Малады беларускі рэпэр Vinsent пра сябе, пра музыку і футбол

Атрымаўшы на мэйл гэтае інтэрвію і глянуўшы фотаздымкі, мы яго пазналі. Малады і амбіцыйны Зьміцер Папко паміж рознымі справамі, сярод якіх і напісаньне матэрыялаў на Generation.by, яшчэ й рэпэрскі праект заснаваў паўгады таму. Хто такі рэпэр Vinsent і што пра жыцьцё думае? Чытаем у інтэрвію.

 

Чытае рэп па-беларуску, верыць у беларускі футбол, пра што і напісаў адну з песень, і ўжо абзавёўся ўласным сайтам.

Vinsent, распавядзі, як узьнікла ідэя стварэньня свайго рэп-праекту, што падштурхнула да таго, каб прысьвяціць сябе музыцы? 

Музыкай захапляўся заўсёды. У апошнія гады вельмі зацікавіўся рэпам, бо падабаецца рытм гэтага стылю. Спачатку паспрабаваў вершы пакласьці пад музыку, пабачыў, што ня надта, і пачаў пісаць сам, бяз фальшу. У суседзяў, напрыклад, палякаў, рух гіп-гоп вельмі разьвіты. У нас, беларускі, а тым больш беларускамоўны, рэп існуе толькі ў выкананьні адзінак. Нават калі слухаюць «Нестандартны варыянт», многія і ў нас і, тым больш, за мяжой ня ведаюць, што гэта — беларусы. Трэба зьмяняць сытуацыю. Беларуская мова для творчасьці пасуе, у расейскім рэпе ўсё прыдумана, у нас яшчэ амаль нічога няма. Паважаю Сярогу, ён не выракаецца таго, што беларус, хоць і чытае па-расейску

А чаму ты для сваёй творчасьці абраў менавіта рэп-стылістыку

У песьнях рэп-выканаўцаў шмат сэнсу, ды й многія рэпэры — лепшыя тэкставікі. Вельмі падабаецца беларускі рэп. Але я слухаю розную музыку, слухаю шмат клясыкі, люблю Баха. Мне прасьцей пісаць рэп-тэксты. Я на інструмэнтах ня граю, а рэп можна рабіць бязь іх, з дапамогай кампутара і адмысловых праграм. Раней і тэксты, і музыку рабіў сам, цяпер жа музыку мне піша хлопец з Канады DJ Caldyrx, ён беларускага паходжаньня, удзельнік «Згуртаваньня беларусаў Амэрыкі». Я яму дасылаю запісаны тэкст, ён на яго піша музыку, ці наадварот — ён музыку, а я ўжо раблю тэкст. 

Рэп — музыка чорных, але гэта таксама музыка супраціву й нязгоды. Увагу да якіх праблем ты хочаш падняць сваёй творчасьцю? Пра што ты чытаеш, што хочаш данесьці слухачам?

Я не спыняюся на адной пэўнай тэме. Але магу адрозьніць лірыку й грамадзянскую тэматыку. У нас шмат палітызаванай музыкі, але гэта вычарпалася. Я лічу, што музыка павінен займацца творчасьцю, а не палітыкай. А вось беларускую рэп-лірыку мала хто рабіў.

 

Рэп на беларускай мове — гэта спроба вылучыцца сярод іншых, мода ці сьвядомы выбар? 

Зразумела, сьвядомы выбар. Мне прасьцей пісаць па-беларуску, што я ні раблю, на мове выходзіць лепш, бо я яе люблю й добра ёю валодаю. Той, хто валодае мовай, — чалавек будучыні, да гэтага ўсё ідзе. Але рэп на беларускай мове — гэта таксама і спроба вылучыцца ды вялікае поле дзейнасьці. 

Паслухаў твае песьні. Можна зазначыць, што для дэбюту нядрэнна і даволі якасна. Якім чынам адбываўся запіс і дзе? 

Гук запісваў на адной зь менскіх студый. Для мяне было важна, каб зь першых запісаў паказаць высокі, якасны ўзровень. Таму запісвалі і зводзілі прафэсіяналы, я задаволены іх працай. Гэта лепш за нейкія хатнія спробы запісу на мікрафон ці падвальны варыянт. Якасны запіс заўжды лепш успрымаецца. 

