Адлічаны студэнт Зьміцер Жалезьнічэнка атрымаў перамогу ў судзе

Учора адмененае рашэньне суда аб адмове ў задавальненьні скаргі адлічанага з ГДУ Зьмітра Жалезьнічэнкі на дзеяньні адміністрацыі ВНУ. Такое рашэньне прыняла Гомельская абласная судовая калегія па грамадзянскіх справах. Цяпер Зьміцер чакае на новы разгляд справы ў раённым судзе і рыхтуецца да паступленьня — у войска яго не забіраюць.

­­­

Зьміцер Жалезьнічэнка быў адлічаны 7 верасьня з трэцяга курса матэматычнага факультэта. Афіцыйная прычына — «сыстэматычнае парушэньне правілаў унутранага распарадку». Хлопец зьяўляўся выдатнікам і меў сярэдні бал за апошнія чатыры сэмэстры не ніжэй за дзевяць, а ў бягучым сэмэстры не прапускаў заняткаў без паважлівай прычыны, як і не парушаў грамадзкі парадак.

Сам Зьміцер лічыць сваё адлічэньне палітычна матываваным. У Гомелі ён вядомы як актыўны ўдзельнік грамадзка-палітычных акцыяў, намесьнік старшыні Гомельскай «Моладзі БНФ» і краязнаўчай арганізацыі «Талака».

Адлічаны студэнт зьвярнуўся ў суд са скаргай на непра­вамоцныя дзеяньні адміністрацыі Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. Але 5 лістапада суд Цэнтральнага раёну Гомеля адмовіў у задавальненьні скаргі студэнта.

Сёньня ж Зьміцер адзначае чарговую перамогу і чакае на новы разгляд справы ў раённым судзе.

Як рапавёў Generation.by Зьміцер Жалезьнічэнка, настрой у яго бадзёры, хоць і лічыць, што «будуць цягнуць справу, пакуль у раённым судзе судзьдзі ня скончацца».

Зазвычай пасьля адлічэньня з ВНУ, хлопцаў чакаюць боты і войска. Зьміцер ужо і сам сабраўся: «Думаў у войска ісьці, так ня надта за далейшы лёс хваляваўся». У верасьні ён быў арыштаваны за брыдкаслоўе і непадпарадкаваньне міліцыі. З-за гэтых артыкулаў Зьмітра і не бяруць у войска:

«Рэкамэндацыя кіраўніка Генштабу — не браць з 17.1 ды 23.4 (артыкулы за дробнае хуліганства і непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі пры выкананьні службовых паўнамоцтваў). Я ажно напыжыўся ад радасьці, думаю — во, фігура. Сам кіраўнік генштабу — генэрал-лейтэнант мною цікавіцца. А падпалкоўнік сказаў, што гэта па ўсіх такі загад, не па мне толькі. Ён спытаў, што я такога рабіў. Я распавёў, як міліцыянт з машыну чуў, што я нібыта матам у падземцы лаяўся. Той кажа — «неверагодна!», я кажу — «ідзіце ў суд ды дакажыце».

Цяпер Зьміцер рыхтуецца да паступленьня наноў:

«Спадзявацца на нешта — ўдзел слабых. Я хачу сам сваім жыцьцём кіраваць, таму ўсе варыянты пралічваю.»

­­­
tarka 16:30, 14/12/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0611 seconds.