Самыя незвычайныя істоты, створаныя чалавекам у 2007 годзе

2007 быў плённым для генэтыкаў. Выводзіць якіх анамальных пацукоў у засакрэчаных лябараторыях — больш не прывілея навукоўцаў. Генэтыкай цікавяцца студэнты, творчыя асобы і заводчыкі хатніх жывёл — і сьмела экспэрымэнтуюць з жывым матэрыялам.

Wired News абраў 10 новых арганізмаў, якіх не існавала ў прыродзе да 31 сьнежня 2006.

Калісьці генэтычныя экспэрымэнты можна было аднесьці на фантастыкі. Напрыклад, спроба стварыць двугаловага сабаку патрапіла ў сьпіс самых недарэчных экспэрымэнтаў.

Сёньня тое стала будзённасьцю: з зайздроснай (або трывожнай) пэрыядычнасьцю СМІ паведамляюць пра істотаў, якія зьявіліся высілкамі навуковага прагрэсу.

Нават у Беларусі ёсьць сваё цуд — трансгеннае казьлянё. Яго вывелі беларускія і расейскія навукоўцы, спалучыўшы ген жывёлы з чалавечым.

Па меркаваньні Wired News першага месца вартыя коткі пароды Ashera GD, выведзеныя кампаніяй Lifestyle Pets. Асаблівасьць ашэраў у іх гіпаалергеннасьці. Праўда, шмат хто папярхнецца, даведаўшыся кошт такой коткі — 27 тысяч даляраў. Аднак попыт на іх ужо складваецца. Толькі за сьнежань купілі 6 котак, тры зь іх адправіліся ў Расею. Наступным годам кампанія плянуе прапанаваць яшчэ адно незвычайнае стварэньне — котку, якая не расьце і заўсёды застаецца кацянём.

 

Студэнты Ўнівэрсытэта Альбэрты (Канада) патрапілі на другое месца. Хаця, мяркуем, за такое вынаходніцтва многія аддалі б ім усе ляўры. Вынікам студэнцкай працы стала бактэрыя, прадуктам жыцьцядзейнасьці якой зьяўляецца сьпірт.

Надышла чарга творчых асобаў. Расейскі мастак Дмітрый Булатаў, вядомы выкарыстаньнем біятэхналёгіяў у творчым працэсе, прадставіў на сваёй выставе адмыслова выведзеных флюарэсцэнтных апалонікаў, якія радавалі наведвальнікаў залёна-чырвоным зіхаценьнем.

 

Салата, якая вырабляе інсулін, у адрозьненьні ад флюарэсцэнтных апалонікаў, мае хаця б значэньне для чалавецтва. Дыябэтыкі замест непрыемнага ўколу інсуліну змогуць проста зьесьці колькі лісьцікаў латука.

Яшчэ большую карысьць чалавецтву прынясуць дрэвы, якія паглынаюць вуглякіслую газу. Паколькі пра глябальнае пацяпленьне не казаў у 2007 толькі лянівы, у гэтых дрэваў ужо бачаць панацэю ад канца сьвету.

Расьліны на шостым месцы — ізноў ратуюць чалавецтва. Гэтым разам — грыбы, якія вырабляюць вакцыну ад розных страшных хваробаў. Мала таго, што істотна, дык яшчэ і танна.

Коткі, па ўсяму, самыя прыдатныя для генэтычных пошукаў. Апалонікі апалонікамі, а котка неяк паістотней. Вось і вывелі катоў, якія ва ўльтрафіялеце сьвецяцца чырвоным колерам. Насамрэч, стварэньне навукоўцаў з Паўднёвай Карэі мае ня толькі мастацкую, але і навуковую каштоўнасьць. Справа ў тым, што UV-сьвячэньне можна дадаць да таго ці іншага гена. Таму пры нараджэньні наяўнасьць гэтага гена вельмі лёгка вызначыць — з дапамогай ультрафіялетавай лямпачкі.

 

Навукова-мэдычны сьвет актыўна шукае нехірургічныя шляхі барацьбы з ракавымі пухлінамі. Тым больш, што не ва ўсіх выпадках такое ўмяшальніцтва магчымае. Тут на дапамогу прыйдуць адмыслова выведзеныя бактэрыя, якая памнажаецца ў пухліне.

Мышка-шызафрэнік на перадапошнім месцы. Мадэляваньнем чалавечых хваробаў на жывёлах нікога ня зьдзівіш. Але ня ў дадзеным выпадку. Раней лічылася, што шызафрэнія ўласьцівая толькі чалавечаму розуму. Навукоўцы вылучылі ген, што адказвае за блякаваньне хваробы — і вывелі мыш без таго гену. У выніку ў грызуна назіраліся прыкметы псыхічнага разладжаньня.

На апошнім месцы ў дзесятцы ад Wired News генэтычна мадыфікаваныя дрожджы з дадаваньнем пацучынага гена і флюарэсцэнтнага пратэіну, якія сьвецяцца зялёным у непасрэднай блізасьці ад рэчыва, што ўваходзіць у склад дынаміту. Такія біясэнсары таньней і эфэктыўней, чым традыцыйныя сэнсары выбухоўкі.

Такім чынам, нават з гэтых некалькіх прыкладаў зразумела, што ў 2008 генэтыка пойдзе яшчэ далей. Можа лепей і ня думаць, наколькі.

­
SlaDa 17:10, 28/12/2007 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0751 seconds.