Усе грахі — ад эўрапейскіх жанчын

У выніку глябальнага дасьледаваньня генаў людзей з розных кантынэнтаў і краінаў, навукоўцы, падаецца, вынайшлі ген, які адказвае за схільнасьць чалавека да алькагалізму і наркаманіі. Асабліва моцна гэты няшчасны ген праяўляецца ў жанчын, якія маюць эўрапейскія карані. Дасьледаваньне можа цалкам зьмяніць погляды на праблему ўжываньня псыхатропных рэчываў.

Ген PKNOX2, які вынайшла група навукоўцаў з Ельскага і Прынстанскага ўнівэрсытэтаў пад кіраўніцтвам Хепіна Чжана, асабліва актыўны ў жанчын эўрапейскага паходжаньня і спрыяе падвышанаму ўжываньня імі алькаголю, наркотыкаў і паленьню цыгарэт.

Жанчына, якая паліць

Навукоўцы вывучылі генэтычныя дадзеныя 3627 чалавек, якія пакутуюць на алькагалізм і наркаманію. У выніку было выяўлена, што ў людзей, якія ўзмоцнена ўжываюць алькаголь і наркотыкі, актыўны ген PKNOX2. Навукоўцы адзначаюць, што гэты ген аднолькава праяўляецца ў адносінах да алькаголю, нікатыну і розных відаў наркотыкаў. Таму сказаць, што гэты ген асабліва моцна ўплывае на ўжываньне нейкага канкрэтнага псыхаактыўнага рэчыва, нельга.

Цікава, што ген PKNOX2 асабліва моцна праяўляецца ў жанчын, якія маюць эўрапейскія карані. Вядома, што арганізм жанчын хутчэй за мужчынскі прызвычайваецца да сьпіртнога. Тое ж, хутчэй за ўсё, адбываецца ў жанчын і ў дачыненьні да нікатыну і наркотыкаў. Дасьледчыкі мяркуюць, што ген PKNOX2 перадаецца ў спадчыну і таму чалавек ужо нараджаецца са схільнасьцю да ўжываньня алькаголю і наркотыкаў. Так што меркаваньне шэрагу людзей аб тым, што алькаголікамі не становяцца, а нараджаюцца, цалкам можа мець пад сабой рэальнае навуковае абгрунтаваньне.

Гены, якія спрыяюць ператварэньню шкодных звычак у сур’ёзныя заганы, даўно цікавяць навукоўцаў. За апошнія гады яны ўжо пасьпелі вынайсьці некалькі генаў, якія ўплываюць на тое, будзе чалавек заядлым курцом, альбо зусім ня будзе паліць. Напрыклад, адзін з варыянтаў гена CAMK4 уплывае на схільнасьць чалавека да нікатыну.

Аўтары дасьледаваньня лічаць, што для пошуку генетычных мэтадаў лячэньня людзей ад прыхільнасьці да «Зялёнага зьмея», неабходна працягваць разглядаць алькагалізм, курэньне і наркаманію як адзінае цэлае і правесьці новыя, яшчэ больш маштабныя дасьледаваньні генетычнага матэрыялу пацыентаў наркалягічных клінік. Гледзячы па ўсім, асабліва гэта тычыцца жанчын.

Паводле Gazeta.ru

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0606 seconds.