатыю выклікаюць такія гурты, як Muse. Цяпер я сабраў падборку пра напрамак „эма“, рассылаю яе гуртам, каб яны не адставалі ад сучасных тэндэнцый і правакую іх на новыя падыходы». ­­


Камэнтары праз FACEBOOK



 
In 0.0482 seconds.