Дзень беларускай мовы на журфаку БДУ

17 траўня на факультэце журналістыкі БДУ праходзіла акцыя «Дзень беларускай мовы». Умовы простыя: кожны мусіў размаўляць па-беларуску. Гэта датычыла як студэнтаў, так і выкладчыкаў.

Па ўсім факультэце былі расклееныя плякаты з цытатамі выкладчыкаў пра беларускую мову і любімыя словы. Найбольш папулярнымі сталі словы «зьнічка», «пяшчота» і «каханьне». Адзін з фізрукоў сказаў: «Вось вы ведаеце, як на беларускай мове будзе «баскетбол»? Вы думаеце «баскетбол»? Ды не – «кошыкбол», таму што ангельскае «basket» па-беларуску  будзе «кошык»!»

Увечары была арганізавана беларуская імпрэза «Патэльня каханьня». Адкрывалі вечарыну рыцары старажытнымі танцамі. Потым выйшаў вядучы і ў залі адшукаў дзяўчыну, якую запрасіў правесьці зь ім канцэрт. На адной з калёнак стаяла сапраўдная патэльня :)

Дэкарацыямі для сцэны сталі газэты. Уся сцэна была ў газэтах, розных і ўсялякіх. Ну, журфак, усё ж такі.

Журфак заўсёды нараджаў новыя паэтычныя таленты. Глеб Лабадзенка, які вучыцца на трэцім курсе журфаку, ужо сёньня зьяўляецца даволі адметнай асобай у беларускай літаратуры і журналістыцы. Глеб чытаў свае вершы. А Яўген Валошын адразу граў песьні на вершы Лабадзенкі. Напрыклад, Umberta Eka. «Сьпіць мэтро, сьпяць дамы, і сядзім пад коўдрай мы…»

Паэт маладой хвалі Арцём Кавалеўскі таксама прачытаў свае пазытыўныя лірычныя вершы. Была на сцэне й маладая паэтка Віка Трэнас. Студэнтка Ася Паплаўская таксама выступала са сваімі вершамі.

Студэнты журфаку Юрась Ускоў і Павал Пяцько зайгралі песьню «Аксамітны летні вечар».

Таксама на імпрэзе быў заўважаны эксцэнтрычны бард Андрэй Бананаў. Закрываў шоў-праграму рэпэр Vinsent. Па яго прапанове заля скандавала спачатку «jour-fuck», а потым «hip-hop». Vincent прачытаў некалькі сваіх трэкаў, пасьля чаго залі былі прапанаваны ўрыўкі з «Крымінальнага чытва» па-беларуску.

Потым пачалася беларуская дыскатэка. Людзі з задавальненьнем таньчылі пад беларускія гіты. Думаю, DJ’і модных менскіх клюбаў з ахвотай успрымалі б публіку, якая б так каўбасілася” пад іх сэты.

«Трэба пачасьцей такое рабіць», - было чуваць з усіх бакоў напрыканцы. На што арганізатары паабяцалі, што будуць рабіць часьцей. У плянах рабіць сапраўднае шоў. Больш крэатыўных ідэй. І ўсё дзеля папулярызацыі беларускай мовы.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0616 seconds.