Калі я сам нешта не магу зрабіць, то запрашаю сяброў ці прафэсіяналаў. Так было і зь песьняй «Менск-Парыж». Запрасіў сьпявачку Volyu PalyuShik, яна прыгожа прасьпявала па-француску, а я прачытаў свой тэкст. У яе цудоўны вакал, таму й сам працэс запісу быў вельмі прыемным, і песьня выйшла прыгожай, лірычнай, пра каханьне. 

Як часта за паўгады творчасьці табе даводзілася выступаць перад вялікай аўдыторыяй? 

Першым быў выступ у траўні гэтага году на «Дні беларускай мовы», які праходзіў на журфаку БДУ. Перад вельмі вялікай аўдыторыяй яшчэ не выступаў, але было некалькі гіп-гоп вечарынаў у менскіх клюбах, куды мяне запрашалі чытаць. Ды наагул я не хацеў асабліва лезьці на сцэну, пакуль мяне ніхто ня ведаў. Цяпер ёсьць сайт, запісаныя трэкі, ідзе пэўная прамоцыя, ды й сам я шмат чаму навучыўся, цяпер можна пачынаць больш актыўную канцэртную дзейнасьць. 

Як рэагуюць на твае беларускія тэксты? 

Гледзячы дзе. На сьвяце мовы адчувальна падтрымлівалі й ўспрымалі як належыць. Для звычайнай рэп-моладзі мае тэксты спачатку падаваліся дзіўнымі, потым іх пачыналі слухаць, яны падабаліся, многія казалі «дзякуй». Потым пыталіся: «Ты ў жыцьці таксама размаўляеш па-беларуску?» Для людзей гэта крыху дзіўна. Гэта добрая «фішка». Народ трэба зьдзіўляць, каб было цікава. 

Дзе можна пачуць твае запісы? 

Некалькі тыдняў таму адбылася прэзэнтацыя сайту vinsent.org. Цяпер я хачу, каб як мага больш людзей даведаліся пра маю творчасьць, таму мае першыя пяць трэкаў можна спампаваць бясплатна. Калі набярэцца дастаткова матэрыялу, панясу на лэйбл. 

 

Пачынаючы свой шлях, як рэп-выканаўца, якую ты ставіш перад сабою мэту? Чаго хочаш дасягнуць? 

У гіп-гопе прынята, што кожны рэпэр лічыць сябе найлепшым, № 1. Таму і мне хочацца быць найлепшым. Так, можа я гэтага і не дасягну, але чым вышэй ставіш плянку, тым вышэй скокнеш. Хочацца, каб мяне чулі, каб атрымлівалі асалоду. 

Я ня ведаю, што будзе далей. Калі мне не надакучыць рэп і гэта будзе трэба людзям — буду рабіць. Я малады, але сьвядомы і ведаю, што мне трэба ў жыцьці. Чалавек павінен пасьля сябе нешта пакінуць, я нешта пакіну і ў рэпе. 

«Наперад, Беларусь!» — песьня, прысьвечаная беларускаму футболу. Ты на самай справе верыш, што прыйдуць залатыя часы і для нашай зборнай? 

Надзея памірае апошняй. Тут справа вось у чым: нашыя пакуль што гуляюць дрэнна, але асабіста я веру ў каманду. У нас дрэнна разьвітая сама сфэра футболу. У ЗША, Заходняй Эўропе спорт — гэта шоў, усё для людзей. А ў нас на сьпінах футбалістаў нават прозьвішчы ня могуць напісаць. Няма заўзятарскай культуры. 

Я сам фанат і песьняй «Наперад, Беларусь!» хацеў выказаць падтрымку камандзе. Раней такога ў нас не было. Таму і песьня выйшла «ўра-патрыятычная», бо якімі б мы ні былі, трэба падтрымліваць сваіх. Мая песьня падтрымлівае заўзятарскі патрыятызм, можа, таму ў інтэрнэце яе ўжо называюць гімнам беларускай зборнай. Бо як я ўжо казаў — раней такога не было.

Фота Алеся Лойкі­­

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0654 seconds.